Снегавік растаў ад нашых слёз
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (4 галасоў)

Тады яшчэ ніхто не ведаў, што самае забруджанае месца ў бабулінай Малінаўцы — старасвецкая груша-дзічка. Мала хто памятае, колькі ёй гадоў. I расла яна акурат на бабуліных сотках.

Тым летам ніхто з малінаўцаў не ведаў пра страшную радыяцыю, якая "пасялілася" ў іх вёсцы, ніхто не здагадваўся пра смяротную атруту, што выпраменьвала старое каржакаватае дрэва. Яно зацяняла амаль трэцюю частку агарода. I колькі разоў аднавяскоўцы раілі бабулі спілаваць грушу, але старая адмахвалася, казала: нельга гэтага рабіць, бо даўным-даўно тут пралілася кроў беднай дзяўчыны.

Легенду аб жудаснай смерці панскай нявольніцы ведалі многія, але не ўсе верылі ёй. Бабуля ж верыла. Гэтае дзівоснае дрэва было для яе святым.

Любіла грушу і мая стрыечная сястра Надзейка. У тое лета дзяўчынка прыехала на канікулы да бабулі. У горадзе горача і самотна. А ў бабулінай Малінаўцы такая прыгажосць! Усё лета Надзейка дапамагала бабулі ў полі і на агародзе. Хадзіла ў лес па грыбы і ягады, загарала і купалася...

Нейкі начальнік прыязджаў з раёна і сказаў: "Зямля, паветра і вада ў вёсцы "чыстыя". Жывіце спакойна, людзі". I яны жылі.

Пад сваёй любімай грушай Надзейка пісала пейзажы — яна займалася ў школе мастацтваў, марыла. У тое лета мая сястра стала сапраўднай красуняй. Ёй споўнілася пятнаццаць гадоў. Дзяўчынка пачала весці дзённік. Запісвала ў яго свае патаемныя думкі. Гэты дзённік пасля пройдзе з ёй праз усе пакуты анкалагічнай бальніцы. Мяне ўразілі апошнія запісы ў ім. Усяго дзесяць дзён, апошніх дзён у жыцці чалавека. Колькі ў іх надзеі, прагі да жыцця і чалавечай годнасці! Колькі ў іх трагедыі і вялікай бяды!

1 сакавіка

Хлопцы з дванаццатай палаты павіншавалі мяне і маіх сябровак па няшчасці з вясной. Зрабілі снегавіка і на вялікім падносе прынеслі ў нашу палату. Снегавік атрымаўся цудоўны. Я ведаю, хто яго ляпіў. Безумоўна, гэта Толік. Ён марыць стаць скульптарам, лепіць фігуркі з гліны. Толькі сёння яму дазволілі ўставаць пасля хіміятэрапіі. I ён стараецца падняць усім настрой — вясны ж дачакаліся! Каля снегавіка ляжала запіска: "З апошнім снегам вас, дзяўчаты!".
"Чаму з апошнім? Няўжо апошнім?" — плачучы, пыталіся дзяўчаты адна ў адной.
Снегавік растаў. Ад нашых слёз, так мне здаецца.

2 сакавіка

Сёння прыязджала бабуля. Мілая, дарагая мая бабуля! Яна адчувае сябе вінаватай за мае здароўе. Папрасіла яе, каб расказала мне легенду пра Марыліну грушу, пад якой я любіла марыць і якая пасля аказалася маленькім рэактарам.
Я слухаю бабулю, запамінаю ў ёй усё да драбніц, каб пасля намаляваць яе партрэт.
Бабуля распавядае ціха, і на душы робіцца так спакойна.
"Даўным-даўно, яшчэ пры паншчыне, пакахаў бедную, ды прыгожую дзяўчыну багаты князь. Сілай прывёў яе ў свой палац. Але Марылька, так яе клікалі, плакала ды сумавала ў панскіх пакоях.
Аднойчы збегла гаротніца з панскім ключнікам. Дагналі іх гайдукі ў чыстым полі. I закрычаў люты пан: "Калі не хочаш быць маёй, дык не будзеш нічыёй!". I секануў шабляй, і павалілася няшчасная бяглянка. На тым месцы, дзе пралілася Марыліна кроў, кажуць людзі, вырасла прыгожая груша-дзічка. Вось чаму я яе берагла... Але цяпер, Надзейка, ужо няма нашай грушкі. Прыехаў нейкі дзіўны кран і вырваў яе з каранямі. А месца тое растворам залілі ды нейкі знак паставілі. З вёскі нашай амаль усе з'ехалі. Пустая стала Малінаўка, мёртвая".
Пры развітанні з бабуляй я так хацела яе папрасіць: "Калі памру, не хавайце мяне на могілках, я іх так баюся. Лепш — у полі ці ў бярозавым гаі... I пасадзіце дрэўца: грушку альбо яблыньку..." Не! Не хачу быць дрэвам, травінкай!.. Я павінна жыць! Я буду жыць! У мяне хопіць сіл перамагчы страшную хваробу, я адчуваю гэта!

3 сакавіка

Я змагаюся як магу. Скончыла партрэт бабулі. Калі ўбачыла мама, аж расчулілася: "Дачушка мая, якая ты ў мяне таленавітая!". Мой доктар Таццяна Іванаўна кажа, што я вельмі мужная і што лячэнне ідзе паспяхова. Я акрыленая. Божухна, малю цябе, прашу: дай мне сілы выстаяць!

4 сакавіка

Калі я папраўляюся, то чаму мяне так ванітуе, чаму палата раптам пачынае гушкацца?..
Пішу пасля таго, як знялі кропельніцу. Стала крыху лепей. На мяне сумнымі вачыма глядзяць сяброўкі па палаце Галя, Віка і Дзіна. Яны спачуваюць мне, бо самі перажывалі такое. Канечне, хацелася б, каб на такія нечалавечыя пакуты ніхто не глядзеў, але што зробіш... Аддзяленне перапоўнена. Таццяна Іванаўна казала, што яшчэ тры гады таму бальніца была амаль пустая. Чарнобыльская трагедыя натварыла. Сабраць бы вінаватых у гэтай бядзе і правесці па нашай бальніцы! Каб паглядзелі на вынік сваёй работы.
Пачала чытаць Ахматаву. З'явілася жаданне напісаць карціну "Я жыву апошні раз".

5 сакавіка

Памёр Ванечка з дзесятай палаты. Беленькі хлапчук з вялікімі блакітнымі вачыма, любімец нашага аддзялення. Ванечку было ўсяго сем гадоў. Раней ён лячыўся ў Германіі. Яшчэ заўчора хлапчук частаваў усіх цукеркамі на свой дзень нараджэння, прымаў віншаванні і быў такім вясёлым...
Божа, чаму ты не літасцівы да ўсіх нас? Ванечку... за што?!

6 сакавіка

Я ўмею трываць любы боль. Гэтаму мяне навучыла мама. I наогул, каб я магла, то каля ўвахода ў бальніцу паставіла б помнік Маці. Яны самі трываюць і вучаць трымацца нас. Я бачыла, як цярпеў пяцігадовы Вовачка. Пакуль маці бегала па доктара, пакуль яму зрабілі болесуцішальны ўкол, ён пагрыз свае маленькія пальчыкі, але ні разу не закрычаў і не заплакаў.
Што будзе з гэтым хлопчыкам далей, што будзе з усімі намі?
Чарнобыльская катастрофа з ліку тых, якія не паддаюцца звычайнаму асэнсаванню. Гэта нешта такое, што прымушае жахнуцца і зняверыцца ў разумнасці нашага зямнога існавання.

7 сакавіка

Прывезлі гуманітарную дапамогу з Даніі. У палату ўвайшла жанчына з пышнымі бялявымі валасамі — прыгожая і мілая. Прысела каля мяне. Гладзіла па галаве, а ў вачах былі слёзы. Перакладчыца сказала, што некалькі гадоў назад у аўтамабільнай катастрофе загінула яе адзіная дачка. Замежная госця зняла свой ланцужок з крыжыкам і надзела мне на шыю. Я падумала, як падобны ўсе маці Зямлі ў сваёй любві да дзяцей!

8 сакавіка

Свята... На стале — апельсіны і бананы, галінка мімозы і прыгожая паштоўка са словамі:

Если желания что-нибудь значат —
Мы желаем большой удачи.
Чтобы солнце тебе светило,
Чтобы сердце твое любило.
Чтобы все невзгоды и беды
Обернулись в твои победы!

У нас не прынята жадаць здароўя і шчасця. Толькі перамог. Пераможаш страшную хваробу — і шчасце заўсёды будзе з табою.
У актавай зале бальніцы быў вечар, прысвечаны Дню жанчын. Я нават танцавала з Толікам. Але нядоўга, бо закружылася галава. Дзяўчаты сказалі, што мы былі самай прыгожай парай.

9 сакавіка

Казка скончылася. Мне зноў кепска. Так яшчэ ніколі не было. З самай раніцы ванітуе, спазмы не перапыняюцца, а лекі ўжо не дапамагаюць. Аднак самае страшнае — мае валасы. Яны выпадаюць цэлымі пасмамі і ўсё цякуць і цякуць з галавы.
На абходзе Таццяна Іванаўна сказала, што поўны курс лячэння я ўжо прайшла. I цяпер мне трэба толькі набрацца сіл дома. Але я бачыла яе вочы... I я ўсё зразумела. Я зразумела: гэта — усё!

10 сакавіка

Мама прывезла маю любімую сукенку. Я ў ёй такая прыгожая!
Ледзь трымалася на нагах, але з усімі ў аддзяленні развіталася. Бывайце, людзі! Помніце мяне.

...Надзейка памерла ў канцы сакавіка. Апошняе слова ў яе дзённіку было лацінскае "Vіхі" (Пражыта). Што яна паспела ў сваім жыцці? Што пакінула? Некалькі пейзажаў, сюжэтных карцін, партрэтаў. Ды яшчэ светлы след на зямлі.

Чарнобыль зараз стаў часткай нашага светаадчування, светаразумення. Ён прымусіў зняверыцца ў рупнасці Чалавека на Зямлі.

Хіба не адчуваецца, што мы страчваем? У небяспецы само дрэва жыцця. Дзе ж яго генафонд? Я растлумачу: генафонд для мяне — гэта Надзейка, маленькія Ванечка, Вовачка і тысячы іншых немаўлят, што кусаюць ад страшнага болю свае маленькія пальчыкі. Пачуйце ж, урэшце, іх крык, людзі! Прыйдзіце на дапамогу! Не Бог і не д'ябал — толькі чалавечы розум і добрае сэрца могуць выратаваць хворую, спакутаваную зямлю. Толькі ўсе мы разам зможам перамагчы страшную бяду.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-