Ці змірылася я, ці скарылася?
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Я ўспамінаю, як мне, тады яшчэ малой, вусцішна было класціся спаць, увесь час здавалася, што прыйдзе страхалюдны Чарнобыль, схопіць мяне і панясе, як у страшнай чарадзейнай казцы, некуды далёка-далёка, і не ўбачу я ніколі ні матулі, ні бацькі.

З цягам часу звыкаешся з усім. Пазней не было ўжо так страшна. Падрасла? Змірылася? Ці скарылася?

Але назаўсёды ўрэзаўся ў памяць самотны малюнак. Мы, дзеці ельскіх школ, даўжэзнай, сумнай калонай рухаемся па вуліцы, нясём сумкі-клункі. Побач нашы бацькі нясуць чамаданы. Усе мы накіроўваемся ў суправаджэнні раённай міліцыі ("Як шмат у Ельску міліцыянераў", — падумалася мне тады) да чыгуначнага вакзала, дзе сядаем у вагоны доўгага-доўгага цягніка. Гэта мы едзем на ўсё лета далей ад горкай радзімы, далей ад Чарнобыля.

Але нам, дзецям, незразумела гэта, разумеем адно: развітваемся з бацькамі, са школай, з горадам. Ці надоўга? Навошта?! Мы плачам. Бачу, як плача маці, як адвярнуўся бацька, выціраючы хусцінкай вочы...

Стаіць енк, жудасны, самотны, тужлівы. Ахінае страх і роспач: чаму я застаюся адна, без матулі, такой добрай і клапатлівай, такой любай?

А ўсё лета вярэдзіць думка: калі вернемся дадому, калі, калі?

У Маскоўскай вобласці, куды нас вывезлі, было і добра, і цікава, пра нас клапаціліся, смачна кармілі, мы хадзілі ў паходы, ездзілі на экскурсіі, нам было весела... Дзень мінаў непрыкметна. Затое вечарамі, пакуль заснеш, не раз успомніш маці. I з пяшчотай, і з крыўдай: "Сама засталася дома, а мяне адправіла ў свет".

Цяпер думаю, ці трэба крыўдаваць на маці за гэта? Яна ж, як і ўсе іншыя маці, хацела мяне ўратаваць ад хвароб і гора, адправіла далей ад гэтага пякучага прыску, ад хворай зямлі... Мяне адправіла, а сама засталася. I толькі цяпер, у свае семнаццаць, я зразумела яе. Зразумела, але ўберагчы ад хваробы не змагла. Сёлета ў Мінску маёй матулі зрабілі аперацыю на шчытападобнай залозе.

Як усё будзе далей, пакуль не ведаю. Але маці ўвесь час хворая...

Калісьці я марыла аб той часіне, калі закончу школу, стану самастойнай, буду вучыцца ў інстытуце... А зараз стаю на раздарожжы, бо не ведаю, што рабіць: паступаць пасля школы вучыцца ці застацца дома, каб дапамагаць хворай матулі, даглядаць яе. Яна ж у мяне адна... I так маркотна, горка і балюча ад усіх гэтых думак.

Ведаю, балюча не толькі мне. Чарнобыль прасачыўся амаль у кожную сям'ю. Часта прыходзяць на памяць словы майго аднакласніка Сашы Мядзведскага: "Каб тата мой не займаўся эвакуацыяй, каб не быў там... ён бы яшчэ жыў. Яму было толькі сорак гадоў". I Лена Зенчанка пахавала свайго саракагадовага бацьку, і Света Віткоўская, і... Але каму патрэбна гэтае пералічэнне? Хто верне ім бацькоў?

Чалавечае сэрца не можа вытрымаць усіх нагрузак: і псіхалагічных, і маральных, і фізічных.

З-за Чарнобыля страцілі мы не толькі ўсё наша багацце, а і сяброў. Колькі людзей паехала на чужыну, колькі пакінула родныя гнёзды!.. Шукаць новай, лепшай долі? Ці на чужыне сумаваць па родным кутку, пакінутым у роспачы і горы?

Чорны-чорны, горкі Чарнобыль... Ты забраў у мяне, маладой дзяўчыны, усё: бацькоўскі край, сяброў, будучыню... Ты хочаш адабраць у мяне маю волю, надзею, веру ў жыццб. А я не хачу здавацца.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь