Не забуду Брыгіту, Бэці і Пію
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

На дзень аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі мы з маці і маленькай сястрычкай былі ў Рэчыцы Гомельскай вобласці. Наслухаўшыся пра аварыю, адразу ж пачалі збірацца да дзядулі ў горад Івацэвічы на Брэстчыну. Але не маглі купіць білетаў. Неўзабаве нам пашанцавала, купілі... I вось мы ў Івацэвічах. Толькі праз год вярнуліся дамоў у Мазыр.

Здавалася, усё добра, але раптам я захварэла: павялічылася шчытападобная залоза, і мне зрабілі аперацыю. Ніколі не забуду белы аперацыйны пакой, а на сцяне вялікі электронны гадзіннік з зялёнымі лічбамі. Аперацыя працягвалася тры гадзіны. Прачнулася ў рэанімацыі. Два месяцы праляжала ў ложку, але ж лячэнне ў бальніцы было недастатковым, і мяне з татам паслалі ў Германію ў Брандэнбургскую клініку. Тут ёсць усё для добрага лячэння і адпачынку: спартыўныя трэнажоры, плавальны басейн, дзіцячы пакой, кінатэатр. Клініка знаходзіцца ў лесе. І ў любы час можна прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. Ніколі не забуду добрых медсясцёр Брыгіту і Бэці, нашу перакладчыцу Пію.

Калі я туды прыехала, першае, што кінулася ў вочы, — гэта чыстыя вуліцы і дамы. Нідзе ніводнай паперкі. Мне было так добра, што не хацелася ехаць адтуль. Чаму ж у нашых дзяцей пасля бальніцы застаюцца ўспаміны пра балючыя уколы, горкія таблеткі, пра злосных санітарак, пра тужлівыя вечары калі хочацца хутчэй дадому, да маці і таты, да сяброў.

Цяпер я — інвалід. Раней рэдка сустракалася гэта слова, зараз чую яго кожны дзень. Карыстаюся многімі льготамі: маю права на бясплатны праезд у аўтобусах, кожны месяц атрымліваю грашовую дапамогу. Але што гэта мне дае? Я ўсё жыццё буду піць таблеткі, мне нельга ездзіць на мора, трэба часта наведвацца ў бальніцу.

Колькі ў нас хворых дзяцей, якім не дапамогуць нават замежныя ўрачы... I гэта няшчасце з-за вялікай памылкі дарослых. Пякучым болем будзе жыць чарнобыльская бяда ў людскіх сэрцах яшчэ не адзін дзесятак гадоў, бо цяжкія хваробы і разбураныя лёсы — напамінак усяму.

Як бы хацелася, каб гэты жудасны ўрок быў апошнім у гісторыі чалавецтва, каб нідзе і ніколі не магло паўтарыцца штосьці падобнае.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-