Ціха шуміць стары вяз
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (2 галасоў)

Колькі дзён мінула з тае чорнае ночы, а гэты боль, што пасяліўся ў сэрцы, не адпускае. Магчыма, ён стаў не такім вострым і пранізлівым, але ў душы ўсё роўна няма спакою.

Ідуць гады за гадамі. Ды няма ўжо таго зацятага маўчання. I не чуваць трывожных гукаў набатаў, што панесліся ў свет толькі праз чатыры гады пасля аварыі. Успомняць пра яе хіба толькі ў сувязі з набліжэннем сумнай гадавіны: хутка дзесяць гадоў з дня выбуху на ЧАЭС.

Мільгаюць за вокнамі аўтобуса дрэвы ў пышным зялёным убранні. Я пад'язджаю да бабулінай вёскі. Самотна шапацяць ясакары. Паволі ступаю па бязлюднай вуліцы. А перад вачыма — зусім іншае.

...Звычайны летні вечар. Сонца ўжо напалову схавалася за небакрай. Паступова насоўваецца змрок. Каля плота на лаўках сядзяць старыя, побач гуляюць дзеці. Чуецца рознагалосая гаворка, звонкі смех. Аднекуль здалёк далятаюць прыглушаныя гукі песень...

Не. Гэта ніколі не паўторыцца. Ніколі. Хаця так хочацца, каб гэта было! Але многія пераехалі ў "чыстыя" раёны, дзе няма радыяцыі. I некаторыя з маіх сваякоў таксама падаліся з наседжаных гнёздаў у свет, у чужыя мясціны. Як ім там будзе?!

Некалькі гадоў таму я ўбачыла карціны Міхаіла Савіцкага. Я не мастацкі крытык і таму не буду разбіраць іх вартасці ці недахопы, але хацела б выказаць свае пачуцці, навеяныя гэтымі палотнамі. Асабліва мяне ўразіў "Рэквіем".

...Апусцелая вёска. Цемра ахутала ўсё навакол. А высока ў небе сем анёлаў спяваюць рэквіем над вясковымі хатамі. Чаму, чаму мне здаецца, што гэта не вёска, а ўся наша Беларусь?.. Ціха і ўрачыста гучыць над зямлёй жалобная песня. Гэта пахаванне надзеі, мары, шчасця; гэта — пахаванне жыцця...

А недзе далёка-далёка, ля расчыненага акна, стаіць чалавек (гэта ўжо другое палатно — "Настальгія"). I перад яго вачыма — барвовае сонца, промні якога не маюць сіл змагацца са змрокам, калючы дрот, а за ім — яго родная вёска. Ён стаіць, бездапаможна апусціўшы рукі, і ўжо не ля акна, а цалкам там — на радзіме. А ў цёмным небе лунае анёл, раскінуўшы рукі, нібы забараняе ісці сюды. Ды толькі адна дэталь: анёл, святы, бязгрэшны, не можа глядзець чалавеку ў вочы, ён апусціў іх. I мне нібыта чуецца:

— Забудзься пра гэта... Сюды ты не вернешся.
— Але гэта мая радзіма!
— Гэта каралеўства Смерці! Тут няма месца чалавеку!
— Там мая родная хата, той куточак, дзе я нарадзіўся.
— Сюды нельга! Для людзей не існуе больш гэтай зямлі!
— Там магілы маіх продкаў!
— Забудзься.
— Там — мая радзіма...

Радзіма — самае дарагое, што ёсць у чалавека, якой бы беднай, занядбанай ні здавалася яна старонняму воку. Нездарма ж існуе такое выслоўе: "На чужыне і мёд горкі, а на радзіме смачная і балотная вада з-пад лапця". Чалавеку ніколі не пазбавіцца ад настальгіі, калі ён далёка ад дарагога кутка. I таму некаторыя з чарнобыльскіх перасяленцаў не вытрымліваюць і вяртаюцца. Часцей за ўсё гэта людзі сталага ўзросту. Іх можна зразумець.

Ціха шуміць стары вяз над бабулінай хатай. З гэтым шумам знікаюць трывогі і нараджаюцца надзеі. Надзеі, што калі-небудзь здарыцца цуд і вучоныя знойдуць спосаб знішчыць радыяцыю, каб зямля мая зноў стала чыстай, каб людзі без аглядкі жылі тут, не баючыся нічога. Так хочацца думаць, што гэта будзе. Бо я веру ў сілы свайго народа, нязломнага, моцнага духам, які не раз выходзіў з многіх выпрабаванняў пераможцам. Пераможа ён і цяпер.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-