Раскіданае гняздо
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (2 галасоў)

Мой родны кут — Ветка — невялікі гарадок па-над Сожам. Там нарадзіліся мая маці, бабуля і прабабуля. Мне здаецца, што гэта самы прыгожы і прывабны куточак нашай роднай Беларусі. Калісьці, зусім даўно, тут нават Емяльян Пугачоў спыняўся на адну ноч. А які ў нас музей! Усе фарбы лясоў і палёў на вышытых ручніках, сабраных там, а таксама кнігі, іконы і іншыя старажытныя рэчы, што належалі нашым продкам. Зойдзеш у будынак — быццам час спыніўся і ты ў далёкім-далёкім мінулым. Як зачараваны ходзіш ціхенька-ціхенька, каб незнарок не патрывожыць чароўнай цішыні, хараства і наогул цудаў.

У той год на Першае мая было дужа спякотна. Мае старэйшыя брат і сястра павінны былі ісці ў школу, а потым на дэманстрацыю, я таксама напрасілася з імі, бо ў школу яшчэ не хадзіла: мне ў ліпені спаўнялася шэсць год. Было так добра, весела! Гэта апошняя дэманстрацыя, на якую хадзілі вучні.

А потым — заплаканыя вочы матулі, доўгая калона аўтобусаў. З дзяцей наўрад ці хто зразумеў, чаму плачуць дарослыя, — мы ж адпачываць едзем, чаму маці мяне суцяшае (я вельмі не хацела ехаць). Яна казала, што так трэба, што нам там будзе добра, як ніколі, а сама паціхеньку плача, каб мы не заўважылі. I пайшло, і пайшло: Ленінград, Нальчык, Адэса, Ялта, Штраўзберг, Даманава. Кожны год, калі ўлетку, калі ўзімку. Ездзіла, з кожным разам усё больш сумуючы па матулі, па сваёй роднай хаце, па сваёй школе.

У нас вельмі дружная сям'я. Так здарылася, што з намі, дзецьмі, толькі маці і бабуля, але мы ніколі не адчувалі сябе ў чымсьці абдзеленымі. Раней кожны вечар, збіраючыся разам, мы расказвалі матулі, як прайшоў дзень, што новага ў школе, якія прыгоды здарыліся. А ў нядзелю вечарамі у нас гучалі песні. Старэйшы брат браў акардэон, сёстры Таня з Аленай сядалі за піяніна, і пачыналася: мама спявала, я скакала, а яны ігралі. Самы старэйшы брат тады ўжо быў жанаты і кожную нядзелю прыходзіў да нас. Мы ніколі не ўяўлялі сабе, што калі-небудзь будзем жыць далека адзін ад аднаго. Толькі лес у выглядзе Чарнобыля разважыў па-свойму. Старэйшы брат — у Віцебску. Бабуля са старэйшай сястрой — у Ветцы, а мы вось ужо год жывём у Гомелі.

Тут цудоўная школа, добрыя настаўнікі, але для мяне няма нічога лепшага за маю Веткаўскую школу N2, нікога за маю першую настаўніцу Наталлю Леанідаўну, за майго класнага кіраўніка Надзею Раманаўну, за ўсіх-усіх настаўнікаў маёй роднай школы. Сумую. Вельмі сумую па сваіх сябрах і аднакласніках.

Маці заўсёды хвалюецца, калі я еду ў Ветку, але яшчэ больш хвалюецца, калі ў мяне падымаецца тэмпература. А яна ў мяне пачала падымацца ні з таго ні з сяго. Найбольш, калі пахвалююся.

Мары, мары. Вось і я мару сустрэць чараўніка, які б выканаў май адзінае жаданне: каб ніколі-ніколі не было Чарнобыля, каб мы ўсе-ўсе вярнуліся да сваёй бабулі, каб у нашай хаціне зноў загучала музыка, такая ж жыццярадасная, як і ў былыя часы, каб мой старэйшы брат жыў з намі блізенька, а я хадзіла ў сваю родную школу, да сваіх самых лепшых настаўнікаў.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь