Падрасцём — зразумеем
Яшчэ не ацэнена

Сваім дзіцячым розумам я не магла ўсвядоміць трагедыі Чарнобыля. Была нават радасць ад таго, што можам усёй школай некуды паехаць і пабыць пэўны час без строгага бацькоўскага нагляду.

А як прыемна было, калі бацькі са слязамі на вачах сустракалі на вакзале. Для нас, дзяцей, гэта былі проста слёзы радасці. А для бацькоў?.. Мабыць, не толькі радасці. Бо калі аднойчы я запытала ў матулі, чаму яна плача, яна, глытаючы слёзы, адказала: "Падрасцеш — зразумееш".

Як змянілася мае разуменне чарнобыльскай трагедыі цяпер. Я ўжо добра ўсвядоміла, што значаць выразы "чарнобыльскі палын" і "чарнобыльскі дождж", і ведаю, чаму месцы абавязковага адсялення называюць мёртвымі зонамі, мясцовасці, забруджаныя радыенуклідамі, — зонамі выжывання, а матэрыяльную дапамогу — невялікія грошы, якія дае дзяржава ў забруджаных зонах, — "трунавымі".

Два гады назад памёр ад лімфасаркомы дзевяцігадовы пляменнік маёй маці. Дзесяцігадовым памёр хлапчук, з якім я вучылася ў першым класе, ад злаякаснай пухліны. Памерла ад рака ў 37-гадовым узросце маці маёй аднакласніцы. Ужо восем месяцаў адсутнічае наша настаўніца матэматыкі, якая знаходзіцца з хворым пятнаццацігадовым сынам у Мінскім анкалагічным цэнтры.

У Пімена Панчанкі ёсць верш "Учора сэрца сціснула мне жалем", у якім паэт іранізуе над смерцю:

Бяры старых распусніц, цісні грудай,
Хапай бандзюг, бязносая карга.
А ты бярэш і маладых, і мудрых.
Ці, можа, пераблытана чарга?

Смерць усё часцей і часцей пачала забіраць маладых ды дзяцей, дзяцей...

Усё часцей з трывожнымі думкамі выходзяць маці са сваімі дзецьмі з кабінетаў урачоў. У кожнага другога з правераных дзяцей нашай школы павялічана шчытападобная залоза.

Усё часцей дзеці ні з таго ні з сяго трацяць прытомнасць.

Узроставы перыяд, кажуць урачы... А чаму раней працэс фарміравання арганізма дзяцей ішоў без такіх адхіленняў?

Ці не рэха гэта Чарнобыля? Ці не таму, што арганізм дзяцей аслаблены, кволы? Ці не таму, што замест вітамінаў нам даводзіцца спажываць нічым не замененыя радыенукліды?

У кнізе У.Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі" прыводзіцца легенда, складзеная ў 30-я гады XIX стагоддзя, як Бог дзяліў землі. У ёй гаворыцца, што беларусам дастаўся рай: рэкі — поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя, а яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыба ў рэках — касякамі, пчолы ў борцях — мільёнамі.

Цяпер, напрыканцы XX стагоддзя, нам, беларусам, застаўся Чарнобыль, горкі, знішчальны, няўмольны. I рай спакваля ператвараецца ў пекла.

У адным з вершаў той жа Пімен Панчанка даводзіць, што няма на зямлі такога гора, якое б нельга было перажыць, не хочуць толькі матулі сівыя з горам сваім расстацца, сыноў ім не вернеш, не дапаможаш.

Хто скажа, каго ці што яшчэ забярэ ў нашых матуль Чарнобыль, які выбраў нас? Хто скажа, як яго перажыць?

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-