Ратуй нас, Божа!
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (5 галасоў)

Божа, які ты ёсць на небе, звяртаюся да цябе! Бо вельмі галосіць душа і балюча на сэрцы.

Хачу пачуць, Усявышні, за што пакараў ты маю шматпакутную Зямлю-матухну? Чым жа яна вінаватая перад табою?

Галашу і ўспамінаю той дзень, калі я з маці ляпіла градкі ў агародзе, а неба над маімі, патанаючымі ў садовай квецені, Калінкавічамі было блакітнае-блакітнае, сонца ззяла ласкава і пяшчотна, прыносячы асалоду. I не падказаў ты, Божа, што ўсё гэта — і сонца, і неба, і паветра вакол — пасыпана чарнобыльскім попелам. Шаноўны Уладыка, чаму не папярэдзіў ты і 1 Мая, калі я з маці, узяўшы ў рукі прыгожыя сцяжкі, разам з іншымі дзецьмі і дарослымі ішла на святочную дэманстрацыю, а з неба падала і падала нябачная радыяцыя...

Які жах успамінаць цяпер усё гэта і працягваць жыць сярод стронцыю і цэзію.

Прымі нізкі паклон, Ойча, за тое, што ты пераканаў нашых добразычліўцаў і яны адправілі мяне і шмат такіх, як я, у піянерскія лагеры. Мне было добра ў "Холдрэ", але ж на маёй зямлі заставаліся родныя, блізкія. А хто паклапаціўся пра іх? У чым іх віна?

А ў чым віна Андрэя Паліўнікава, якому нядаўна мы збіралі грошы для аперацыі? А за што прагневаўся ты, Божа, на Андрэя Калацэя, чатырнаццацігадовага сына маёй настаўніцы па фізіцы, які пакутуе ў Бараўлянах ужо другі год? Адкажы, Уладыка, малю цябе, бо нестае больш сілы глядзець на засмучаную маю настаўніцу і на пустую парту ў 9-м "А", што чакае свайго вучня. Дапамажы яму, Госпадзі, ён так любіць сваю малодшую сястрычку і часта сустракаў яе са школы (яна баіцца цемры). Ён так любіць дапамагаць сваёй маці,якая шмат працуе і вельмі стамляецца. Дапамажы яму выжыць, Ойча, выжыць усім, хто хварэе, каго падкасіла радыяцыя, хто спадзяецца ўжо толькі на цябе.

Вялікі дзякуй табе, Божа, што ахоўваеш маю сям'ю ад смяротнага ўздзеяння радыенуклідаў. Мне толькі 16 год. Вельмі цяжка жыць, пазіраючы на пакуты знаёмых, на здзек з маці-зямлі, на неба, ужо не такое блакітнае, якое было раней.

Божа, калі ты ёсць на свеце, зрабі так, каб па-ранейшаму весела спявалі птушкі, каб ішоў спорны дождж на палеткі, калі яны просяць піць, і дождж быў без стронцыю, каб суседзі-пенсіянеры зноў спявалі "Шумяць вербы каля грэблі" ці "Ой, аралі хлопцы ніву", сабраўшыся вечарам на лавачцы каля хаты маёй бабулі, а не пералічвалі чарговыя ахвяры Чарнобыля сярод сваіх знаёмых.

Я абяцаю табе, Божа, маліцца кожны дзень за ўсіх тых, каго люблю, паважаю, толькі пачуй мой плач, выратуй маю зямлю, маю Бацькаўшчыну.

Няхай свяціцца імя тваё, Усявышні, дзень і ноч, ахоўваючы нас, тваіх дзяцей, накіроўваючы на правільны шлях, аберагаючы ад спакусы, даючы жыццёвыя сілы і мудрасць.

Ратуй нас, Божа!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-