Зорка Палын
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Аднойчы ўзышла над маёй краскай-Беларуссю чорная зорка Чарнобыля, цяжарам легла на душы, жудасным болем адбілася на тварах дзяцей. Восемдзесят шосты... Што ж ты зрабіў з маёй зямлёй пад белымі крыламі? Ці мала было табе, Божа, смяротных і жудасных званоў Хатыні? Ці мала палегла ў цяжкіх бітвах? Ці мала было нам Курапатаў? Што ж ты нарабіў, Божа? Чаму не падумаў пра таго, хто, як лісток, адарваны ад дрэва, жыве не ў родным кутку і нідзе няма яму шчасця, бо вецер часу падхапіў яго і гоніць па свеце.

Забытыя хаты, забытыя селішчы... Не, не забытыя! Тыя, хто пайшоў адтуль, хто чуў ці бачыў гэта, ніколі не забудзе счарнелыя хаты, чорную зямлю, сумныя твары, чорны, як перапалены вугаль, погляд, што западае ў душу чорным болем...

Што мне рабіць, Божа, каб ты быў з намі, каб не адварочваўся ад нас?

...Мне сніцца сон,
Ён жудасны і страшны,
Але забыцца нельга пра яго.

...Вось я стаю ля маленькая рачулкі, гляджу на старыя каржакаватыя дрэвы, на хаты, якія чарнеюць праваламі замест радасна бліскучых вачэй. Нікога... Толькі вецер нясе пыл па пустых вуліцах. Гляджу на неба — яно шэрае, цёмнае. Бяздонная цішыня. Ды раптам чуваць нейкія крыкі. Што тэта? I тут я здагадваюся: гэта душы чалавечыя. Яны, як тыя чайкі, стогнуць і плачуць, стогнуць і плачуць. I няма ім спакою, і няма спачынку, бо не могуць яны глядзець на сваю пакінутую хату, дзе жылі калісьці, дзе кахалі, працавалі, гадавалі дзетак...

Гэта толькі сон, супакойваю сябе прачнуўшыся. Ці толькі сон? Я збіраюся, іду ў школу, вывучаю фізіку, хімію, літаратуру, радыяцыйную бяспеку. Мне гавораць аб лейкеміі, "фатальных зыходах" і маўчаць аб трагедыі... I сапраўды, ці ёсць такія словы, каб яе апісаць? Прыйшоўшы дадому, кідаю партфель і іду ў парк, да ракі. Стаю на беразе Сожа, гляджу на хвалі і прыгадваю: "Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай убягае". Так, ніколі не вернецца той час, тая ціхамірная радасць, што была тады, да 86-га, да аварыі.

Я ўсё яшчэ спрабую адмежавацца ад сваіх уласных думак і іду ў бібліятэку. Прашу даць мне што-небудзь цікавае з новых кніг беларускіх паэтаў. Бібліятэкар падае мне... "Зорку Палын". Здагадаўшыся. што зноў не пазбегнуць цяжкіх думак, зашываюся ў самы далёкі і нябачны куток і чытаю. I плачу над лесам Алёшкі, які канае ад лейкеміі.

Зорка Палын... Здаецца, не так многа палыну на маёй зямлі, але ж ты ўзыходзіш на небасхіле, дадаўшы да ўсяго прысмак гаркаты, прысмак, якога не пазбыцца, пэўна, ніколі.

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая...

Смутку хапае. Але так бы хацелася мець хоць кроплю радасці мне і людзям маёй Беларусі!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць