Я шмат чаго перадумала
Яшчэ не ацэнена

Незразумелы і нябачны вораг. Вораг, які пакуль яшчэ не паказаў усю сваю страшэнную сілу, — Чарнобыль...

Я прыехала на Беларусь толькі ў 1988 годзе. Мой тата — ваеннаслужачы, таму даводзілася даволі часта пераязджаць з месца на месца. Жылі мы і на Далёкім Усходзе, і ў Прыбалтыцы, і на Украіне, і ў Грузіі. I вось — Беларусь. Гэты задуменны край спадабаўся мне адразу. Ціхая, сумная прыгажосць, сціпласць беларускай зямлі адразу закранулі маю душу. Я бачыла даволі многа: і гордыя скалы Каўказа, і халодныя хвалі Балтыкі, і казачныя лясы Прымор'я. Але Палессе... Яно адразу ж завалодвае ўсім сэрцам. Цішыня і спакой гэтай зямлі выклікаюць думкі аб сэнсе жыцця і аб вечнасці. Беларусь выклікае ў мяне асацыяцыю з прыгожай сінявокай дзяўчынай, якая ведае тое, што нельга зразумець іншым, і таму сумуе.

Лунінец — вельмі маляўнічы куточак, поўны хараства і спакою. А людзі! Мы нават не адчулі, што прыехалі ў незнаёмы горад, так добра ён нас сустрэў. I я палюбіла Лунінец, яго жыхароў. Усё здавалася чыстым, радасным, цудоўным, але... Тады, у пачатку 1988 года, амаль ніхто яшчэ не разумеў сапраўдных памераў чарнобыльскай трагедыі. Асэнсаванне прыходзіць цяпер.

У людзей ужо няма здароўя — таго, што з'яўляецца неабходнай умовай шчаслівага жыцця. Слабасць. Чаму на уроках фізкультуры мы не заўсёды здаём на 5 нарматывы, якія ў два разы ніжэйшыя за тыя, што здаюць у незабруджанай зоне? Чаму дзень, калі ў класе ўсе прысутнічаюць, ніхто не хварэе, лічыцца амаль святам?

Што датычыцца нашай сям'і, то і тут адчуваецца ўплыў катастрофы. I ў маці, і ў малодшага брата, і ў мяне ўжо ёсць цэлы шэраг хвароб, якія паявіліся за апошнія гады. Гэтай зімой мне давялося лячыцца ў Мінскай клініцы пры Інстытуце радыяцыйнай медыцыны. Я шмат чаго перадумала, шмат чаго зразумела і не магла ўцяміць, чаму гэта ў мае семнаццаць год я павінна праводзіць тыдні і тыдні ў бальніцы. Чаму гадамі карыстаюся лекамі?

Аднак, як бы часам цяжка ні было, жыццё працягваецца. I нельга апускаць рукі ды губляць надзею. Тым больш, што наша становішча на Брэстчыне яшчэ не самае кепскае. Колькі пакут выпала на долю жыхароў самога Чарнобыля і Гомельскай вобласці! Не дае спакою пытанне: за што ўсё гэта? За якія страшэнныя грахі расплачваюцца бязвінныя дзеці, а разам з імі і іх бацькі? Вінаватага таксама не знайсці. Вінавата ўсё грамадства. Яшчэ ў XV стагоддзі Джамі пісаў: "Бестурботнасць — прычына ўсялякіх бедстваў".

Мяне палохае будучыня. Робіцца страшна за сябе, за сваіх аднакласніц, за ўсіх знаёмых і незнаёмых. Менавіта наша пакаленне пакажа, як уздзейнічае радыяцыя. Мы падвопытныя. Не ўсе гэта разумеюць, ды, можа, так і лепш. Але ж мая маці — педыятр, яна працуе ў дзіцячым аддзяленні ЦРБ і часта лечыць нованароджаных. Дома яна часам расказвае аб жудасных здарэннях. Дзеці нараджаюцца без лёгкіх, з аднакамерным сэрцам, з іншымі мутацыямі. Аб захворваннях крыві я ўжо і не ўпамінаю.

Мы з усім звыкліся, але часам вочы на нечым спыняюцца і выразна бачыш тое, што ёсць. А якія думкі нараджаюцца, калі чытаеш у газеце аб'яву: медыкаў запрашаюць на работу ў забруджаную зону... Там пішуць: "Медработнікі, якія адпрацавалі ў нашым раёне тры гады, маюць права на пазачарговае атрыманне жылля па ранейшаму месцу жыхарства". У аб'яве запрашаюць медыкаў дваццаці пяці спецыяльнасцей. Не ведаю, каго як, а мяне гэтая аб'ява вельмі ўразіла. Аб чым яна сведчыць? Аб тым, што тыя, хто ведае разбуральную дзейнасць радыяцыі, не жадаюць рызыкаваць здароўем сваім і сваіх блізкіх нават пры такіх умовах, як высокая зарплата і жыллё.

У каго ёсць вочы — той бачыць. Але пакуль што амаль нічога немагчыма зрабіць. Можна было б адкрыць новыя бальніцы, лячыць хворых, усім даць магчымасць аздараўляцца, ды наша краіна знаходзіцца ў стане эканамічнага крызісу. Няма фінансаў. Трэба чакаць, але ці дачакаюцца тыя, каму лячэнне патрэбна менавіта сёння? А хвалёнай гуманітарнай дапамогі, на жаль, усім хворым не хопіць.

Летам 1990 года я сустрэлася з сапраўднай казкай: два месяцы адпачывала на сонечнай Кубе! Пра гэта я нават і не марыла. Цяжка знайсці словы ўдзячнасці тым, хто арганізаваў гэтую паездку.

Сіняе неба, сіняе мора, жоўты пясок, зялёныя пальмы, чырвоныя кветкі, гарачае сонца... Куба мроіцца мне і зараз. Людзі акружылі нас дабрынёй, пяшчотай, ласкай. Ад штодзённай радасці і новых уражанняў здароўе наша палепшылася.

Мы пакідалі Кубу са слязамі на вачах: такой роднай стала яна для нас. I таму балюча чытаць у газетах брудныя артыкулы пра тое, што дзеці на Кубе пакутавалі і галадалі. Ніколі не было такога, каб мы адчувалі сябе чужымі, пакінутымі. Да нас адносіліся як да родных дзяцей. Адно крыўдна: пакуль немагчыма так адпачыць і паправіць сваё здароўе кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.

Я пераканалася ў тым, што Беларусь не пакінулі адну са сваёй бядою, што ёсць сапраўдная дружба паміж асобнымі людзьмі і паміж краінамі.

Пішу гэта і думаю: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло! Гучыць жудасна, але шчыра. Толькі вось ці можна параўнаць памеры гэтага шчасця і гэтага няшчасця? Шчасце такое кароткае і маё асабістае, а няшчасце вялікае і агульнае. Яно закранула ўсіх і кожнага. I пакуль няма збавення ад яго.

Але самае галоўнае — як палепшыць жыццё тых, каго апаліла чарнобыльская катастрофа. Гэта залежыць ад дзяржавы.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-