Як пуста ў гэтым доме...
Яшчэ не ацэнена

О, краіна шчасця, родная матулька,
О, краіна ясных, незабыўных дзён!
На шырокім свеце не знайду прытулку,
Не прывыкну сэрцам да чужых старон!

I сапраўды, наша краіна спрадвеку была родным кутком беларусаў. Кожны жыў на сваім месцы, марыў пра шчасце. Але ў 1986 годзе адбылася сусветная катастрофа і назва непрыкметнага гарадка Чарнобыль стала для ўсіх страшным словам, якое нясе боль і слёзы ў нашы сэрцы.

Усіх людзей з бліжэйшых да АЭС вёсак пачалі высяляць. З жалем у вачах пакідалі яны свае хаты і мусілі ехаць у чужыя мясціны. Яшчэ ніхто не ведаў, што можа нарабіць радыяцыя, але тут яны не маглі ўжыцца: не хапала ім чагосьці свайго, роднага. I толькі пасля таго, як пачалі хварэць на цяжкія, невылечныя хваробы, людзі зразумелі ўсю бяду, што напаткала іх радзіму. Многія не маглі змірыцца са стратай свайго мілага сэрцу краю.

...Як пуста ў гэтым доме.
Маркотна-безгалосым!..
Праходзяць міма людзі.
З іх клопатам, з іх лёсам.

Ідуць сяльчане міма.
Але ніхто не зверне
У гэты двор, да дома.
Дом не такі стары ўжо
I не такі ўжо новы.
Ды б’е па ім самота.
Як дождж цяжкі свінцовы.

Яна ж, самота, сее
Маркотныя сняжынкі:
Хто ў гэты дом пратопча
Па цаліку сцяжынку?

У часы маленства нашых бацькоў любімай іх гульнёй была "ў вайну". Ёй захапляліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Пасля аварыі на АЭС у дзяцей з’явілася новая гульня "ў бэры". Яны з захапленнем іграюць свае ролі. Дарослыя не забараняюць ім гэтага: што скажаш, калі сцэнарый і правілы спісаны з жыцця? Хоць знешне тут нічога не змянілася, усё ж вельмі востра адчуваецца тая нябачная мяжа, што падзяліла жыццё ў забруджаных мясцінах на два вымярэнні — "да" і "пасля" 26 красавіка 1986 года.

...Усе выехалі. "Мёртвая зона" абнесена калючым дротам. Непрыгодныя, забруджаныя землі. А раней кожны год яны давалі высокі ўраджай.

Пуста. Ды не... Вунь віецца шызы дымок з хат старых бабуляў і дзядуляў, якія засталіся на сваёй зямлі і не хочуць, не могуць ехаць з яе. Усё жыццё пражылі тут, а на старасць выязджай. Не, яны лепш дажывуць тут да сваёй апошняй гадзіны. I жывуць.

Пасля хімічнае праполкі
Не стала ў полі перапёлкі.
I песні "пець-палоць" яе
Цяпер нам гэтак нестае!

I сад загублены, і пчолка,
I плача вёсачка ў прыпол,
Што на спатканне перапёлку
Не кліча шэры перапёл.

Наша краіна выдзяляе шмат сродкаў на дапамогу людзям, што пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі. Ды сродкаў гэтых не хапае. Прысылаюць нам з-за мяжы гуманітарную дапамогу. У першую чаргу — лекі, медыцынскае абсталяванне. Ездзяць дзеці і за мяжу на адпачынак. Але гэта ўсё роўна не зробіць людзей шчаслівымі. Яны мараць вярнуцца назад у сваю старонку, у сваю хату.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь