Лірычны калейдаскоп
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

У 1986 годзе я была яшчэ маленькая і нічога не разумела. Але некаторыя дні гэтага года назаўсёды засталіся ў маёй памяці.

24 красавіка 86-га.

Прачнулася ў шэсць гадзін. Раніца была цудоўная. Зусім нядаўна ўзышло сонца і заспявалі першыя птушкі. На траве блішчалі маленькія кропелькі расы, якія надавалі ёй нейкую чароўную прыгажосць. Я сядзела каля акна, наглядаючы за абуджэннем прыроды, і думала пра наш сённяшні паход у лес.

Дзень прайшоў спакойна, без ніякіх здарэнняў. У пяць гадзін вечара мы ўсёй сям'ёй пайшлі ў лес. Якая прыгажосць вакол! Здавалася, трапіла я ў чароўную казку. Сонейка сваімі залатымі промнямі, як маці, ласкала вяршаліны дрэў. Шапацела лісце, быццам напявала нейкія незнаёмыя матывы. На лузе, сярод маладой траўкі, рассцілаўся каляровы дыван кветак. Я хадзіла па лесе і дыхала чыстым паветрам, напоўненым водарам хвоі. Мы і не заўважылі, як надышоў вечар. Пачало цямнець, на небе, далёка-далёка ад нас, з'явілася некалькі яркіх маленькіх зорачак.

26 красавіка 86-га.

Зноў цёплы вясновы дзень. На вуліцы была такая прыгажосць, здавалася, што яе нічога не можа парушыць. Ні воблачка, ні хмаркі, толькі недзе далека нешта пагрымвала.

У гэты дзень бацька раней вярнуўся з работы, забраў мяне і брата з садзіка. Мы прыйшлі дамоў. Мама зачыніла ўсе вокны. Яна была вельмі ўсхваляваная. Што здарылася? Я нічога не разумела. Цэлы дзень былі ўключаны радыё і тэлевізар. "Чаму нічога не гавораць?" — кожнага з нас хвалявала адзінае пытанне.

1 мая 86-га.

Свята. Дэманстрацыя. I я з бацькамі і братам тут. А вакол толькі і чуюцца размовы аб тым, што здарылася чернобыльская аварыя. Чаму ж па радыё і тэлебачанні нічога не гавораць?

2 мая 86-га.

Вечар. Як заўсёды, мы ўсёй сям'ёй сядзім каля тэлевізара і чакаем інфармацыйную праграму "Час". Пачынаецца праграма, і аб'яўляюць аб здарэнні на ЧАЭС. Афіцыйна выказаная вестка пачынала ўсё больш хваляваць.

3 чэрвеня 86-га.

Людзі ад'язджаюць у чыстую зону: хто — на мора, хто — у горы, хто — за мяжу. Некаторыя там і застаюцца. Мы ўсёй сям'ёй паехалі ў Адэсу. Там усе гаворкі толькі пра Чарнобыль. Але ж адэсіты, так, як і мы, нічога пэўнага не ведаюць і не разумеюць, што здарылася.

3 красавіка 1994 года.

Я пішу сачыненне на тэму "Чарнобыль у маім лесе". А што прынёс мне Чарнобыль? Усё дрэннае. Я дыхаю паветрам, у якім шмат радыяцыі. Я ем атручаную ежу, п'ю кепскую ваду.

Мінула ўжо восем гадоў, а мы так і засталіся са сваёй бядой і нічога не думаем змяніць. Першы час нам дапамагалі людзі з іншых рэспублік, з-за мяжы: бралі нашых беларускіх дзяцей на аздараўленне. Але не ўсе гэта рабілі з дабрачынных памкненняў, некаторыя рабілі з карысці, дзеля рэкламы. Мне пашанцавала. Я ездзіла з класам чатыры гады запар у лагер, што пад Масквой. Нас заўсёды ветліва сустракалі, добра кармілі, адносіліся як да родных. Бачыце, яшчэ засталіся добрыя людзі, якія гатовы нам дапамагчы, і мне хочацца верыць, што міне час і мы адолеем экалагічны крызіс, але ж дзеля гэтага патрэбны нашы воля і розум. Ці знойдзем мы іх?

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь