Лёс Беларусі — мой лёс
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

У красавіцкую ноч 1986 года на ціхія дубровы і хваёвыя лясы, на палеткі і квітнеючыя сады, на школы і бальніцы пасыпаўся "мірны атам". Каб сустрэць яго ў "абдымкі", былі кінуты тысячы людзей.

Чарнобыль паклікаў і майго тату, які служыў у аддзеле ўнутраных спраў. Я тады вучылася ў першым класе і ніяк не магла зразумець, чаму так доўга няма таты дома.

А старшына міліцыі Ганчароў Аляксандр Міхайлавіч "выконваў службовыя абавязкі ў Хойніцкім РАУС у 30-кіламетровай зоне". Так адзначана ў даведцы, якую тата прывёз з сабою.

Добра памятаю, як ён прыехаў дадому з нейкім чужым, асіплым голасам, шмат піў мінеральнай вады: так раілі ўрачы. Расказваў ён пра пустыя вёскі Палесся, пра хатніх жывёл, якія з шалёным крыкам насіліся па дарогах і лясах, пра нейкіх марадзёраў.

Мінула два гады. Тата зноў пакінуў нас. На гэты раз паехаў у Мінск, у шпіталь. Дома ўсё часцей і часцей стала гучаць слова "Чарнобыль".

У 1989 годзе тату паставілі страшны дыягназ: пухліна спіннога мозгу. Аперыраваць у Мінску ўрачы адмовіліся.

Тата са сваімі сёстрамі едзе ў Маскву. Спрабуюць уладкавацца ў бальніцу. Але ў сталіцы вельмі здзівіліся: "Вы чаго да нас прыехалі? Мы не абавязаны лячыць увесь Савецкі Саюз".

Праз слёзы і скаргі, знявагі і хабар прайшлі яны, каб тату зрабілі аперацыю. Але здароўе не палепшылася. I тады мае цёткі вырашылі шукаць дапамогі за мяжой. Доўгім і цяжкім быў шлях у ЗША. У Мічыганскім шпіталі тата лячыўся два месяцы.

Дзень і ноч я чакала вестак з-за акіяна. Дапытвалася у дарослых: "Чаму так доўга няма таты?". А яны адказвалі, што гэта Чарнобыль трымае яго там.

I вось жаданая сустрэча. Тата прыехаў вясёлы, поўны надзей. Ён стаў лепш хадзіць, спадзяваўся вясной зусім паправіцца. Зачараваныя, мы слухалі яго расказы пра чужых, але чулых і добрых людзей, з якімі ён сустрэўся ў далёкай краіне.

У сваім лісце да вядомага маскоўскага прафесара амерыканскі прафесар прасіў аказаць майму тату далейшую медыцынскую дапамогу. Але вядомы талент сказаў: "Што вам патрэбна ад мяне? Вы ўжо ўсюды былі!"

Так і застаўся тата без медыцынскай рэабілітацыі. Яму зрабілася горш.

Мама звольнілася з работы, бо камісія прызнала тату інвалідам 1-ай групы. У даведцы — запіс: "Захворванне звязана з выкананнем работ па ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС".

Два гады тата быў на групе. Мы жылі на яго пенсію.

Люты 1993 года. Зноў бальніца. Акрамя асноўнай хваробы, яшчэ адна — пнеўманія. Дзень і ноч не адыходзілі ад ложка медыкі. Амаль два месяцы барацьбы з хваробай, але... 28 сакавіка тата памёр.

За гадзіну да смерці доктар спытаў у яго: "Як адчуваеце сябе?". У адказ пачулі: "Добра". Ніхто ніколі не чуў ад яго скаргі, ніхто не бачыў яго слёз.

Вось так Чарнобыль адабраў у мяне тату. А яшчэ ён адабраў мой дзень нараджэння: тата памёр якраз у той дзень, як мне споўнілася чатырнаццаць гадоў.

Што гэта? Лёс? Гэтае пытанне хачу задаць людзям, якія маюць уладу: адкажыце мне, калі ласка, чаму я у мірны час не маю бацькі? А як хочацца адчуць бацькоўскае плячо і клопат. Хочацца ўпрыгожваць разам з бацькам ёлку пад Новы год, хочацца накрываць святочны стол у дзень нараджэння. Я ж вымушана на могілках упрыгожваць ёлачку для бацькі, вымушана адмовіцца ад дня нараджэння, бо гэты дзень стаў днём Памяці яго.

Дзе тыя адказныя кіраўнікі і навукоўцы, якія кінулі мільёны грошай і мільёны людзей у радыяцыйнае пекла?

Аўтары чарнобыльскай бяды адышлі ў цень. Пра іх не ўспамінаюць, з іх не спыталі за гора людзей. А праблемамі, якія парадзіў Чарнобыль, не заўсёды займаюцца шчырыя, сумленныя людзі.

Многія з тых, хто ўхапіў уладу, думаюць пра сябе. Прыдумалі пастанову, каб атрымліваць вялікую пенсію за "асабліва важныя заслугі" перад дзяржавай. А якія важныя справы робяць яны? Прыдумляюць хітрыя законы, пастановы, змяненні ў законы. Цяжка жыць чарнобыльцам па закону, які прыдуманы чыноўнікамі, асабліва — нашай сям'і.

Калі мама даглядала тату, ёй ішоў рабочы стаж, а рабочае месца не захоўвалася. Пасля смерці таты яна ледзь знайшла месца прыбіральшчыцы. Вось якія ў нас законы! А ці заўважаюць кіраўнікі і стваральнікі законаў, што змяншаецца нараджальнасць, узрастаюць захворванні і смяротнасць беларусаў, што на вуліцы больш п'яных, чым апантаных працай людзей?

Я зразумела адно: у дарослым жыцці шмат хлусні. Таму я мару аб вучоным, які б прыдумаў такі дазіметр, што змог бы вымяраць узровень хлусні, сквапнасці, жорсткасці, бессаромнасці ў кожнага чалавека. Тады, нарэшце, прыйдуць да ўлады разумныя і добрыя, сціплыя і чулыя людзі.

На кароткім жыццёвым шляху майго таты сустракаліся і добрыя людзі, якія дапамагалі яму ў цяжкі час. Гэта лідэр беларускіх прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык, прадстаўнік Чырвонага Крыжа Беларусі І. Р. Буранкоў, начальнік аддзела ўнутраных спраў горада Барысава А. Р. Шыбалка, віцэ-прэзідэнт міжнароднай арганізацыі "Саюз Чарнобыль" Г. Ф. Лепін, віцэ-прэзідэнт асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля" С. Р. Сазанкоў, прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін і іншыя.

А вось добрыя людзі, якія жывуць у далёкай Амерыцы: Язэп Сажыч, Вера Артон, Каця Мазура, Лінда Роджэрс, Стэфанія Брэвер...

Я разумею — Чарнобыль перакрэсліў не толькі мой лёс. Яго смяротны цень ахапіў трэцюю частку роднай Беларусі, яе жыхароў, тых ліквідатараў, якія працавалі ў зоне. Таму я не аддзяляю сябе ад Бацькаўшчыны, яе народа. Балюча сёння не толькі мне, баліць усёй Беларусі. Боль Беларусі — мой боль, лёс Беларусі — мой лёс.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-