Паразважаем з табою, мой дзённік
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Хацелася зваліцца і заснуць,
Ды так, каб болей гэты свет не бачыць,
Каб не замольваць страшную віну
За тое, што не можам перайначыць
Нічым, ніколі палыновы дзень
З сляпучым сонцам у смузе варожай,
Дзе і зямля, і тысячы людзей
Заложнікі, і ты між іх — заложнік...

Сяргей Законнікаў

26 сакавіка 1994 года

Даўно ўжо я не звярталася да цябе, мой дзённік! Што ж, не крыўдуй: дзевяты клас — амаль выпускны, і пісаніны хапае без цябе. I ўсё ж паразважаць над адным пытаннем хацелася б менавіта з табою.

Дрэнна быць настаўніцкім дзіцём... А асабліва, калі твая маці яшчэ бясконца нешта піша, недзе друкуе, удзельнічае ў нейкіх конкурсах. I цябе дакарае, што ты ўдалася зусім не па ёй. Дык вось: можа, даказаць ёй, што і я нечага вартая, ды напісаць конкурснае сачыненне аб Чарнобылі, пра якое дыктар аб'явіла ўчора? Тэма, праўда, вельмі балючая для беларусаў, пісаць адказна... Але яшчэ ёсць час падумаць.

27 сакавіка 94-га

Сёння пра конкурс нам гаварыла і настаўніца беларускай мовы. Вядома, перш за ўсё яна мела на ўвазе тых вучняў, што пераехалі ў наш горад з Гомельшчыны. Але я на іх месцы наўрад ці ўзялася б за такое сачыненне. Гэта ж — сыпаць соль на раны... А з другога боку, аб чым напішу я? Здаецца (дзякуй Богу!), нашу сям'ю гэтая пошасць абмінула. Усе жывыя і, як пішуць у медыцынскіх картах, практычна здаровыя. Дык пісаць ці не пісаць?

28 сакавіка 94-га

Ніколі не думала, што буду так узрушана з гэтай прычыны. Стараюся згадаць усё, што звязана з бядою 86-га ў маім жыцці. Але мне было ўсяго сем год, таму ўзнікаюць асобныя згадкі, як рознакаляровыя кавалачкі шкла ў дзіцячым калейдаскопе.

...Мы едзем да бабулі на Магілёўшчыну сеяць (як там кажуць) бульбу напярэдадні 1 Мая. Па прыёмніку гучыць нейкая інфармацыя аб аварыі. Бацькі ўзрушаны, але ненадоўга. Цяпер я разумею: упэўненыя ў светлай будучыні "саўкі". У вёсцы — свой клопат, тым больш, што радыяцыя не бачна і не чутна.

Цеплыня... Усе параспраналіся, маці ў купальніку, па раллі ходзіць басанож, мы з Сяргейкам у маечках.

...Потым — маміны слёзы. Праз некалькі месяцаў у малога з носіка амаль штодзень ідзе кроў, асабліва ў час сну, нават ноччу. Маці прыслухоўваецца да яго дыхання, каб своечасова падхапіцца: не дай Божа, задыхнецца. Увосень у бальніцу трапляю я: млявасць, бяссілле нейкае, ціск, кажуць, нізкі. Абследуюць. Дыягназ не ставяць. Маці зноў плача. I я пакрысе ўсведамляю: радыяцыя — гэта слёзы.

...Мой бацька — ваенны. Ён кажа, што хутка паедзем у Венгрыю. Маці радуецца: далей ад бяды. I вось мы ўжо з ёй нават пачынаем пакаваць тое-сёе. Але праз месяц бацька ад'язджае ў самую калыску бяды: на яе ліквідацыю. Гэтае слова ў мяне па сённяшні дзень асацыіруецца з назвамі Брагін і Хойнікі, адкуль бацька зрэдку тэлефануе. I маці зноў плача. Цяпер я ведаю дакладна: яго штодзённая гарэлачная "прафілактыка" на працягу тых чатырох месяцаў зрабіла невыносным усё далейшае жыццё нашай сям'і.

...У малодшага мамінага брата нарадзіліся дачушкі-блізняты. Іх кормяць толькі дзіцячым харчаваннем са слоічкаў, а малака ад бабулінай каровы Галкі не даюць.

Аднак я моцна захапілася ўспамінамі, ужо глыбокая ноч. Матуля спіць і не падазрае аб маіх творчых пакутах.

20 красавіка 94-га

Праз шэсць дзён скончыцца конкурсны тэрмін, а я так і не прыняла рашэння. Праўда, згадала вось яшчэ што: увесь час маці імкнецца на сваю радзіму. Яе вёска — на мяжы Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Але я ўпэўнена, што гэтая паездка не адбудзецца. Бо яна ж, мая маці, кажа, што людзі дзяцей сваіх вывозяць на захад, дзе чысцей крыху, а ёй хочацца ў зону... I дадае заўсёды: "Гэта для іншых Магілёўшчына — зона. А для мяне яна — радзіма". I зноў плача. Нарэшце, суцяшае сябе тым, што вернецца туды, калі мы з Сяргейкам станем дарослымі і прыжывёмся тут, а яна пойдзе на пенсію.

21 красавіка 94-га

Сёння мая сяброўка з 10-га класа, у якім беларускую мову выкладае мама, сказала, што яна раіла класу перачытаць паэму Сяргея Законнікава "Чорная быль". Я памятаю, мама некалі пісала водгук на гэты твор і пасылала ў "ЛІМ", а потым паказвала нам з Сяргейкам газету. Трэба і мне ўпотай перачытаць паэму, і, можа, я канчаткова вырашу пытанне пра свой удзел-няўдзел у конкурсе!

22 красавіка 94-га
Калі я скажу, што паэма мяне ўзрушыла, то нічога не скажу. Яна мне перавярнула ўсю душу. А мае "шкельцы"-успаміны набылі новы сэнс. Цяпер я разумею, што такое зона маўчання, хто такія марадзёры, бачу ўвачавідкі спакутаваных людзей і знясіленага чарнобыльскага воўка... А дзедавы аповеды пра канец свету ўвасобіліся ў канкрэтныя вобразы...

I ўсё ж я не пра гэта, а вось пра што: пра мае і будучыя пакаленні. "Вам і ў чорнай бязлітаснай скрусе трэба выжыць — чакаюць вякі," — сцвярджае паэт. А як, калі "сырадой бабуля зноўку цэдзіць у старыя гарлачы, і з малаком цячэ праз марлю цэзій?.." Калі "дзеці, нібы скошаныя краскі, вянуць, бо бяда — хварэе кроў?"

Маўчыць, нібы камень, зямля,
Палын невядомасцю свеціць...
Што будзе,
Што будзе пасля?..

Не, я не буду пісаць ніякае сачыненне і варушыць балючае яшчэ раз. Я не буду кідацца ў разважанні аб тым, чаго не перажыла, але хто ведае, што наканавана перажыць мне ці маім дзецям, маім унукам?.. "Глядзіць Беларусь на мяне, чарнеюць кругі пад вачыма..." А я, сярэднестатычны заложнік Чарнобыля, малю аб адным: няхай доўга-доўга жыве мая маці, няхай дачакаецца многа-многа ўнукаў і нават трошкі праўнукаў. I няхай ім, гэтым дзеткам, ніколі-ніколі больш не зададуць напісаць сачыненне пра Чарнобыль, бо ён бясследна знікне з лёсу беларусаў.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-