Знак бяды
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (2 галасоў)

Мае дзед з бабуляй жылі ў вёсцы Рэчкі Веткаўскага раёна, жылі адны, бо дзеці, як тыя птушаняты, даўно разляцеліся з бацькоўскага гнязда. Толькі я, адзіная ўнучка, жывучы паблізу, наведвала іх кожныя святы, прыязджала і на вакацыі. Добра памятаю, колькі чуллівых слёз і радасці было ў старэчых бабуліных вачах, калі я з усмешкай на вуснах бегла ад аўтобуснага прыпынку да хаты.

Але ж ездзіла я не толькі таму, каб суцещыць старых, а хутчэй за ўсё таму, што сама нарадзілася ў вёсцы і да сямі гадоў пражыла тут — сярод палёў і лясоў, сярод свежага і чыстага паветра.

Наша вёска старажытная, бо, як казаў мне мой дзед, а яму — яго дзед, прыкладна ў 1590 годзе на тым месцы, дзе потым з'явілася яна, пасяліўся ксёндз, які ўцякаў ад інквізіцыі, таму і трапіў у гэтыя мясціны. Жыў ён спачатку адзін, гандляваў драбінамі, іншымі прыладамі гаспадаркі, якія сам і вырабляў. Прыкладна ў 1612 годзе ён пабудаваў касцёл. Пасля яго смерці касцёл перабудавалі ў праваслаўную царкву. Яе наведвалі людзі з трыццаці вёсак, бо паблізу ніякай іншай царквы не было.

Ішоў час, мянялася жыццё, і ў 1937 годзе царква была зруйнавана. А ці не гэта вытокі нашай агульнай бяды?..

Не ведаю, якім цудам, але ў нас захавалася ікона з гэтай царквы: старая, з невялічкімі расколінкамі, з адбіткам няўмольных гадоў, учарнелая, але з праніклівым абліччам і з нязгасным святлом мудрых вачэй Міколы Цудатворца.

Назва нашай вёскі была таксама невыпадковая. Паводле слоў дзеда, яна стаяла на невялічкім пагорку і абмывалася рэчкай Неімёнкай, рэчышча якой падзялілася, і атрымалася так, нібыта вёска знаходзіцца на востраве і абмываецца не адной, а дзвюма рэчкамі. Здавалася, быццам сама прырода зрабіла вакол вёскі гэта выратавальнае кола. Аднак новае жыццё зноў-такі ўнесла свае карэктывы. Прыйшлі меліяратары — немагчыма было ўратаваць рэчку, захаваць яе непаўторную прыгажосць, яе чысціню.

...Так, не аднойчы чыніўся здзек над гэтай зямлёю.

Шмат цікавага можна распавядаць пра нашу вёску. Быў у ёй панскі маёнтак, двухпавярховы, з высокімі калонамі. Урачыста ўзносіўся над паселішчам. Людзі казалі, што калісьці жыў у ім пан Бачок. Быў ён багаты, шмат дзе паездзіў, пабываў нават у Францыі. Там закахаўся ў адну красуню, запрасіў да сябе, але ж яна не захацела ехаць, сказала, што паедзе толькі тады, калі ён пабудуе незвычайнай прыгажосці палац. Пан пабудаваў яго, красуня прыехала, аднак не да спадобы прыйшоўся ён ёй — пакінула яна пана, а той, не вытрымаўшы гора, звар'яцеў...

I зноў жыццё перавярнулася: гэты прыгожы маёнтак, які аздабляў наваколле сваёй строгай веліччу, стаў непатрэбным новай уладзе, таму з яго зрабілі вінакурню. Цывілізаваным грамадствам гэта павінна ўспрымацца як дзікунства.

Мабыць, і сапраўды Бог пакараў людзей за тое, што яны не берагуць свае карані, сваю Бацькаўшчыну, а, наадварот, здзекуюцца з усяго гэтага.

З дакорам глядзяць на мяне вочы святога Міколы...

Калі ж людзям абвясцілі аб Чарнобылі, размовы пра гэта былі розныя. Не ведалі, а можа, проста не разумелі тады людзі, што бяда яшчэ пакажа сябе. Хоць і казалі па радыё і тэлевізары, што нельга ўжываць багата якія прадукты, ды хіба хто слухаў? Елі ўсё!

Толькі праз пэўны час сталі заўважаць, што памірае шмат людзей. Амаль кожны тыдзень каго-небудзь везлі на могілкі.

I ўсхамянулася, загула, быццам патрывожаны вулей, вёска: "А можа, і праўда нельга есці агуркі ды яйкі, можа, і сапраўды ў іх сядзяць тыя чортавы нукліды?"

Маці ўжо не так часта дазваляла мне наведваць бабулю з дзедам, але ж назусім не забараняла.

Недалёка ад вёскі была крынічка — сцюдзёная-сцюдзёная, з празрыстай, чысцюткай, нібы крышталь, вадою. Часам возьмеш невялічкі кавалачак хлеба, падыдзеш да яе, зачарпнеш рукою — ад холаду аж рука зоймецца — і пачнеш есці гэты хлеб з вадою. Здавалася тады, што няма ў свеце нічога найсмачнейшага, чым гэты хлебчык ды сцюдзёная крынічная вада.

Хоць і далёка было, але ж я марыла схадзіць разам з дзедам да легендарнага цар-дуба. Ды дзе там!.. Не паспелі.

У 1990 годзе выйшла пастанова аб высяленні з забруджанай зоны той вёскі, дзе жылі мае дзед і бабуля. За хату, за сад выплацілі трынаццаць тысяч.

Добра памятаю, што перад тым, як назаўжды пакінуць хату, бабуля бавілася ў ёй адна. Калі яна выйшла, на вачах былі слёзы. Але не адной ёй хацелася плакаць, а ўсім.

Восенню 1991 года дзед з бабуляй і мы пераехалі ў новую трохпакаёвую кватэру. Перш чым пераступіць яе парог, па звычаю, бабуля спачатку ўпусціла ката Максіма. У мітусні забыліся на яго, і ён незаўважна выбег. Потым бабуля з горыччу зазначыла, што гэта кепскі знак, знак будучай бяды. Маці заспакойвала яе, казала, што ў нас усё будзе добра.

Мая мудрая, разважлівая бабуля, на жаль, як у ваду глядзела. Бяда падкралася да нашай сям'і. Памерла бабуля, і пасля таго шмат што змянілася ў нас: маці не знаходзіла сабе месца, была як не свая, а дзед, здавалася, састарэў яшчэ больш, страціў прагу да жыцця.

Неяк восенню маці зайшла да мяне ў пакой і сказала: "А я табе яблыкі прынесла, не якія-небудзь, а нашы, рэчкаўскія! Паглядзі, якія цудоўныя!" I сапраўды, яблыкі былі такія хрусткія, салодкія, духмяныя, што на вочы набеглі слёзы радасці і суму адначасова — страчаны такі сад! Страчана вёска...

Ну што ж, калі людзі забудуць пра нашы Рэчкі, калі ніхто і ніколі не ўспомніць аб прыгажосці тых мясцін, — няхай застанецца памяць вось у гэтым сшытку, і, мабыць, мае ўнукі, праўнукі будуць разгортваць яго, чытаць і задумвацца над лёсам сваёй зямлі і свайго народа, над сваёй будучыняй.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь