Цётка Шура
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4 (1 голас)

Амаль штогод дахаты еду,
Бо памяць клікае душу,
Наведаю магілы дзедаў,
Як памінальную імшу.

Няма маёй радзіннай хаты,
Пазарастала ўсё кругом,
Хмызняк ашчэрыўся зацята,
Лясным дыхнула халадком.

Дамоў з трывогай прыязджаю,
Бо сны спакою не даюць.
Тры хаты ў вёсцы сустракаюць,
Тры бабы ў іх яшчэ жывуць.

Зайшлі на двор да цёткі Шуры,
Шчыруе – соліць агуркі.
Збянтэжаная – ціха журыць,
Вой, мокрай не падам рукі!

Ёй госці – так неспадзявана,
Аж сполах стаўся уваччу.
Салодка пахне дурнап’янам –
Маленства водар я адчуў.

Пра нас паболей распытала,
Менш пра сябе распавяла.
Я смерці ўжо зімой чакала,
Але пакуль што не ўзяла.

Як я жыву? Якая жытка
Тут у бязлюдддзі, страх адзін!
А покуль ёсць шчэ хлеба скібка,
Ды памагае меншы сын.

Вось так памалу дажываю
Свой век, чаго мне тут хацець?
Я лепшай долі не чакаю,
Не страшна ўжо і тая смерць!

Страшней бывае адзінота.
Як рада я, што вы ў гасцях!
Прыедзьце зноў, калі нагода.
У цёткі просьба – у вачах.

Апошні раз усіх вас бачу,
Як добра, што вас Бог прынёс!
На развітанне ўжо не плача,
Бо у вачэй не стала слёз.

03-06.08.2010

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь