Ці беражэ беражонага Бог?
Яшчэ не ацэнена

К Богу праб’юся праз
кардоны ўсіх сакратарак.
I на каленях скрываўленых
буду у Бога прасіць:
Хойнікі, Брагін, Нароўлю
вярні безадкладна,
чыстымі, чыстымі,
чыстымі мне
і народу вярні.

Уладзімір Верамейчык

I сапраўды, як жыць чалавеку без радзімы. Гэта самая страшэнная кара для яго. А колькі ў нашай Беларусі такіх людзей, якія страцілі свой родны кут?! I адбылося гэта не па іх волі, а з-за Чарнобыля.

Упершыню гэтае слова з'явілася на нашых вуснах восем гадоў назад. Я быў яшчэ маленькім, але добра памятаю той дзень, той клуб пылу, які ўздымаўся да чацвёртага паверха, памятаю перапалоханыя вочы маёй маці, калі яна вымывала з маёй галавы пясок. А потым забараняла мне выходзіць на вуліцу.

Памятаю, як спрачаліся бацькі, куды вывезці нас на гэты час. Але ехаць нам не было куды. Калі ж нас запрасіла да сябе цётка ў Магілёўскую вобласць, мы з радасцю паехалі, бо думалі, што радыяцыя там нас не дастане. А як высветлілася, там радыяцыя яшчэ большая, чым у Гомелі. Прынялі нас вельмі ветліва не толькі блізкія, але і жыхары пасёлка. Толькі вось медыкі, мабыць, па прычыне сваёй недасведчанасці, параілі нам піць ёд, але не вызначылі дозы. Якія брыдкія былі гэтыя лекі. Я і цяпер успамінаю гэта з жахам, хоць мне было толькі шэсць год. Маці казала, калі я не буду піць, са мной здарыцца нешта страшэннае, і я піў.

Такое прафілактычнае лячэнне працягвалася чатыры месяцы. А потым бацька зноў забраў нас у Гомель. Нягледзячы на тое, што на вуліцы было добрае надвор'е, маці забараняла мне аднаму выходзіць на вуліцу. А калі ж выходзілі разам, толькі і чулася: "Там забаронена, там нельга, на сонцы не стой, у пясочніцу не ідзі". I заўсёды падкрэслівала: "Беражонага Бог беражэ".

Але нягледзячы на тое, што я бярогся, Бог мне не ўважыў. У мяне, так, як і ў многіх дзяцей Чарнобыля, часта баліць галава, пастаянна адчуваецца стомленасць. Нарэшце, сталася самае страшнае: дактары сказалі, што ў мяне павышаная ломкасць касці. Я паспеў ужо зламаць рукі, ключыцу, нагу. Зараз трохі кульгаю. Пры змене надвор'я баліць у месцы злому.

Мяне хвалюе пытанне, ці возьмуць служыць у армію? Я ж — заступнік сваёй Бацькаўшчыны.

Не ўсё добра і ў майго малодшага брата, якому ў той чорны дзень было толькі чатыры месяцы. У яго з носа часта ідзе кроў, нешта з сэрцам, хлопчык хутка стамляецца. Баліць у мяне душа і за яго.

Што ж гэта за патомства будзе ў нас на Беларусі, браткі. Страшна мне. Страшна за людзей...

Колькі няшчасцяў прынёс Чарнобыль народу: трывожным ценем увайшоў і ў маю хату, атрутай дыхнуў на жыхароў найпрыгажэйшага кутка свету.

Яшчэ доўга ён будзе нагадваць пра сябе нашаму роду, прыносіць хваробы.

На вялікі жаль, мы не зможам пакінуць нашчадкам празрыстыя азёры, чыстыя рэкі, шумлівыя бары. Ім застануцца толькі суровыя, чорныя трубы і сцены АЭС, якія скалечылі чалавечыя душы.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-