Нехта нешта недагледзеў
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Калі здарылася непапраўнае, тыя жыхары, якія аказаліся ў забруджанай радыяцыяй зоне, былі адселены ў менш забруджаныя раёны, дзе жыццё іх было ў большай бяспецы.

Аднак гэта не пазбавіла нас ад праблем.

Радыенукліды, назапашваючыся, дрэнна дзейнічаюць на здароўе чалавека. Шмат дзяцей, якім было да сямі год, больш чым дарослыя пацярпелі ад радыяцыі таму, што яны былі бліжэй да зямлі, да пылу.

Нас таксама гэта не абмінула. Было мне ў той час сем год, і радыяцыя дрэнна адбілася на маім здароўі. У мяне з'явіліся хваробы падстраўнікавай залозы і страўніка. Мая маці ўжо анкалагічна хворая. А два гады назад памерла ад захворвання ракам крыві мая найлепшая цётка. якой было дваццаць тры гады. У яе застаўся трохгадовы сын і невядома, як на ім адаб'ецца радыяцыя.

Мясцовыя ўлады раз-пораз арганізоўваюць вываз дзяцей на адпачынак у чыстыя зоны. Але ўсё гэта чамусьці не для мяне. У некаторых ёсць магчымасць з'ездзіць за мяжу, толькі для гэтага, напэўна, патрэбны вялікія грошы, якіх у мяне няма. I круглы год я знаходжуся ў забруджанай зоне Гомельскай вобласці. Падчас летніх канікулаў езджу адпачываць у вёску ў Буда-Кашалёўскі раён, але і там не менш радыяцыі, чым у маім горадзе Жлобіне.

Усё насунулася на Беларусь з-за памылак нейкіх людзей. Нехта недзе нешта недагледзеў, а ні ў чым не вінаватыя людзі вымушаны плаціць за гэта сваім здароўем, нават жыццём. I хоць мінула ўжо восем гадоў, жыццё не палепшылася. Мы дыхаем забруджаным радыенуклідамі паветрам, таму што не можам не дыхаць. Мы ядзім беларускую бульбу, якая, нягледзячы на ўсё, расце на нашай дарагой роднай зямлі; беларус без бульбы — не беларус. У сувязі з радыяцыяй у наш час нараджаюцца дзеці з фізічнымі і іншымі адхіленнямі. Але ніхто і ніколі не зможа забараніць жанчынам рабіцца матулямі, бо кожная хоча пачуць ад свайго роднага і кроўнага дзіцяці слова "маці". I яшчэ з той прычыны, што беларускі народ павінен мець свой працяг, сваю будучыню.

З кожным годам будзе аднаўляцца колькасць жыхароў у горадзе, вёсцы, і гэты народ будзе змагацца за сваё жыццё. А калі нехта робіць памылкі, то сам павінен і адказваць за іх па ўсёй строгасці закону, бо несправядліва, калі беларуская нацыя церпіць з-за чужога нядбайства.

Яшчэ я вельмі ўдзячна тым замежным людзям, якія шлюць нам сваю дапамогу, у тым ліку і медыкаменты. Калі ж нашы ўлады ўжо склалі рукі і заплюшчылі на праблему вочы, то няхай яны не думаюць, што праблема тым часам вырашана. Аб гэтым ім будзе напамінаць вялікая смяротнасць насельніцтва, якое жыве ў забруджанай зоне і якому своечасова не будзе аказана медыцынская і іншая дапамога.

Але ж хочацца яшчэ сказаць за ўсіх, што беларус жыў, жыве і будзе жыць, а розныя начальнікі і іх падхалімы, якія так рана здрадзілі інтарэсам народа, будуць пракляты ў вяках.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-