У лета 1986-е
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4.9 (8 галасоў)

І занатуе летапісец рупны,
І ў нейкай кнізе ў нейкі век наступны
Нашчадак прачытае дападны:
“Праз сорак з гакам год пасля вайны
З яе крывёй, пажарамі, разрухай,
З яе бяздомнай бежанскаю скрухай, –
У піянерскіх лагерах пад Мінскам,
Пад Гродняй, Віцебскам і Верхнядзвінскам,
І на Літве, і аж за Волгай дзесьці
Жылі з Палесся Прыпяцкага дзеці –
І паўставаў у мове незнарок
Пявучы іх палескі гаварок.
У маляўнічых месцах адпачынак
Ім забяспечылі найлепшым чынам:
Паходы з песнямі, забавы, гульні…
Ды быў на ўсіх чагосьці знак агульны –
І ў па-дзіцячы шчырай весялосці
Як бы знутры іх стрымлівала штосьці.
Дарослыя ж, якія рэй вялі,
Да іх наўздзіў ласкавымі былі,
І за свавольства моцна не журылі,
І аб усім бадзёра гаварылі,
А асабліва пафасна, бадай, –
Пра дом іх родны – іх палескі край, –
Бо цешылі сябе: маўляў, малыя
Не разумеюць трохі… Ну, а тыя
Былі малымі ядзернай эпохі –
І разумелі ўсё зусім не трохі…
О дзеці, дзеці! Дзе мне вочы дзець,
Каб вам, у вашы вочы не глядзець?..”

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-