Светлячок
Яшчэ не ацэнена

Быў месяц красавік. На дрэвах у садах набухлі пупышкі. А на бярозах і арэшніку ўжо віселі коцікі. Паказалася зялёная траўка. Чыстае паветра пералівалася струменямі. У высокім блакітным небе чуліся галасы жаўрукоў. Сваім спевам яны віталі прыход вясны.

Весела, шумна ў двары суседа Сцяпнова. Грае-заліваецца на ўсе лады гармонік. Звіняць людскія галасы. Танец за танцам, песня за песняй. Вясна на двары — вясна на душы Валянціны і Юрыя. Пасля доўгіх гадоў чакання нарадзілася на свет божы немаўлятка, адзіная іх уцеха, дачушка Светка, Святланка, Светлячок... Гэта ў яе гонар спраўляюць шчаслівыя бацькі радзіны. Не налюбуюцца, не нагаворацца, не наглядзяцца на дар божы. Ззяюць іх твары, не сыходзіць усмешка з вуснаў. I мы, дзеці, не можам адысці ад калыскі, у якой ляжыць у карункавым дзівосным убранні пухленькая, з ружовым тварыкам дзяўчынка і смешна цмокае ў сне маленькім роцікам. Старыя жанчыны гоняць нас прэч, каб не сурочылі дзіцятка.

Ды як у ваду глядзелі. Толькі не наша, дзяцей, віна ў тым, што неўзабаве захварэла наша любіміца. Бо ўсёй вуліцай, усім сялом пеставалі мы Светку. Кожны хацеў патрымаць, пагушкаць яе на руках. Кожнаму з нас люба было слухаць яе першае "агу". Мінуў год, а на другім і здарылася няшчасце. Чорная сіла ўдыхнула немач у яе сэрца. I пайшлі бясконцыя пераезды з бальніцы ў бальніцу. Згасла усмешка на твары нядаўна шчаслівых бацькоў. Сумна і балюча было на сэрцы кожнага з нас.

Мне ідзе семнаццаты год. Развітваюся са школай. А яшчэ: я ўпершыню пакахала. Мы з Васем вырашылі разам вучыцца далей. Аднойчы вечарам, стоячы пад яблыняй, я адчула на шчацэ нясмелы пацалунак.

Але для прадчування шчасця чагосьці не хапала. Перад вачамі ўвесь час узнікала цёмнае акно суседа, заплаканы твар цёткі Валі. А ноччу да мяне доўга не ішоў сон. Думала пра складаныя аперацыі, якія ўжо тройчы перанесла няшчаснае дзіця. Думала пра тую цяжкую хваробу, якой нельга даць рады. Думала пра пакуты. Ды яшчэ адна горкая вестка: у Святланы ўжо пухліна і на другім воку... Божа, ці ёсць ты на свеце? За што такія выпрабаванні гэтай сям'і?!

I сніўся сон... Луг з кветкамі... Мы з Васем, узяўшыся за рукі, бяжым па ім. Даганяем, не дагонім Светку. У руках у яе рамонкі. Бяжыць, азіраецца. падражнівае нас. I раптам вялікае чорнае страшыдла з агнём у зяпе працягвае з гары да Светкі чорныя лапы свае, хапае дзяўчынку. Мы крычым. На чорных хмарах — безліч дзяцей. Яны махаюць нам рукамі. А можа, развітваюцца ці завуць і нас з сабою? "Светка!.. Святланка!.. Светлячок!.." Маўчанне. Наўкол толькі попел і дым...

Раніца прынесла страшную вестку. Гарэў-гарэў і патух назаўсёды наш Светлячок...

Божа, літасцівы Божа, а я ж хачу жыць, кахаць і быць каханай! Я не хачу горкіх слёз, невычэрпнага гора. Я не хачу бачыць цёмныя вокны. Я ненавіджу словы: "чорны", "чарната", "Чарнобыль"! Ненавіджу і баюся...

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь