Што такое ранак?
Яшчэ не ацэнена

Калі распадзецца стронцый,
Адпрэчыўшы злую бяду,
Лёс мой, пад тваё сонца
Я ўжо не прыйду.

Мікола Мятліцкі

Зямля, з якой пачынаецца жыццё, адпачывала. Ноч паўзла над зямлёю. Мерна, як у лабараторыі, развівалася сярэдзіна вясны, перапоўненая пахамі жыцця. Мне на той час споўнілася восем гадоў. Маці прыйшла ў хату. На яе твары свяцілася радасць. У руках яна трымала бярозавыя галінкі, на якіх рассыпаліся завушніцамі малюпасенькія шышачкі. Ад іх цягнула дзіўным, непаўторным пахам вясны, лесу, падгарэлага хлеба. Маці павіншавала мяне з днём нараджэння, працягнуўшы тры бярозавыя галінкі. Яна іх адарвала з бяроз, якія раслі насупраць нашай хаты.

Але ціхі, мерны рух у лабараторыі прыроды, сутыкнуўшыся ў гэтую ноч на дваццаць шостага красавіка з чымсьці велізарным і невядомым, парушыўся.

Нас увесь час вучылі, што зяленае наваколле дадзена на радасць і шчасце чалавеку, а цяпер сталі папярэджваць, што не варта браць у рукі зялёныя галінкі. Маці не маглі прыносіць сваім дзецям кветкі ў падарунак. Гэта было
такім нязвыклым. Людзі нічога не ведалі аб сваім лёсе.

А перад гэтым вечарам у пятніцу я і мой малодшы брацік Ваня прыехалі з бацькам на вялізнай машыне "КамАЗ" да бабулі ў вёску Аравічы, на поўдзень ад Хойнікаў, каб дапамагчы пасеяць агарод. Я добра памятаю той надвячорак, як мы ехалі. Мы пырскалі смехам ад шчасця, што бацька ўзяў нас з сабою ў такую далёкую дарогу. Мы куляліся ў кабіне на заднім сядзенні, якое прызначалася для адпачынку. Бацька нас не ўшчуваў, ціхенька напяваў нейкі матыў — гэта было ягонай звычкай. Я паціху пакепвала з браціка (у той час яму ішоў чацвёрты годзік), кажучы: "Твой тата ездзіць на вялікай "казе". А ён мне з горыччу даказваў: "Мой тата ездзіць на вялікім "КамАЗе". Мне давялося ўступіць і пагадзіцца з братам, што яго бацька самы важны, што ён кіруе вялізным "КамАЗам", які плыў па лясной дарозе з Хойнікаў на Аравічы, як дзіўны карабель. Здавалася, мы плывём насустрач шчасцю. Бабуля чакала нас, напаіла сырадоем, і мы, шчаслівыя, заснулі. З гэтым сном, аднак, шчасце выкацілася з нашых душ, каб пакінуць іх надоўга.

Мінула восем гадоў з таго вечара. Мне ўжо шаснаццаць, але той куточак душы застаўся пустым, шчасце, спалоханае тым ранкам дваццаць шостага красавіка, дзесьці блукае ў прасторах Сусвету, яно не можа вярнуцца на сваё месца, душа яшчэ не дазваляе яму.

Рыбакі, якія вудзілі рыбу непадалёку ад вёскі Краснаселле, расказвалі пра гэтую страшную ноч. Яны бачылі, як вертыкальна ўгору вырваўся сноп яркага святла, маючы белую, жоўтую і чырвоную афарбоўку адначасна. Ён панёсся на ўсход, да Брагіна, выпраменьваючы святло і сеючы на зямлю сяйво, якое, не прыносячы болю, крала здароўе ў людзей. Можа, таму маё шчасце не можа заняць сваё месца ў душы, там гэты куточак шчыміць і шчыміць, і невядома, калі заціхне мой боль. А можа, ён застанецца назаўсёды, пакуль не скончыцца жыццё, хто ведае?

Вёска Аравічы знаходзіцца, а больш праўдзіва будзе сказаць, знаходзілася, бо яна цяпер як могілкі, без адзінай жывой душы, у радыусе дваццаці сямі кіламетраў ад украінскай вёсачкі Янаў. Побач з ёю былі пабудаваны горад атамшчыкаў Прыпяць і атамная станцыя, якой далі назву невялікага квітнеючага ўкраінскага гарадка Чарнобыль, што знаходзіцца за пятнаццаць кіламетраў ад станцыі. Хто і чаму ў свой час так назваў гэты горад? Відаць, і ў далёкія часіны тут была нейкая чорная быль, але я не думаю, што гэта было так страшна, як цяпер, бо ў Чарнобылі квітнела жыццё. Бабуля ездзіла туды па Прыпяці на імклівай "Ракеце" на базар.

I вось прыйшоў гэты ранак дваццаць шостага красавіка, калі ўсё перастала красаваць; я праклінаю чалавека, калі ён яшчэ жыве, ды яго і мёртвага не грэх праклінаць, якому прыйшло ў галаву збудаваць сярод такой густанаселенай квецені жыцця гэтую атамную станцыю.

Але вось гэты ранак... Што такое ранак? Гэта калі прырода цягнецца насустрач новаму дню, новаму жыццю і калі шчабечуць птушкі. Прыгажосць гэтай раніцы была маўклівай. Я ўспамінаю: было ціха-ціха, цішыня змянілася асцярожанасцю, у якую ўслухоўвалася зямля, людзі. Страшны сілуэт замаячыў па роднай зямліцы, несучы на сваіх чорных крылах гора і слёзы, жудасную невядомасць, страту радзімы. Зялёным аксамітам раскідаліся лугі наўкол Прыпяці, смарагдамі пералівалася ранішняя раса, але ўсё гэта ўжо не прыносіла радасці.

Надвячоркам у нядзелю мы прыехалі дамоў у Хойнікі. Вуліцы нібы вымерлі, толькі каля нашай хаты пад бярозай стаялі суседзі, прыгнечаныя непамерным цяжарам невядосці. Праз некалькі дзён было спякотнае Першае мая, людзі прастаялі пад пякучым сонцам з маленькімі дзецьмі да дванаццаці гадзін дня, чакаючы пачатку дэманстрацыі. Але нікому не было справы да таго, колькі іонаў, колькі бэраў набяруць маленькія цельцы. Другога мая паўднёвы вецер прынёс цяжкі дождж. Кроплі былі буйныя, прадаўгаватыя, велічынёй з фасолю. Мы стаялі пад абрыкосамым дрэвам, пакуль маці не паклікала ў хату.

Што было далей? Вандроўкі па свеце прыкладна з такімі маршрутамі: Маладзечна. Гомель, Орша, Белгарад-Днястроўскі, Дубасары, Барысаў, Вілейка, Салігорск, Светлагорск, Мінск і іншыя месцы, па якіх круціла нас кола радыяцыі. Летам 90-га мы выязджалі ўсёй сям'ёй у Баранавічы. Як сёння бачу заклапочаны твар маці. Я не дапамагала збіраць пажыткі, пайшла на вуліцу, стала каля бяроз, каб надоўга запамятаць іх водар, водар цішыні і спакою, ціхамірнага дзяцінства. Сэрца сціснулася ад болю, што страчана штосьці самае дарагое.

Але жыццё працягваецца. I зараз часта вечарамі прыходзіць успамін пра тыя часіны дзяцінства, такія светлыя і, здаецца, такія далёкія. I жыве ў сэрцы неадступны смутак і боль. Жыць будзеш, нікуды не дзенешся, але поўнай радасці жыцця не адчуеш — яна засталася на тым баку, дзе парвалася наша дзяцінства.

Аўтары
Лічыльнікі

Вершы беларускiх паэтаў
Rating All.BY
СМС-комплименты - пишите любимым комплименты!


Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-