У чаканні шчасця
Яшчэ не ацэнена

Чарнобыль... Быль, быль, быль...
Чарнобыль... Боль, боль, боль...
Збавенне дзе? Дзе? Дзе?..
А ў сэрцы золь... Золь, золь...

Гэта радкі маёй настаўніцы.

Так ужо было наканавана лёсам, што маю вёску і яе жыхароў не абмінула гэтая ліхая навала...

У санаторыі "Горны" Ялцінскага раёна (першая аздараўленчая паездка) у маім целе, у арганізмах сяброў прыборы выявілі вялікую колькасць радыеактыўных элементаў. Нам яшчэ па 15 гадоў, нам яшчэ жыць ды жыць. А цяпер вось думай-гадай, ці будзем мы радаснымі і шчаслівымі, ці, наадварот, яшчэ больш станем нікнуць, як вясновыя кветкі, якім не хапае вільгаці альбо яркага сонечнага святла. Было ў нас некалькі аздараўленчых паездак у Ялту, у Сочы. Вынікі медагляду паказвалі, што нашы дзеці вельмі хворыя. Так гаварылі ўрачы. Школа і дзяржава стараліся для нас зрабіць, што маглі.

Чарнобыль... Чорны пыл... Чорнае гора... Ды маё гора ў параўнанні з тым, якое я пабачыла нядаўна, зусім згладжваецца.

Узімку 1994 года наша школа атрымала пуцёўкі на аздараўленне ў санаторый "Саюз", непадалёк ад Мінска. Паехала і я.

У калідоры першага паверха мне кінулася ў вочы жанчына гадоў 25—28. Твар хударлявы, прыгожы. I... нейкая старэчая стомленасць. Я не магла адвесці вачэй. Жанчына азірнулася — мне стала няёмка. Я кінулася ў свой пакой, каб уладкаваць рэчы. Але жанчына ў вялікіх акулярах, як бы рассяваючы вакол сябе промні трывогі, стаяла перад вачыма.

Раніцай мы пайшлі ў сталовую, і ў чаканні яе адкрыцця я, прыхіліўшыся да калоны, назірала за малодшымі дзецьмі, якія вылівалі сваю энергію ў ляманце, беганіне і віску. Я адшукала позіркам свайго малодшага брата Юрку, кіўнула яму. I раптам заўважыла ўжо знаёмую жанчыну.

Яна ішла не адна: за адну яе руку ўчапілася чатырохгадовая дзяўчынка, а на другой яна несла хлопчыка. Ён быў старэйшы за сястрычку, і гэта мяне вельмі здзівіла. Чаму маці нясе яго? Жанчына акуратна пасадзіла хлопчыка на выступ у сцяне і стала лагодна з ім размаўляць. Я зразумела: хлопчык не мог хадзіць. Яго тонкія ножкі былі нерухомыя, віселі, як штосьці непатрэбнае. Маці час ад часу пазірала на свавольствы дзяцей, і яе вочы напаўняліся слязамі. Выхавацелі, як бы адчуўшы гэта, сталі супакойваць дзяцей. А жанчына думала пра сваё дзіця, якое не зведала дзіцячых радасцей, нарадзіўшыся ў страшны час.

Нашы сустрэчы сталі частымі: то ў сталоўцы, то на працэдурах, то ля тэлевізара. Я бачыла пакутлівы твар мацеры і змучаны тварык хлопчыка, на якім ніколі не было дзіцячай усмешкі. Неўзабаве даведалася, што гэта не хлопчык, а дзяўчынка. Гэта ж хвароба так змяніла абрысы твару.

Яе звалі Воляй, але мама (Вольга Андрэеўна) звала яе Волечка-зайка. Усімі сіламі мацярынскага сэрца жанчына падтрымлівала дачку. Як стараліся яна і ўрачы ўдыхнуць хоць кропельку надзеі ў гэтыя кволенькія ножкі! Дзяўчынка не вытрымлівала, плакала. А маці трымалася. Як і мая маці. Мне фізічнай дапамогі не трэба. Але я заўсёды чую пяшчотны мамін голас, адчуваю мяккія рукі, ласкавы пацалунак.

Мы нічым не маглі дапамагчы жанчыне, толькі спачуваннем. Яна была ўдзячна нам і за гэта, бо з кім ёй яшчэ падзяліцца горам, каму паскардзіцца. Кажуць, такіх шмат. А вырасце дачка, спытае: "Хто вінаваты?". Што адкажаш? Як складзецца лёс Волі?

Цяпер я дома, але часта ўспамінаю Волю і яе маму. Як жывуць гэтыя перасяленцы з Нароўлі? Пакуль мы адпачывалі, нашу вёску зрабілі ўмоўна "чыстай". I здаецца, больш пуцёвак для аздараўлення не будзе. Крыўдна.

Так, у нас фон значна ніжэйшы, чым у зоне, але ж нас таксама вельмі непакоіць здароўе. Я вельмі часта стала думаць пра смерць... I усё гэта — Чарнобыль...

О, людзі, як мне балюча!
Прыдбаць бы вады гаючай.
Каб улагодзіць такую падзею...
Шчэ льецца з крыніцы надзея.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь