Цёмная паласа над морам
Яшчэ не ацэнена

Экалогія — навука аб узаемаадносінах
паміж чалавекам і навакольным ася-
роддзем.

Чарнобыль... У назве гэтага старадаўняга горада быццам нейкае змрочнае прадказанне. Было, быль... Але, на жаль, Чарнобыль — гэта не быль сівых вякоў, не мінуўшчына, гэта сучаснае — гора, пакуты, боль, слёзы.

На месцы катастрофы ўсе хаты, дрэвы, расліны — усё, што ў памяці людзей, зраўняна з зямлёю. Гэта мёртвая зона. Мёртвая... Яна, безумоўна, адрозніваецца ад выселенай, бо ў выселеных вёсках засталіся хаты, сады, агароды, толькі іх ужо не даглядае ўважлівае вока гаспадара.

У некаторых вёсках яшчэ можна сустрэць чалавека. Гэта людзі, якія вярнуліся назад у свае хаты, кватэры, якім жыццё — не жыццё ўдалечыні ад радзімы, роднага кутка, дзе выраслі, кахалі, марылі, дзе гадавалі сваіх дзяцей, унукаў.

Зазірніце ў вочы гэтых людзей. Што вы ўбачыце ў гэтых вачах сёння?

Ужо два гады я жыву ў іншым горадзе. Раней жыла ў 60-кіламетровай зоне, адкуль высяляліся сем'і з дзецьмі. Памятаю, як нас прымалі ў піянеры. Мы, дзеці, вырашылі, што наш атрад павінен насіць імя Васіля Ігнаценкі, нашага земляка, пажарніка, удзельніка ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Аднойчы ў бальніцы, калі Васіля наведала маці, ён папрасіў прывезці вады з іх крыніцы. Васіль не ведаў, што ніхто ўжо не п'е той вады, — забруджаная, яна болей нікому не натоліць смагу.

Маці Васіля Таццяна Пятроўна працавала ў карціннай галерэі нашага гарадскога пасёлка. Яна расказвала нам аб прыгожых карцінах, ды толькі ў адной зале, прысвечанай чарнобыльскай бядзе, не знаходзіла слоў. Неўзабаве там быў пастаўлены бюст Васіля Ігнаценкі.

Калі пачынаюць гаварыць пра Чарнобыль, я ўспамінаю фільм, у якім расказвалася пра першыя дні пасля аварыі. З горада энергетыкаў Прыпяці высялялі людзей, а маленькі хлопчык згубіўся і застаўся адзін. Ён бегаў па горадзе, шукаючы маці, але не знайшоў ніводнай жывой душы. Малому так патрэбна была маці, якая б суцешыла і супакоіла яго. Нікога-нікога не ўбачыў ён вакол, толькі сустрэў маленькае кацяня, з якім увесь дзень блукаў па горадзе, трымаючы яго на руках. У той жа дзень хлопчык памёр.

Аднойчы на выставе, прысвечанай Чарнобылю, я ўбачыла карціну, якая ўсхвалявала мяне і надоўга запомнілася: прыгожая дзяўчына плыве ў лагодным сінім моры, а над ёй — шэрая пагрозлівая хмара. Мне здаецца, мастак паказаў у асобе дзяўчыны Беларусь. Ці выплыве, ці прыб'ецца яна да берага светлага і шчаслівага жыцця?

У гісторыі Беларусі можна вызначыць цёмныя палосы — гэта войны. I апошняя паласа — Чарнобыль.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-