Роспачы трывожны смутак
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (3 галасоў)

Наша дрэва славянства
Чарнобыльскім дротам абвіта...
Таіса Мельчанка

Так, мы маем справу са з'явай, на якую я за восем год наглядзелася.

Чарнобыль — гэта калі ідзеш у школу, глядзіш на асфальтаваную дарожку, па якой ступаеш, на неба, дрэвы, птушак і не верыш, што ўсё гэта страшэнна забруджана радыенуклідамі. I ты ніколі не паверыш. што дождж, які раней быў сімвалам жыцця, цяпер атрутны і вельмі небяспечны, што паветра, на якім раней так раілі знаходзіцца дактары, цяпер нясе хваробы і смерць, што сонца, якое раней сваімі пяшчотнымі промнямі лашчыла і сагравала зямлю і ўсё жывое, цяпер без літасці забівае гэтымі промнямі.

Чарнобыль — гэта калі на уроках беларускай літаратуры разглядаюцца творы, аб існаванні якіх ты нават і не падазравала. Усе яны аб'яднаны агульнай тэмай — чарнобыльскай бядой. Страшная, балючая рэчаіснасць патрабуе новых поглядаў і падыходаў да праблемы. Немагчыма без болю чытаць кнігі "Лабірынты страху" Алеся Крыгі, "Радыяцыя" Міколы Сердзюкова, "Злая зорка" Івана Шамякіна і асабліва вершы гомельскіх паэтаў, выхадцаў з тых смяротна забруджаных вёсак, над якімі пануе мёртвая цішыня.

Чарнобыль — гэта калі чытаеш у падручніку па фізіцы параду, як абараніцца ад радыеактыўнага ўздзеяння: "Трэба аддаліцца ад аб'екта апрамянення..." Табе хочацца разарваць на шматкі тую кнігу і зазірнуць у вочы яе стваральнікаў.

Чарнобыль — гэта страшны боль і спусташэнне, калі ты, слухаючы параду "аддаліцца ад аб'екта", прыедзеш на адпачынак і аздараўленне ў адзін з рускіх гарадоў і, замест спагады і жадання дапамагчы, цябе сустрэнуць абыякавасць і варожасць. I бацькі тваёй тамтэйшай сяброўкі-аднагодкі будуць страшэнна хвалявацца за сваё адзінае дзяўчо, якое водзіцца з гэтымі "чарнобыльскімі вожыкамі", бо тыя абавязкова ёй чым-небудзь нашкодзяць!

Чарнобыль — гэта зона адчужэння. Не, не тая, так званая, 30-кіламетровая. Мне здаецца, што ўся мая родная зямля носіць гэта страшнае кляймо і яшчэ вельмі доўга будуць называць беларускую зямлю зонай.

Чарнобыль — гэта страх, усеабдымны страх перад будучыняй. Баючыся яе, мы сталі падазрона глядзець на лясы, нябёсы, на чыстую ваду. Сёння баімся ісці да доктара — невядома, што ён паведаміць, бо нябачныя удары радыяцыі хоць даганяюць не адразу, але б'юць напэўна...

Чарнобыль — гэта калі іншаземцы, што прыехалі да нас, з ледзьве прыхаваным жахам у вачах пытаюць: "А як вы жывяце тут, дзе доза ў дзесяткі разоў перавышае норму?!" Вядома, яны ніколі не зразумеюць нас, як не зразумелі раней мы, што ж меў на ўвазе адзін высокі начальнік, калі сказаў пасля аварыі наступныя словы: "...у нашай краіне назапашаны і абагульнены вялікі вопыт і кароткачасовых, і працяглых радыяцыйных уздзеянняў на прыроду і чалавека (?!)... і таму ніякага радыяцыйнага кашмару ў закранутых Чарнобылем раёнах няма і не прадбачыцца..."

Чарнобыль — гэта вайна, толькі страшнейшая за другую сусветную. Увогуле яна самая адметная з тых, што былі за ўвесь час існавання чалавецтва. На беларускіх абшарах лютуе вораг, толькі мы не бачым забойцу, не бачым і нічога не адчуваем, калі сустракаемся з ім, таму не ведаем, як змагацца супраць яго. Але і на гэтай жудаснай вайне былі свае героі, самыя звычайныя людзі: пажарнікі, служачыя, рабочыя — усе тыя, хто змагаўся з шалёнай стыхіяй у час выбуху на станцыі, хто ратаваў нас, не шкадуючы свайго жыцця.

Чарнобыль — гэта калі роспач і трывожны смутак, нібы ланцугі, сціскаюць сэрца і хочацца ад болю і бездапаможнасці крычаць на ўвесь свет, прасіць літасці ва Усявышняга: "Дзе ж ты, Госпадзі?! Навошта стварыў свет, калі ён згасае? I за што, за якія грахі майму народу такое гора і такія пакуты?"

Чарнобыль — гэта страшная помста ад роднай зямлі за ўсё: за дзесяцігоддзі здзекаў, за акіяны хлусні, за смяротныя грахі і памылкі маіх дзядоў і бацькоў. Мы самі ўвесь час ішлі да Чарнобыля, рабілі ўсё дзеля таго, каб гэта здарылася. Мы, і больш ніхто, вінаватыя ў трагедыі...

I ўсё ж я спадзяюся, што чарнобыльская аварыя не стане апошняй старонкай у гісторыі Бацькаўшчыны. Я нават маю зусім маленькую надзею-мару, што калі-небудзь хаця б для нашых унукаў рэкі і азёры зноў стануць здаровымі, а паветра жывым, дождж і сонца, як некалі, будуць паліваць, лашчыць і саграваць спакутаваную зямельку...

Я мару, бо іначай проста не варта жыць.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-