Палессе роднае, жыві!
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4.7 (6 галасоў)

Палессе роднае — любоў мая і боль,
Адны з табой у нас і сны і раны.
З якіх грахоў на іх апала соль
Такой бяды, вякамі нечуванай?

Не абмінула роспачы, трывог
Пакрыўджанага, стомленага веку.
Нібы закляцце, кінуты парог
Глядзіць услед жывому чалавеку.

А маці хойніцкім ці брагінскім наўрад
Малітвамі аплакаць невяртанне —
Тут нават снегу чысты белапад
Балюча адгукнецца раставаннем,

Што раніць цела, а найперш — душу
Трывогаю няведамага лёсу.
Той боль нямы і я ў сабе нашу,
Не давяраючы слязам-нябёсам.

А боль усё мацнее у грудзях,
Бо рушыцца спрадвечных звёнаў повязь:
Заўжды святыя... хлеб, вада жыцця... —
Атрутаю сягоння кроў напояць.

Чыя ж віна, што мой касмічны век
Яшчэ не знае ад хлусні збавення?
I радыяцыя — як непахісны здзек
Растраты чалавечага сумлення.

Аступішся сумленнем незнарок
Ты, чалавек, — пясняр красы зямное.
Ад радыяцыі да смерці — крок
I кане у нябыт усё жывое.

А ты — ўладар мільёнаў лёсаў, бог —
Свой лёс ад чалавецтва не адымеш.
I тое, што сягоння не збярог, —
Сваім нашчадкам попелам пакінеш.

Прыйдзі ж у зону, карнік і суддзя,
Жывая смерць табе тут усміхнецца.
Нябачная, яна — тваё дзіця,
Яна ў грудзях рэнтгенам адгукнецца.

Зямля Палесся — матчына зямля.
Жуда-сіло любові не астудзіць.
Ад вернага сыноўняга цяпла
Я веру, жыць маё Палессе будзе.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-