Не — мёртвым зонам!
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Мае бацькі любілі вандраць па роднай Беларусі, пабывалі разам са мной у многіх блізкіх і далёкіх куточках. Што мяне больш за ўсе ўразіла ў час падарожжаў, што кранула? Гэта помнікі: помнікі ваеннай гісторыі, помнікі воінам-вызваліцелям, партызанам, землякам, якія змагаліся за нашу будучыню.

У помніках — трагедыя вайны. А зараз да гэтай трагедыі далучылася яшчэ адна — Чарнобыль.

На палескай зямлі ёсць Міцінскія могілкі — вялікі горад мёртвых, які раскінуўся за вёскай Міціна. Зусім маладыя могілкі. На галоўнай алеі — дваццаць шэсць магіл з аднолькавымі белакаменнымі помнікамі, невялікімі стэламі. Тут пахаваны ўдзельнікі ліквідацыі чарнобыльскай аварыі.

Іх смерць ускалыхнула людзей.
Не кукаваць у лесе тым зязюлям.
Не голы ён, куды страшней — нямы!
О, людзі, позна вы адчулі:
Чарнобыль — гэта ж з ядзернай вайны!

Я шчаслівы, як і многія мае аднагодкі, што не апынуўся на тэрыторыі сённяшняй забруджанай зоны. Але мне балюча за свой край.

Для кожнага чалавека надыходзіць такі час, калі ён пачынае падводзіць вынікі не толькі свайго асабістага жыцця, але і задумвацца над лёсам сваёй краіны, гісторыяй свайго народа, ацэньваць свой асабісты уклад у агульную народную справу. Маральным штуршком у такіх развагах часцей за ўсё бываюць нейкія сур'ёзныя падзеі. Мне хочацца расказаць пра людзей, імёны якіх ведае ўся краіна.

Плыла красавіцкая ноч над Чарнобылем. I раптам на чацвёртым рэактары — пажар. Гарэў дах. Праз сто секунд дзяжурны каравул пажарнай N2 па ахове АЭС быў на месцы аварыі. 23-гадовы лейтэнант Уладзімір Правік выйшаў на лінію агню, узяў на сябе кіраўніцтва ў барацьбе з пажарам на атамнай станцыі, дзе было больш за сорак ачагоў. З якога пачаць? Які пажар самы небяспечны? На адказ адводзіцца імгненне.

Іх было дваццаць восем чалавек — байцоў трох пажарных каравулаў. Яны павінны былі калі не патушыць, то хоць бы не дапусціць распаўсюджвання пажару. Узляцеў па лесвіцы на 70-мятровую вышыню старшы лейтэнант Васіль Ігнаценка. На дах машыннай залы кінуўся Уладзімір Цішура. На АЭС прыехаў начальнік пажарнай часці маёр Уладзімір Цялятнікаў. Ён убачыў жудасную карціну. Рэактар дыхаў агнём, на агромністай вышыні мітусіліся фігуркі людзей. Гэта быў самы небяспечны ўчастак. Маёр зразумеў усю трагедыю і бязвыхаднасць становішча, у якім аказаліся Віктар Кібянок, Уладзімір Правік, Васіль Ігнаценка, Мікалай Вашчук, Уладзімір Цішура, Мікалай Ціцянок. Машынная зала была выратавана. Пажарнікі перамаглі агонь, бо кожны з іх разумеў, што адступаць няма куды, за імі — дзеці, бацькі і маці, старыя, за імі родная зямля. Яны стараліся апярэдзіць адзін аднаго ў барацьбе з агнём, не шкадуючы сябе, сваіх жыццяў.

Леанід Цялятнікаў атрымаў апрамяненне 360—380 рэнтген. Два месяцы будуць змагацца за яго жыццё дактары. I здарыцца цуд. Цялятнікаў застанецца жыць.

204 чалавекі атрымалі дозу апрамянення ад 25 да 100 бэр. Храбрасць, мужнасць, самаахвярнасць. Як выхаваць такія якасці? Я захапляюся гераізмам гэтых людзей, бо яны прайшлі праз пекла выпрабаванняў. Іх подзвіг можна параўнаць з подзвігам воінаў-вызваліцеляў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Чарнобыль! Чарнобыльская бяда! Па-рознаму паводзілі сябе людзі ў тэты час. Большасць гераічна, некаторыя панікавалі, а некаторыя станавіліся дэзерцірамі. Бяда, як рэнтген, прасвечвае душу кожнага, хто трапляе ў яе зону. Зону павышанай высакароднасці, павышанай праўды і сумлення.

Ідуць гады. Тысячы людзей будуць захоўваць у сваёй памяці мужных байцоў чарнобыльскай трагедыі. Чарнобыльскі боль немагчыма суцешыць калейдаскопам чароўных уражанняў ад аздараўленчых вандровак нашых дзяцей па свеце, не суняць абяцаннем урада аб увядзенні дадатковых кампенсацый насельніцтву суверэннай Беларусі, не заспакоіць прагнозамі медыцынскай навукі. За ўсім гэтым адчуваецца зманлівасць.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС ускалыхнула Зямлю і ўнесла нямала карэктываў у наша жыццё. У мову ўкараніліся словы "радыяцыйны фон", "бэр", "кюры"... Цяпер наша жыццё будуецца з папраўкай на Чарнобыль.

Калючы дрот, змрочныя аб'явы, забароненыя для чалавечага жыцця зоны. I гэта не старая хроніка ваенных гадоў. Гэта адбываецца сёння ў нашай Беларусі. Чарнобыль — гэта зямля, на якой нельга сеяць. Вада, якую нельга піць. Паветра, якім нельга дыхаць. Бацькоўскі дом, які трэба пакінуць назаўсёды. На гэту зямлю не вернуцца дзеці, нашы ўнукі. Але ж калі-небудзь, калі зямля перахварэе цэзіем і стронцыем, мы вернемся. I няхай гэта будзем не мы, а нашы далёкія-далёкія нашчадкі. Зямля пазнае тых, хто спрадвеку жыў на ёй. Абавязкова пазнае і даруе. Я веру ў гэта.

У жыцці нашым столькі цяжкасцей. Нікому з нас невядома, колькі мы пражывем, ці многа паспеем зрабіць. Ды след, які мы пакінем пасля сябе, абавязкова павінен быць добры. Каб людзям было што ўспомніць пра нас. I мне так хочацца, каб не было ў маёй краіне мёртвых і забароненых зон. А на зямлі гэтых зон хутчэй выраслі светлыя бярозавыя гаі, шумлівыя сады, на яблынях — сакавітыя яблыкі. Каб паветрам можна было дыхаць, ваду — піць, а зямлю — засяваць.

Няхай будзе паветра чыстым.
А неба блакітным!
Палі засяваюцца,
Збажыной залатой наліваюцца.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-