Мае другія бацькі
Яшчэ не ацэнена

Першага мая мае бацькі перабіралі недалёка ад дома насенную бульбу. Было спякотна. і я часта насіла ім піць ваду.

А вечарам на захадзе з'явілася пыльная хмара. Яна хутка набліжалася. Мы ледзь паспелі забегчы ў калідор нашага дома. I тут такое пачалося! квальны вецер, пясок, салома, папера, галінкі дрэў праносіліся з вялікай хуткасцю. Так было хвілін дзесяць. Потым сціхла.

Праз некалькі дзён прайшоў дождж. Лужыны былі пакрыты жоўтай пенай. Нам тлумачылі, што гэта пылок з дрэў, хоць яны і не цвілі. Неўзабаве прыйшло указанне паслаць машыны ў Хойніцкі раён вывозіць жывёлу. Вадзіцелі і прывезлі адтуль страшную вестку аб тым, што на Чарнобыльскай АЭС, якая знаходзіцца ад нас за 100 кіламетраў, здарылася аварыя, што людзей вывозяць і скаціну таксама. Вось тут і стала зразумела, што пыльная бура і жоўтая пена на вадзе — вынікі трагедыі. Цяпер мы жывём у зоне забруджвання ад 5 да 15 кюры.

Першае, што прапанавалі ўрачы, — гэта развесці 15—25 кропель еду ў вадзе, піць для прафілактыкі і як мага менш знаходзіцца на вуліцы. Але было гэта ў сярэдзіне мая.

Праз месяц дзяцей старэйшага ўзросту вывезлі ў Ліпецкую вобласць на 60 дзён, а мы, дзеці-дашкаляты, былі дома. I толькі ў 1989 годзе мне пашчасціла выехаць на аздараўленне ў Віцебскую вобласць, у піянерскі лагер на 24 дні. У 1990—92 гадах я пабывала ў Азербайджане, Малдове і ў Крыме. Усюды было вельмі добра, але мне хочацца расказаць, як я два разы ездзіла ў Бельгію.

Бельгійскі дабрачынны фонд "Дапамога дзецям у бядзе" на чале з прэзідэнтам Х'юга Івенам арганізаваў вываз дзяцей раённага цэнтра Кармы і 12 дзяцей Ігаўскай сярэдняй школы.

I вось мы ў Гінгеломе, пункце нашага прызначэння. Як там прыгожа! Гэта цяжка перадаць словамі, гэта трэба бачыць. Больш за ўсё мяне здзівіла, што ўсюды ідэальная чысціня, каля дамоў абрэзаныя кусцікі, падмеценыя дарожкі, абавязкова невялікі сад і многа-многа кветак.

Нас размеркавалі па сем'ях. Мне пашанцавала: гаспадары трапіліся вельмі добрыя, размаўлялі на англійскай мове, якую я вывучаю ў школе. Гаспадар Ламбэрт, гаспадыня Югет і дачка Анэліз. Усе такога ж узросту, як мае бацькі і я сама.

А сёлета яны прыязджалі да нас у Ігаўку. Былі толькі тыдзень. Ім вельмі спадабалася ў нас, дый пабачылі сапраўдную зіму (былі яны ў лютым, калі маразы даходзілі да 20—25 градусаў).

Я вельмі шчаслівая, што пазнаёмілася з гэтай дзіўнай краінай, што ў мяне ёсць там другія бацькі (яны так і сказалі: "Мы твае бельгійскія бацькі на ўсё жыццё"). Яны, можна сказаць, падстрахоўваюць і ахоўваюць мяне. Дай, Бог, ім здароўя і шчасця!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь