Пілоту
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)
Я іду па мёртвых дарогах
Беларусі,
я ўзіраюся ў зорнае неба
над мёртвымі вёскамі
Гомельшчыны і Магілёўшчыны.
I я хачу, каб разам са мною
ішоў пілот,
беларус,
які пасадзіў на роднай зямлі
воблака Чарнобыля...

Яно чорнаю смерцю плыло
ў блакітным вясновым небе
і недзе б упала
мёртвым дажджом,
як таго пажадае прырода...

Пілот,
мы сустрэнем з табой землякоў,
мы сустрэнем з табою родных,
якія сеюць
на гэтай зямлі хлеб
і гадуюць дзяцей...

Яны маўчаць,
бо так мала ведаюць,
пілот,
ты многа ведаеш,
бо гэтак маўчыш!..

I калі Бог табе верне мову
і ты адважышся 
загаварыць з імі, —
спалатнеюць жанчыны,
сцішацца на руках немаўляты,
твары мужчын
пакрые халодны пот, —
і мая душа
вочы свае затуліць крыламі,
каб не аслепнуць ад гора...

А калі цішыня абарвецца
ціхім стогнам,
да цябе,
              зняможанага,
падыдзе чыясьці маці
і пашкадуе:
— Як жа цяжка табе, дзіцятка...
А які ж ты няшчасны, сынок!...

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь