Насупраць цёмнай ночанькі
Яшчэ не ацэнена

Мне было ўсяго пяць гадоў, калі нашу невялічкую вёсачку апаліў Чарнобыль.

Не абмінула бяда і нашу хату. Мой старэйшы брат Міша памёр ад страшэннай хваробы, якая быццам касою косіць цяпер людзей, — ад раку. Урачы кажуць, што падзейнічала радыяцыя. Міша памёр за тыдзень да сваёй дваццатай вясны. Ракавае захворванне — адгалосак аварыі на Чарнобыльскай АЭС. I чаму страшэнны выбар паў на майго брата, на тысячы іншых, што пакідаюць жыццё? Ці не таму, што гэтыя людзі не могуць абараніць сябе ад смерці?

...Апошнія дні ён ужо не мог падымацца з ложка. Прасіў: "Сядзь, Машачка, каля мяне, прычашы, каб я быў прыгожы". Я прычэсвала яго, а ён пазіраў на мяне сваімі сумнымі вачамі. А я маліла:

Не згасайце, вочанькі,
Проці цёмнай ночанькі...

Нам было цяжка. Я бачыла, як употайкі ад усіх плакала мама. Так Чарнобыль назаўсёды ўвайшоў у наш лёс, пасяліўся жалобным здымкам у хаце.

Час ідзе. I калі раней людзі, прыгадваючы падзеі свайго жыцця, казалі: "Гэта было да вайны ці пасля яе", то цяпер кажуць: "Гэта было да чарнобыльскай аварыі, а гэта — пасля". Чарнобыль стаў мяжой, адрэзкам часу, гістарычнай вяхой, і вінаваты ў гэтай трагедыі перш за ўсё тыя, хто несумленна адносіцца да сваіх абавязкаў і не думае пра лёс грамадства.

Чарнобыль цяпер дае нам урокі сумлення, дбайнасці, дабрыні, міласэрнасці, памяці. Усё гэта — чалавечнасць. Там, дзе знікае чалавечнасць, пачынаецца бяда. Сёння яна ў нашым доме. Яна не праходзіць.

I праз гады,
I праз стагоддзі
нас не пакіне боль той, бо
ён і вялікі і бясконцы,
не ўтаймаваць яго мальбой.

Хутчэй пяройдзе ён
к нашчадкам,
каб з імі быць,
каб іх трывожыць,
каб растапіць у сэрцы лёд.
каб ведаў на планеце кожны
пра дзень той і злашчасны год.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-