Зорка Венера над чорнаю хмарай
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (4 галасоў)

Я жыву ў невялікім зялёным і ўтульным гарадку Горкі, на ўсходзе Магілёўшчыны. I хоць мой куток не вельмі закранула чарнобыльская трагедыя, аднак я ведаю, што яна прынесла ўсім беларусам. Мне было чатыры гады, калі ўзарвалася атамная станцыя і насеяла гора на Беларусі. Няшчасце і боль пацярпеўшых я пачаў разумець крыху пазней, калі пайшоў у школу, навучыўся чытаць і пісаць, спяваць песні. Мой дзядуля паказваў мне карту забруджаных радыяцыяй раёнаў нашай вобласці і казаў, што адтуль выехалі тысячы людзей разам з дзецьмі.

У нашай гімназіі вучыцца дзяўчынка Алеся Барысенка. Яна разам з бацькамі жыла ў гарадскім пасёлку Камарын Брагінскага раёна за 32 кіламетры ад Чарнобыльскай станцыі. Калі адбыўся выбух, расказвала Алеся, яны з сястрычкай гулялі на вуліцы. Радыяцыя пайшла ў бок Беларусі і легла на іх пасёлак. Алесіна маці адразу пачала збіраць дзяўчынак у дарогу. I ў той самы дзень маленькіх дзяўчынак павезлі да бабулі ў Горкі, у чыстую зону — далей ад бяды, далей ад смерці. Ім пашанцавала. А сама маці вярнулася назад у Камарын, у чарнобыльскае пекла, да станцыі, якая сеяла радыяцыю; а з ёй невылечныя хваробы і смерць.

Алеся з сястрычкай жылі ў бабулі, але часта ўспаміналі маму і тату, пісалі пісьмы, каб хутчэй прыязджалі да іх. Алеся любіла, як маці гладзіла яе па галоўцы, люляла на руках і неяк ціха, аднымі вуснамі ўсміхалася. Пасля аварыі на станцыі мама стала ўсміхацца ўсё меней, а цяпер Алеся амаль зусім яе не бачыць. Збалелася дзіцячае сэрца.

Роўна год прабылі Алесіны бацькі ў чарнобыльскай зоне, а потым вырашылі адтуль з'ехаць у свет. У Грузіі жыла матчына сястра, і яны ўсёй сям'ёй паехалі туды. I зноў нібы святло вярнулася да іх, стала радасней жыць. Але так было нядоўга, бо новае гора насунулася чорнай хмарай. У Грузіі пачалася вайна. Сталі страляць, забіваць людзей, у тым ліку дзяцей. Усе жылі ў страху, слязах, баяліся выйсці на вуліцу. Алесіны тата і мама доўга такога вытрываць не маглі — сабраліся і прыехалі ў Горкі да бабулі. Тата ўладкаваўся на работу ў прыгарадны саўгас, яму далі пакой у інтэрнаце. Вось так і жывуць зараз гэтыя пакутныя людзі. Колькі яны нацярпеліся ў жыцці, а колькі перанеслі іх дзеці! Страцілі ўсё: дом, здароўе. Ды і цяпер, калі і хто дасць ім нармальнае жыццё?

Як аблегчыць пакуты гаротных людзей, як запаліць для іх хоць маленькую іскрынку святла? А можа, песня дапаможа ім хоць на хвіліначку забыцца на бяду. Аб гэтым мне думаецца, калі выходжу на сцэну і спяваю свае песні.

Як расказвае мая матуля, я стаў спяваць у паўтара года, калі нават яшчэ не ўмеў нармальна размаўляць. Потым у дзіцячым садку я ўдзельнічаў ва ўсіх ранішніках, дзе спявалі. Пасля паступіў у музычную школу. Мой выкладчык Аляксандр Іванавіч Башарымаў навучыў мяне спаважна адносіцца да музыкі, спеваў. Разам з ім я ездзіў на канцэрты ў Шклоў, Магілёў, Мінск, Наваполацк, Дрыбін. Прымаў удзел і ў Міжнародным конкурсе дзіцячай эстраднай песні ў горадзе Санкт-Пецярбургу, дзе адстойваў гонар нашай Беларусі. Заняў там другое месца.

Асаблівыя ўражанні і перажыванні засталіся ў мяне пасля дабрачыннага канцэрта для дзяцей-сірат і інвалідаў, дзяцей з мнагадзетных сем'яў і перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, які праходзіў у Мінску. Калі я спяваю, заўсёды ўкладваю ў песню ўсе свае сілы, усю душу. А тут стараўся спяваць з асаблівым пачуццём. Я бачыў гэтых дзяцей у зале і хацеў сваёй песняй прынесці ім радасць, надзею на лепшае. Я хачу, каб такіх канцэртаў было як мага больш. Абяздоленыя дзеці сэрцам дабрэюць у такія хвіліны. Акрамя таго, канцэрты збіраюць шмат грошай, якія ідуць гэтым дзецям на адзенне, ежу. Ім жа так цяжка жыць. Асабліва дзецям з чарнобыльскімі хваробамі. Як яны пакутуюць! Многіх і вылечыць немагчыма. А чаму здараюцца такія трагедыі? Хто ў іх вінаваты? Атам? Ці ўсё-такі дарослыя безадказныя людзі? Лёгка пасеяць гора на нашай зялёнай мірнай зямлі. Як жа цяжка яго сабраць назад!

Мне ўспамінаецца канцэрт на першым свяце беларускага пісьменства і друку, які праходзіў у Мінску. Там я спяваў песню "Зорка Венера". Калі скончыў, людзі вельмі доўга апладзіравалі. А калі я сышоў са сцэны, да мяне падышоў высокі сівы дзядзька і стаў ціскаць маю маленькую руку. Пры гэтым вельмі часта выціраў вочы, бо з іх капалі слёзы. Гэта быў паэт Ніл Гілевіч. Мяне ўразіла, што лірычная песня, якую мне асабліва падабаецца спяваць, выклікала ў яго такія пачуцці. Дык вось, калі я ўспамінаю той канцэрт, мне чамусьці мроіцца такая карціна: чорныя хмары, яны плывуць ад Чарнобыльскай станцыі і паступова запаланяюць усю прастору маёй роднай Беларусі. А над імі ўзыходзіць зорка Венера. I яе спагаднае, добрае святло прабіваецца праз хмары, яе промні даходзяць у кожны куток зямлі, запаўняюць сэрца кожнага чалавека. I ўсе, хто не бачыў нічога светлага і добрага з-за чарнобыльскай хмары, раптам пачынаюць распроствацца, пазіраць угору. А там няма ніякай чарнобыльскай хмары, толькі велічна гарыць у вечаровым небе зорка Венера. Мне вельмі і вельмі хацелася б, каб так было. Ведаю, што аб гэтым можна толькі марыць, але я зноў і зноў спяваю свае песні. А можа, ад гэтага людзям стане крышачку лягчэй і яны адыдуць ад гора.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь