Лямант
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4.9 (7 галасоў)

1

Зноў,
Як на дасвецці чалавецтва,
Чалавеку ўпуджанаму трэба,
Затаіўшыся,
Баяцца неба,
Біць паклон счарнелай галавешцы,
Што пакінула ад саду полымя.
Не святлець ад радасці,
Як з поўнымі
Вёдрамі
Дарогу пераходзяць,
Бо і чыстая вада зашкодзіць
Можа,
Хоць і прадзеды і ўнукі
Гаварылі на сваім раду:
Няма нічога
Брудней за рукі,
Няма нічога
Чысцей за ваду –
Вада падыме травы нямыя
І нас у шлях наш апошні абмые.
Калі віталі раней маладую,
Дык пажаданку казалі такую:
Будзь здарова, як карова,
І багата, як зямля,
І пладліва, як свіння,
А тут і зямля
Заглынула атруту,
Панюхаць боязна
Мяту-руту.
Нельга радавацца сырадою,
Бо заручаны сырадой з бядою.
Не заручаны –
Атручаны.
І матчына малако святое
У сабе нешта тоіць не тое.
Няўжо
І Млечны Шлях атруціцца,
Пакуль зямля наша
Цяжка круціцца?
Няўжо гэта людзі павінны
Зіхоткай хмурыны,
Зямлі і вады,
Як бяды,
Як духу злога,
Баяцца
Пад чорнымі крыламі слова
Радыяцыя?
Мы адракліся ад свету старога,
Атрэслі яго, як пыл,
З нашых ног.
Дарагою была перамога,
Аніякі нас вораг не змог.
Няўжо гэта ў радыеактыўным пыле
Задыхнуцца нашыя песні,
Нашыя казкі, былі?
І ўсё жывое ў вочы свяціл
Зямля атрасе, як пыл?

2

Як з гнязда бяды
Птушанят,
Развозяць па ўсёй краіне
Палешучкоў
З галавы да пят,
Беларускі ласкавы пагляд
Васільком зацвітае
Сінім.
І страха была,
Чарано было,
І было святла
Да Чарнобыля.
І накормлены,
І прытулены,
А ля Гомеля
Рукі матуліны
Хочуць гладзіць
Галоўкі кудлатыя.
Абміні іх, бальніца,
Палатамі!
А пачуюць мову дзядоў,
Зацвіце, як дома, дзядоўнік,
З сёл далёкіх,
Насупленых гарадоў
Павядзе да босых слядоў
Дух вяртання –
Вечны вандроўнік.
Кім жа вернуцца
І калі,
Перабыўшы вырай нязолкі,
На сваю зямлю,
Дзе раслі,
Дзе паверылі роднай зямлі.
Да бусла,
Да шпака,
Перапёлкі?

Операция по удалению пупочной грыжи cpmed.ru.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-