Мы радаваліся вясноваму дожджыку...
Яшчэ не ацэнена

Быў час, калі пра Чарнобыль мала хто ведаў. Цяпер мы ўспамінаем пра атамную трагедыю кожны дзень з болем у сэрцы.

Красавік 86-га... Якраз у гэты час наша сям'я пераязджала з хутара Беражок у вёску Карпавічы. Я больш за ўсіх радавалася пераезду, бо там, дзе мы жылі раней, у мяне не было сяброў, і гэта перамена прываблівала. Я марыла і чакала, што жыццё цяпер будзе шчаслівейшым і цікавейшым. Памятаю таксама ўстрывожаны мамін твар. Яна гучна размаўляла з суседкай пра нейкую "радыяцыю". Потым супакойвала сябе тым, што мы далёка ад Чарнобыля. Для нас, малых (я збіралася тады ў другі клас), гэта было незразумела, ды і цяпер далёка не ўсе сур'ёзна ўспрымаюць небяспеку Чарнобыля.

А мы радаваліся цёпламу надвор'ю, вясноваму дожджыку, пасля якога пануе такі цудоўны водар свежасці і бадзёрасці. Нам так падабалася гойсаць па лужынах, весела смяяцца, калі кроплі ахіналі цябе мяккім вільготным веерам, пералічваць колеры вясёлкі. Мы зусім не ведалі, што адбываецца ў дарослым жыцці. Потым з'явіліся людзі з дазіметрамі (мы любілі сачыць за іх работай). У вёсцы сталі асфальтаваць дарогі, засыпаць смецце грунтам, вывозіць зямлю са школьнай тэрыторыі. Было радасна, што ў магазін пачалі завозіць разнастайныя прадукты харчавання. Цяпер мы гэтаму не надаём асаблівай увагі, бо ведаем, што радыяцыі не паменее. Ды ўжо і прадуктаў "спецыяльных" даўно не завозяць.

У Карпавічах амаль няма здаровых дзяцей. Кажуць, што цяпер нашу вёску зрабілі "чыстай", хаця сем год яна была на карце як радыеактыўная. Лягчэй ад гэтага не стала, а, наадварот, крыўдна. У большасці людзей павялічана шчытападобная залоза. "Антыструмін" і іншыя медпрэпараты мала дапамаглі. А колькі дзяцей з малакроўем! Дактары гавораць, што пад уплывам радыяцыі арганізм страчвае імунітэт. Вось і мая сястрычка Алёнка часта хварэе. Вельмі дапамагаюць нам паездкі на аздараўленне ў Ялту, у Сочы, у санаторый "Саюз", што за Радашковічамі ў Беларусі. Адчуваеш сябе бадзёрым, лёгкім, не баліць галава, няма ламоты ў целе, не хварэеш часта. З'яўляецца шмат новых сяброў. А колькі цікавых сустрэч! Уражваюць краявіды, гістарычныя мясціны. Душа багацее!

За мяжой мне пабываць не давялося. Хацелася б, але ведаю, што ёсць дзеці больш хворыя, чым я. Здзіўляюць іншы раз незразумелыя адносіны да дзяцей настаўнікаў. За мяжу — нельга, у санаторый — у апошнюю чаргу. Хаця гэтыя дзеці ў школе нясуць значна большую нагрузку, ды і здароўе не пытае сваяцтва. Таму мы вельмі рады і ўдзячны за кароткія хвіліны шчасця, што сустракаюцца ў жыцці, бо яны ўмацоўваюць душу.

Цяпер я перастала ездзіць да дзядулі на Палессе. Бацькі гавораць, што нам хопіць і сваёй радыяцыі. А як цудоўна было там! Колькі клубніц! А зараз... Мясціны пусцеюць, людзі пакідаюць свае гнёзды.

Вельмі непрыемна было, калі нас у Сочы называлі "чарнобыльскімі вожыкамі", цураліся. А ў нас жа фон значна ніжэйшы, чым, напрыклад, на Гомельшчыне. А як жыць перасяленцам? I мы, і яны невінаватыя ў тым, што здарылася. Чарнобыль стукае ў нашы сэрцы кожны дзень. Хто б змог павярнуць гадзіннікавую стрэлку ў той час, калі мы пераязджалі ў Карпавічы яшчэ да 26 красавіка? Дзе той добры чараўнік? Чаму ён не спяшаецца на дапамогу?..

Мы не губляем надзеі. Мы будзем жыць, бо ў нас ёсць запас трываласці, мы — беларусы!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-