Няўжо гэта ўсё навек?
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 3.7 (3 галасоў)

Родны дом, родная вёска, родны горад, Радзіма. Калі ў нашай душы пачало ўзнікаць замілаванне да ўсяго гэтага? Мабыць, з маленства, калі ў сэрца западуць нейкія вобразы, гукі, словы і нават пахі. I гэтыя ўспаміны цепляць, падтрымліваюць у цяжкую хвіліну. Дзе б ты ні быў, дзе б ні жыў, а ўспаміны пра дзіцячыя гады не пакідаюць чалавека нават у сне. Сняцца грыбныя паходы і пад дрэвамі баравікі: падразаеш іх і акуратна кладзеш у кош...

Калі цяпер ідзеш у свой родны лес — хочацца і не хочацца, таму што гэты лес ужо крануў цень Чарнобыля.

Чарнобыль — нібыта навала.
Што нашу старонку апанавала.
На радыяцыйнай карце
Бачу загублены лес.
Карта,
Як сшытак на парце, —
У чорных кляксах увесь.
Бачу сумныя рэкі.
Вёсачкі і гарады...
Няўжо гэта ўсё навекі?
I нам чакаць большай бяды?

Бяда заўсёды разам з намі. I сапраўды: адбылося штосьці жудаснае. I адбылося гэта з намі неяк неўпрыкметку, быццам і не з намі, а з нежывымі людзьмі. Нічога больш жахлівага за радыяцыю наўрад ці хто-небудзь вынайдзе.

Жах бярэ, калі пачынаеш думаць, што зямля, па якой ходзіш, паветра, якім дыхаеш, усё, што складае біясферу ў нашым краі, — з чарнобыльскай меткай. Кожны жыхар — жывая мішэнь для радыяцыі. Жыццё ў забруджанай зоне страціла ўвесь сэнс. Гэтыя зоны непрыгодныя для сельскай гаспадаркі. Іх чакае залясенне. На такіх землях нельга атрымаць чыстую прадукцыю. А калі няма чыстых кармоў, адкуль жа быць чыстаму малаку! Вось так адно чапляецца за другое. У калгасах гэтай зоны ніякіх перспектыў для развіцця няма, таму што ўсё перакрэслена радыяцыяй. Устаноўлена прамая сувязь радыяцыі з лейкеміяй, ракам шчытападобнай залозы, лёгкіх. Гэта пацвердзіла небяспечнасць пражывання чалавека на такіх тэрыторыях. Доследы з пацукамі дапамаглі выявіць факт разносу радыеактыўнага забруджвання па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у першую чаргу з прадуктамі харчавання. Але жыхары рэспублікі, што вырабляюць на сваіх прадпрыемствах, тое і спажываюць. Многія заўважылі (апошнім часам гэта было пацверджана і па тэлебачанні ў праграме "Да і пасля поўначы"), што на этыкетках дакладныя адрасы прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю, заменены на няпэўнае і расплывістае — "Аграпрам". Месца мае і фальсіфікацыя. Напрыклад, на слоіках маянэзу, вырабленага ў Гомелі, з'явіліся накрыўкі з маскоўскімі адрасамі. Гэта пазбавіла насельніцтва кантраляваць сваё харчаванне, што асабліва важна для таго, каб карміць дзяцей.

Балюча робіцца на душы, калі я чытаю дзе-небудзь звесткі аб Чарнобылі. Прыгадваючы апісанне вясны ў пачатку майго сачынення, мне цяжка ўявіць, што было ў садах увосень. Пунсавелі на дрэвах, ападалі і засцілалі зямлю дываном прыгожыя яблыкі, налітыя... стронцыем. Лёс па-свойму распарадзіўся над тымі, хто жыў у зоне. Старыя вырашылі застацца на сваіх сялібах да смерці, іншыя, шкадуючы дзяцей, згадзіліся на высяленне. Але якім жалем напоўнены радкі з верша Антаніны Хатэнка, дзе яна апісвае сучасную рэчаіснасць:

Хусцінку сціскаюць далоні нямыя.
Над белай зямлёй — Чорны Дух лейкеміі.
Ляцяць Саракі. Сорак выраяў птушак
Над краем, дзе звеку сяліліся душы...

З той трагічнай красавіцкай раніцы мінула восем гадоў. Вярхоўным Саветам краіны прыняты законы ў інтарэсах нашай абароны. Вялікую дапамогу аказваюць рэспубліцы дабрачынныя арганізацыі і людзі добрай волі з усяго свету.

Чарнобыльская катастрофа, безумоўна, не змагла не паўплываць на псіхалогію людзей. I не толькі тых, якія жывуць у пацярпелых раёнах, але і па ўсёй рэспубліцы. Я вельмі хацела б, каб людзі былі дабрэйшымі адзін да аднаго, дапамагалі адзін аднаму парадай, добрым словам, а дзе хто можа, — і грашыма. Хочацца, каб кіраўнікі нашага ўрада сачылі за якасцю прадуктаў харчавання, каб на прылаўкі магазінаў паступалі толькі чыстыя прадукты. Трэба прадугледзець арганізацыю экацэнтраў у рэспубліцы, дзе дарослыя і дзеці знаёміліся б з простымі і надзейнымі спосабамі бяспечнай працы з зямлёй, вадой, драўнінай, тэхнікай ва ўмовах забруджвання. Трэба ў гэтых цэнтрах прадугледзець шырокае выкарыстанне нетрадыцыйных, народных спосабаў лячэння і папярэджвання захворванняў. Гэтыя цэнтры навучаць жыццю, дапамогуць выжыць.

Чарнобыль стукаецца ў нашы сэрцы. Ён — наш боль, гісторыя, памяць.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-