Святая пакутніца
Яшчэ не ацэнена

Евангелле сцвярджае: "Пазнай ісціну, і яна зробіць цябе вольным". Жудасная праўда пра атамны выбух над Прыпяццю адкрылася жыхарам пацярпелых раёнаў не адразу, а толькі праз некалькі год з таго чорнага дня. У пакутах і
трывогах за лёс сваіх дзяцей і блізкіх людзі, нарэшце, уцямілі: ні дня, ні лішняй хвіліны нельга жыць на зямлі, пасыпанай ядзерным попелам. Але пазнаўшы гэтую жудасную ісціну, палешукі ўсё роўна вольнымі не сталі.

Ядзерны выбух знячэўку, у адно імгненне перакрэсліў будучыню, сваім свінцовым цяжарам прыціснуў людзей да зямлі. У апошнія гады зафіксаваны нечуваны рост анкалагічных захворванняў шчытападобнай залозы ў дзяцей: у
дваццаць два разы! Гэта сухія факты, а ў жыцці...

Вось маленькае апавяданне пра кароткае жыццё і хуткую смерць маленькай паляшучкі. Яе бацька памёр пасля няўдалай перасадкі касцявога мозгу ў Маскве. Яго пахавалі на Міцінскіх могілках, а праз некалькі дзён ля яго натруджаных ног — безыменную дачку, якая нарадзілася ў Маскоўскай бальніцы пасля таго, як памёр яе бацька. I старая акушэрка ў роспачы сказала тое, чаго не павінна была гаварыць нават пад прымусам: "Лепш бы дзіцяці не выжыць". Дзяўчынка і сапраўды нядоўга пакутавала. Нават не паспелі даць ёй імя. Запісалі толькі прозвішча. Яшчэ ва ўлонні мацеры дваццаць шостага красавіка дзіця хрысціла радыяцыя... Цяпер гэтая безыменная дзяўчынка, святая пакутніца, так і не зведаўшы ні дзіцячай радасці, ні жаночага шчасця, заснула вечным сном на чарнобыльскім алтары бязвінных ахвяр побач з бацькам.

Палескія дзеці і сёння ходзяць у садкі і школы па атручанай зямлі, і многім з іх, як і гэтай дзяўчынцы, не наканавана стаць ні жаніхамі, ні нявестамі, ім не адчуць таямніцы і радасці нараджэння на свет свайго дзіцяці, не ўбачыць, як яно расце. У колькіх людзей на іх вачах павольна гаслі, як свечкі, іх блізкія. А колькі адчаю і болю ў гэтым успаміне! Аднойчы пасля дажджу на кветках застаўся яркі белы налёт. Сястра паклікала мяне і сказала: "Глядзі! Гэта сярэбраны дождж". Тады было цёпла, і яна насіла сарафан з вялікім выразам на грудзях. Праз два гады сястра памерла ад рака малочнай залозы. Да апошняга дня ўтойвала яна ад бацькоў сваю хваробу.

Калі памірае блізкі чалавек, здаецца, навокал рушыцца ўвесь свет. Але ж гэта толькі здаецца: на справе жыццё працягваецца, пакуль ёсць каму дбаць пра жывое. Іншая справа — у зоне:

Там стогнуць журботныя вёскі,
Там вые начамі туга,
Паныла зязюльчыны слёзкі
На ранку блішчаць на лугах.

Забыты там смех і гаворка,
Там сцежкі быллём параслі.
...Там дзесьці нябачна для вока
Прыпала душа да зямлі.

Сіратліва глядзяць вокны кінутых дамоў. Збіраючы свае пажыткі, людзі верылі, што хутка вернуцца, і таму бралі толькі неабходнае. Гэта і выкарысталі заезджыя зладзеі. За кароткі час вывезлі шмат каштоўных рэчаў. Тады было не да духоўных клопатаў. Вось і атрымалася: каму — бяда, а каму — грошы. Але не па-хрысціянску весяліцца на сатанінскім балі, не па-боску шукаць сабе багацце ва ўсяленскім горы. Ды такое ніколі і нікому не прынясе шчасця.

Павек не забыць нам герояў, якія кінуліся ў чарнобыльскае полымя, нават не паспеўшы развітацца з роднымі. Яны ведалі, куды ідуць, але, стоячы над ядзерным кратэрам, як даніну, кідалі ў яго ненажэрнае чэрава сваё жыццё і сваю будучыню. Дзеля нас з вамі і нашых дзяцей спальвалі сябе на агні самаахвяравання.

У Мінскай філармоніі былі выстаўлены карціны мастака М. Савіцкага, прысвечаныя Чарнобылю. Міне шмат часу, а гэтыя карціны будуць нагадваць чалавецтву аб чарнобыльскай бядзе. I, можа, нехта, гледзячы на перапоўненыя болем, быццам жывыя, вочы "Чарнобыльскай Мадонны", задасца пытаннем: "Што ж гэта быў за Чарнобыль у далёкім дваццатым стагоддзі?"

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-