Я стараюся быць вясёлай
Яшчэ не ацэнена

Чарнобыль... Многія не разумеюць, чаму пры гэтым слове ў некаторых на вочы набягаюць слёзы. Я таксама да нейкага часу не разумела.

Вынікі выбуху на ЧАЭС адбіваюцца на людзях і цяпер. Гэта розныя паталогіі і захворванні. Бяда не абмінула і мяне — я захварэла. Дыягназ: "Лімфома". Становішча цяжкае і сур'ёзнае — амаль прыгавор. У інстытуце, дзе я ляжала, шмат такіх. I ўсе змагаюцца за жыццё. Той, хто не перажыў падобнае, ніколі не зразумее, што такое жыццё.

За свае 16 год я зразумела адно — мы сталі жорсткімі. Часта бачым зламанае дрэўца, раскіданы мурашнік ці гняздо. Толькі некаторыя з нас не пройдуць міма. Так і наша жыццё: адных зламала хвароба, другіх лёс раскідаў па ўсёй
Беларусі.

Шмат матэрыялаў друкуецца пра жыццё ў небяспечных раёнах. Цяжка ўявіць сабе малюнак тых мясцін. Асабіста мне бачацца хаты, кінутыя гаспадарамі, агароды, зарослыя бур'яном, пакінутых жывёл. Адзінока скрыпяць дзверы, надрываючы сэрца. Вецярок варушыць лісце на галінах дрэў. I ніводнага чалавечага голасу. Цішыня. Жудасная цішыня вісіць над такімі вёскамі...

Страшна. I ўсё ж для многіх гэта рэальнасць, жыццё. Кожнаму запаў у сэрца і стаў дарагім той кавалак зямлі, дзе ён нарадзіўся. Многія ўжо ніколі больш не ўбачаць яго.

Чарнобыль прынёс людзям бяду, няшчасце, слёзы.

Да нядаўняга часу я толькі ляжала і, гледзячы на сонечныя плямкі на ложку, думала пра свой лёс, пра жыццё іншых людзей. Усім хочацца жыць. За апошні год я вастрэй адчула гэта. Са смерцю мы сутыкаемся паўсюль: сухі лісток, што ўпаў з галінкі, матылёк, які акалеў восенню... Некаторым смерць прыносіць, напэўна, доўгачаканы спакой. Ад нясцерпнага болю хворыя кідаюцца пад цягнік.

Мае суседзі па палаце кажуць: "Мы ўсе як родныя сёстры. Нават больш як родныя, бо іншы раз радня адварочваецца ад нас. А мы курс лячэння — тут, дома два тыдні — і зноў сюды". Пры гэтым жанчыны нявесела ўсміхаюцца. Колькі іх тут і старых, і маладых! Яны многае не кажуць мне, суцяшаюць, лічаць, чым менш я буду ведаць, тым лепш. Але я ўсё разумела: і чаму медсестры ў гумавых пальчатках на працэдурах, і чаму многія жанчыны ў хустках, хаця на дварэ лета. I шмат таго, што мне не гаварылі.

Вечарамі я ляжала і слухала, як у чыстым паветры маланкай праносяцца ластаўкі і стрыжы, шумяць дрэвы, усё жывое радуецца лету, сонцу, цяплу. Толькі я ляжала нерухома на бальнічным ложку з заплюшчанымі вачамі і ўпотай сцірала слёзы, якія каціліся па маіх шчоках, капалі на коўдру, пакідаючы вільготныя плямы... Я хацела жыць і ведала, што змагу выжыць. Я не брала на ўлік той час, тых шэсць месяцаў, што нікуды не выходзіла з кватэры, ні з кім не размаўляла, акрамя сям'і. Я нікому не гавару пра сваю бяду, пра той боль, што нечакана ўварваўся ў мае жыццё. Нікому і ніколі. Я не хачу спачування, якое часам бывае фальшывым. Я спраўлюся сама, бо інакш нельга. Няхай усе думаюць, што я ўсё тая ж вясёлая дзяўчынка-гарэза, якой заўсёды была. Я не хачу нічога мяняць.

Да вечара ў мяне шмат спраў: то школа, то хатнія заданні, то вяжу альбо чытаю. I толькі ўночы, калі ўсе спяць, я магу пагаварыць з сабою, падтрымаць сябе і крыху супакоіць. У мяне добрая сям'я, я вельмі люблю яе і не хачу, как мае родныя сумавалі. Я стараюся быць вясёлай, жартаваць, але не заўсёды атрымліваецца гэта. Я гляджу ў будучыню аптымістычна. Але як толькі апынуся ў ложку, да мяне наплываюць успаміны. I не заўсёды яны вясёлыя.

Я засынаю з верай, што заўтра будзе лепш, чым сёння. I ў сне я бачу свае шчаслівае дзяцінства, дзе мяне нішто не турбуе і дзе я магу, лёгка ўзмахнуўшы рукамі, нібы птушка крыламі, узляцець у неба і ўбачыць зверху нашу родную Беларусь з усёй яе прыгажосцю — зямлю, якую я люблю і буду любіць заўсёды.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-