Які свет іх чакае?
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

На зямлі — вясна. Абуджэнне ўсяго жывога: травінак, лісцікаў, пяшчотных першацветаў-красак... Пара надзей. I дзень нацыянальнай жалобы...

Чарнобыль — нацыянальнае бедства, якое трагічна паўплывала на лёсы соцень тысяч людзей. Хіба не так?

Боль наш — Чарнобыль. I не суцешыць яго калейдаскопам чароўных уражанняў ад аздараўленчых вандраванняў па свеце дзяцей з зоны, не суняць абяцаннямі ўрада аб увядзенні дадатковых кампенсацый насельніцтву (на справе мы, наадварот, бачым уразанне іх), не заспакоіць прагнозамі медыцынскай навукі і практыкі.

Восем гадоў — неўтаймавана трывожных, поўных разваг, надзей і сумненняў — перажыта намі, і ўсе яны — наша гістарычная быль, што ляжа ў спадчыну.

Цяпер я хачу расказаць пра тое, што мяне вельмі ўразіла.

Пад Санкт-Пецярбургам ёсць прыгарад з сумнай назвай — Пясочная. Чаму, спытаеце, сумнай? Там знаходзіцца буйнейшая клініка Інстытута анкалогіі.

З сумным настроем заўжды едуць у Пясочную людзі, каб наведаць сваякоў і сяброў.

А я ўспамінаю сустрэчы ў дзіцячым аддзяленні гэтай медыцынскай установы. У фае і калідорах пануе цішыня такая, што адразу разумееш: тут пасялілася бяда. Толькі нягучна шоргаюць тапачкі.

Мамы носяць сваіх хворых немаўлят на аналізы, на працэдуры, на апрамяненне. Не шуміць і панылая малеча. Медсёстрам не даводзіцца заклікаць дзятву да парадку. Гуляюць тут ціха, седзячы на канапе ў фае ці прысеўшы на ложак суседа. Усе дзеці (а ляжаць тут да пятнаццацігадовага ўзросту) разумеюць, што лячэнне — працэс адказны. I слухаюцца ўрачоў, дакладна выконваючы ўсе іх прадпісанні.

У Інстытут анкалогіі прывозяць хворых з розных куткоў былой вялікай краіны. Марына — ленінградка, Таня — кіяўлянка, Дзіма — з Гомельшчыны... Сюды іх сабралі, каб лячыць у лепшых урачоў, спецыялістаў па дзіцячай анкалогіі.

Кагосьці чакае аперацыя, кагосьці — апрамяненне альбо хіміятэрапія, у залежнасці ад характару і асаблівасцей хваробы.

Тут урачы не любяць высокіх слоў, не вымаўляюць іх, хаця па праву маглі б ганарыцца тым, што кожны год выратоўваюць дзецям сотні жыццяў. Але, на жаль, медыкі не чараўнікі, і не заўсёды ім удаюцца цуды. Вялікі працэнт і "лятальнага зыходу" — так у медыцыне называецца смерць.

Гэта здаецца жудасным і немагчымым, неверагодным — дзеці і смерць... Яны ж нічога не зрабілі, не паспелі вырасці нават. знайсці свае месца ў жыцці.

Чарнобыль... Дзверы туды, дзе няма нічога.

Што гэта? Старая фотахроніка ваенных часоў? Не, сучасная катастрофа.

I зямля за калючым дротам.
I вада, якую нельга піць.
I паветра, якім нельга дыхаць.

Бацькоўскі дом, урэшце, які трэба пакінуць назаўсёды.

Дзецям, якія нарадзіліся той страшнай вясной, споўнілася па восем гадоў. Які свет іх чакае?

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-