Успамінаю сябе шасцігадовай
Яшчэ не ацэнена

Гэты дзень у красавіку быў такі цёплы, што здавалася, быццам ужо лета. У размове маці з татам я ўпершыню пачула слова "Чарнобыль". Бацькі былі вельмі ўсхваляваныя. На вуліцы, памятаю, я заўважыла незвычайнае: пасля высыхання лужын заставаўся зялёна-жоўты з белым налёт. Дарослыя казалі: "Радыяцыя".

Цяпер я вучуся ў восьмым класе і ўвесь час зноў і зноў чую: "Чарнобыль, чарнобыльская аварыя, чарнобыльская бяда". Мае жыццё, як і жыццё аднакласнікаў, змянілася, напэўна, назаўсёды. А ў нашай сям'і здарылася вялікае гора: зусім маладым памёр мой тата. У гэтай смерці вінавата радыяцыя. Яна, праклятая, кладзе аднаго за адным маіх сваякоў, знаёмых і незнаёмых у магілу. А многія мае аднагодкі адчуваюць сябе кепска. Мы толькі-толькі пачалі пазнаваць жыццё. А што будзе з намі далей? На гэтае пытанне я не знаходжу адказу:

...Маўчыць, нібы камень, зямля,
Палын невядомасцю свеціць...
Што будзе, што будзе пасля? —
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.

Калі я размаўляю з дарослымі, адчуваю іх гора і радасці, іх сумненні і боль, іх імкненне да жыцця. Магчыма, што гэтае імкненне і прымусіла больш як пяць тысяч чалавек выехаць з нашага раёна ў чыстыя мясціны. А што будзе з тымі, хто застаўся?

Я часта выязджаю на аздараўленне. Там чыстае паветра, смачная ежа, цудоўная прырода. Але ў сваіх думках, асабліва па вечарах, калі застаюся адна, я ўспамінаю маці, брата, бабулю, дзядулю, сваіх сяброў, землякоў, і мне вельмі хочацца, каб яны жылі так, як раней, калі я была маленькай. Я мару аб тым, каб людзі хадзілі ў лес па грыбы і ягады, каб вясною пілі смачны бярозавы сок, каб не баяліся паляжаць на траве і пакупацца ў рэчцы, а былі жыццярадаснымі і здаровымі! I мяне заўсёды цягне дадому, у свае родныя мясціны, якія ніколі не забуду.

Веру, што Беларусь будзе самай прыгожай, самай экалагічна чыстай краінай.

О, Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-