Там, дзе колісь мы гулялі
Яшчэ не ацэнена

Бегаў сын на прасторы...
Дзе там ведаць было,
Што з Чарнобыля гора
Хмарай сіняй плыло...

Эдзі Агняцвет

У маляўнічым куточку паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі, у Брагінскім раёне паміж вёскамі Піркі і Сувіды, размяшчаўся прыгожы пасёлак Сонечны. цэнтр саўгаса "Брагінскі". Гэта быў новы пасёлак са шматпавярховымі дамамі, утульным дзіцячым садком, школай, сталовай, лазняй. Вось-вось павінны былі адчыніцца дзверы Палаца культуры і новай крамы...

Тут, у гэтых мясцінах, якраз і прайшло маё дзяцінства. Кажуць, што ўспаміны дзяцінства самыя яскравыя. Яны адбіваюцца ў нашай памяці назаўсёды. Таму, напэўна, я добра памятаю бярозавы гай, што раскінуўся з аднаго боку пасёлка. Казалі, яго пасадзіў мой прадзед, калі працаваў лесніком. Гай гэты — сама прыгажосць. Паглядзелі б вы на яго зімой, калі галінкі бяроз прыцярушаны лёгкім сняжком! Ідзеш — як у казцы! А як прыгожа тут вясной, калі толькі-толькі пачынаюць распускацца маладыя клейкія лісточкі, ці восенню, калі яны набываюць жаўтлявы колер! Вам не даводзілася паспрабаваць і гнілак, што густа ляжалі пад грушамі-дзічкамі. Смак іх я нават не бяруся апісаць.

У Сувідах жылі мае дзядуля і бабуля. Я з бацькамі часта хадзіў да іх. Мы вельмі любілі блукаць па бярозавым гаі і маладым ляску, што пачынаўся адразу за гэтым гаем і сваім крылом як бы закрываў прыгожую вёску ад вятроў і розных нягод. Але ўсё ж не закрыў...

Чарнобыль... Ён знаходзіўся ад нас за 25 кіламетраў. Часам бацькі ездзілі туды і прывозілі мне шмат ласункаў. Помніцца, з якім апетытам налягаў я на згушчанае малако ці ўкраінскія каўбасы. Аднойчы я таксама там пабываў. Мне спадабаўся гэты невялікі ціхі гарадок, у якім найчасцей сустракаліся аднапавярховыя драўляныя дамы. Час ад часу я пытаўся, ці скора бацькі паедуць туды зноў, у надзеі, што мяне таксама возьмуць.

15 красавіка 1986 года ў мяне нарадзіўся брацк. Якая радасць! Мне тады якраз споўнілася восем з паловай гадоў. 26 красавіка ў нашай сям'і адзначалі хрэсьбіны. Было шмат гасцей. Весела заліваўся гармонік, яго змяняў магнітафон, але твары ва ўсіх былі чамусьці невясёлыя. Усе аб нечым усхвалявана размаўлялі. З Янава прыехала сваячка і расказала, быццам нешта ўзарвалася ў Чарнобылі, а вуліцы паліваюць нейкай пеністай вадой. Але дакладна ніхто нічога не ведаў.

Мне ж да размоў дарослых не было аніякай справы. Мой позірк быў скіраваны да ложка, на якім мірна пасапваў брацік. Я марыў, як ён вырасце і мы з ім будзем, трымаючыся за рукі, бегаць па дарагіх майму сэрцу мясцінах.

Мы, дзеці, не ўяўлялі сабе, што ў Чарнобылі здарылася нешта страшнае, непапраўнае. Да нас у пасёлак прыязджаў тады нейкі начальнік з раёна і сказаў, што праз 2—3 дні ўсё нармалізуецца. Таму мы па-ранейшаму гойсалі на футбольным полі, да позняга вечара гулялі ў хованкі. Дамоў прыбягалі брудныя, пыльныя. Хіба хто ведаў, што гэты пыл небяспечны для нашага здароўя?! Хутка многія бацькі пачалі вывозіць сваіх дзяцей далей ад бяды. Маці таксама склала невялікую сумку, узяла на рукі малога, якому споўнілася ўсяго два тыдні, і мы рушылі ў дарогу. Здавалася, ненадоўга, а як высветлілася, назаўсёды...

Дзе толькі не давялося пабываць... Воляю лёсу мы апынуліся ў сваякоў у Оршы. Потым нас чамусьці забралі ў Віцебскую абласную дзіцячую бальніцу, дзе два тыдні за намі пільна сачылі ўрачы, амаль кожны дзень ва ўсіх бралі аналіз крыві.

Толькі ў пачатку мая па тэлевізары аб'явілі аб чарнобыльскай катастрофе. А 4 мая, якраз на Вялікдзень, жыхары нашага пасёлка і саўгаса былі эвакуіраваны.

З Віцебска мы паехалі да бабулі ў Кармянскі раён. Дарэчы, калгас "Радзіма". у якім жыла мая бабуля, таксама адсялілі, бо і там узровень радыяцыі вельмі высокі. Зараз у гарадскім пасёлку Карма будзе ўзводзіцца помнік ахвярам выбуху на ЧАЭС. Аб гэтым нядаўна пісалі ў "Звяздзе". Пасля доўгіх пакут мы атрымалі кватэру ў вёсцы Карма, што на Добрушчыне. Але і гэта мясцовасць забруджана і знаходзіцца ў зоне перыядычнага кантролю. I мне здаецца, што на Беларусі няма куточка зямлі, які б не закранула чарнобыльская бяда.

Чарнобыль. Чорны боль...

Два гады таму маці ехала да сваякоў у гарадскі пасёлак Камарын, гэта ў Брагінскім раёне, і я ўпрасіў узяць мяне з сабою. Усю дарогу я думаў пра тое, каб не прамінуць месца, дзе знаходзіўся наш пасёлак. Вось паказаўся першы пяціпавярховы дом. Побач наш... Як калоціцца сэрца, здаецца, вось-вось выскачыць! "Мама, глядзі, вунь акно нашай кватэры!" — крычу я. Пасажыры здзіўлена паглядзелі на мяне, але ніхто не папракнуў. Напэўна, зразумелі маю радасць. I мой боль... Выбітыя шыбы, вывернутыя дзверы, высокі тоўсты быльнёг на тым месцы, дзе колісь мы гулялі. Не. не такой я ўяўляў сустрэчу са сваім родным кутам. Але гэта была мая радзіма, такая блізкая і такая незнаёмая. Зямля, на якой нельга сеяць. Вада, якую нельга піць. Паветра, якім нельга дыхаць. Бацькоўскі дом, які пакінулі назаўжды.

Кажуць, мае пакаленне ўжо не вернецца туды. А хто ведае, ці вернуцца нашы дзеці, унукі?.. Не губляю надзеі, што калі зямля "перахварэе" цэзіем, стронцыем, плутоніем, мы вернемся! I няхай гэта будзем не мы, а нашы далёкія нашчадкі, зямля пазнае тых, хто спрадвеку жыў на ёй. Пазнае і прызнае. I яны, нашы нашчадкі, адродзяць гэтую пакутлівую зямлю. I зноў, як і раней, наша Бацькаўшчына будзе радаваць сэрцы людзей. Толькі тыя людзі будуць шанаваць і берагчы сваю зямлю, каб не здарылася зноў чорнае гора.

Я веру ў гэта.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь