Новыя святцы
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4.5 (2 галасоў)
Ідзе нацяжку маладзічка.
Яна чакае маладзічка
Пульхнагубага,
З салодкім азадачкам,
Які цалавацьме
Ціхою хвілінай расчулення.

На колькі вякоў
Яе сваякоў
Слова «чарнобыль»
Значыла траву жывучую.
Гэта бабка ці прапрабабка
Маладзічкі,
Што нацяжку ідзе,
Спявала,
Цвелячы маладзічка свайго:
       Чарнобыль, чарнобыль —
       Таўстое былле,
       Хто мяне не любіць,
       Даўно кабылле...
I святцы ва ўсіх сваякоў
На колькі вякоў
Малым давалі імёны даўнія,
Чутыя і перачутыя
Лесунамі, вадзянікамі, дамавікамі,
Зюзем, Жыжалем, Жыценем, Перуном, —
Імёны наступныя:
       Адась, Аўлас, Астас, Аніс, Арсайла,
       Бахрым, Базыль, Богша, Баркулаб,
       Валадар, Даніла, Канстайла, Курыла,
       Лукаш, Лютысь, Майсюк, Мялешка,
       Радзім, Пратас, Селівей, Хадаш,
       Юльяш, Юстын, Якуб, Язэп, Ясь...
Усім ставала імёнаў адвечных,
Царквою і даўніною асвечаных.

А ў век жахлівы Чарнобыля
Асвечаны хмарамі
Імёны новыя:
       Атам, Плутоній, Радзій, Цэзій...

Якую вясёлую пастрыкушку
Свайму жанішку
Заспявае прапраўнучка маладзічкі,
Што ідзе нацяжку?

Якія імёны
Будуць даваць немаўлятам?

Ці хопіць іх, немаўлят,
На ўсе імёны старыя?

Алілуя! —
Гучаць мне з патайных сховін
Абязлюджанага сабора,
Што аглух ад людскога гора,
Як Бетховен...

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-