Кветкі ля хаты
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4 (1 голас)

Чарнобыльскі пыл, як смецце,
Вятры пазмятуць куды?
Жывём мы на гэтым свеце
Заложнікамі бяды.

Рыгор Барадулін

Усё далей і далей адыходзіць тое, што ўскалыхнула ўначы горад Прыпяць, навакольныя сёлы, старажытны гарадок Чарнобыль і ў цэлым Палессе.

Пачаўся адлік трагічнага часу.

Дваццаць восем маладых хлопцаў уступілі ў схватку з агнём, які стаў смяротным для многіх з іх. Ніхто не адступіў перад небяспекай. Кожны разумеў, што знаходзіцца ў зоне павышанай радыяцыі, але ні ў аднаго з іх не з'явілася думка адступіць, не выканаць свой службовы і высокі грамадзянскі абавязак. Ад іх залежала жыццё многіх людзей і, мусіць, лёс самога жыцця на планеце.

Кожны, хто тушыў пажар непасрэдна на Чарнобыльскай АЭС, заслугоўвае таго, каб пра яго напісалі гісторыкі. Няхай ведаюць людзі, як ведаюць пра Аляксандра Матросава, як мы ведаем пра свайго земляка...

У першыя дні аварыі шэсць пажарнікаў атрымалі смяротную дозу апрамянення. Сярод іх — таксама і наш зямляк Васіль Ігнаценка з ціхай вёсачкі Спярыжка, што на Брагіншчыне. Яму б жыць ды жыць, а лес абарваў жыццё ў дваццацігадовым узросце.

Зараз, праз восем гадоў, мы ведаем горкую праўду. Чарнобыль высвеціў многае, і мы бачым вытокі бяды і злачынствы некаторых людзей, ведаем пра нязгасны подзвіг пажарных, верталётчыкаў, аператараў станцыі, радавых тэхнічных работнікаў і салдат. Што было б, каб не яны, каб чарнобыльскі радыеактыўны вулкан дзейнічаў яшчэ колькі дзён або тыдняў?

Мы спазналі, нарэшце, што вынікі аварыі і розныя страты аказаліся больш маштабнымі і сур'ёзнымі, чым гэта ўяўлялася нават буйным вучоным і спецыялістам.

У першыя дні трагедыі людзі жылі ва ўмовах традыцыйнага яе замоўчвання. Таму і нельга было прабіцца праўдзе ў сродкі масавай інфармацыі, ніякім чынам не дапускаліся трывожныя папярэджанні насельніцтва.

Гублялі час, "аптымізавалі" сітуацыю, замоўчвалі сапраўднае становішча.

Легкадумнымі і даверлівымі былі мы, жыхары зоны паражэння, у першыя дні аварыі. Жылі тым самым жыццём, што і да аварыі: дзеці бегалі пад радыеактыўным дажджом, праводзілі спаборніцтвы, елі піражкі з адкрытых латкоў, хадзілі ў лес, а дарослыя працавалі на полі.

Памятаю, бацькі не ўзялі мяне з братам на першамайскую дэманстрацыю. Адчувалася бацькоўская перасцярога. А вось ад радыеактыўнага дажджу нас ніхто не збярог.

Гэта было ў нядзелю. Мне захацелася пасадзіць кветкі ля хаты. А потым сыпануў спорны дождж, які паддаў мне ахвоты, бо кветкі лепш садзіць і перасаджваць пад дождж. Да мяне прыбег брат. Мы прамоклі да нітачкі, але кветкі ўсё ж пасадзілі. Калі прыйшлі ў хату, вопратка і абутак былі з зеленаватым налётам. Мой брат растлумачыў, што вецер і дождж прынёс пылок з раслін, але, як мы ведаем цяпер, гэта быў не пылок, а жудасны пыл і попел Чарнобыля. Ён застаўся і дзейнічаў не толькі на адзенні, але і ў нашых шчытападобных залозах, у нашай крыві, адбіўся на нашым лёсе.

Зараз мне пайшоў семнаццаты год, але ўжо на працягу сямі гадоў я жыву з хваробай шчытападобнай залозы. Знаходжуся на ўліку ў Гомельскім супрацьзобным дыспансеры. Регулярна ўжываю лекі. Узрост мой, бадай, самы яркі, а жыццё не радуе. За што я павінна пакутаваць?! Мне было тады толькі дзевяць. Якая ж у мяне будучыня?

Вось тое, што я ведаю, што даў Чарнобыль мне, майму здароўю. Але гэта не ўсё. Катастрофа абарвала мае карані, раскідала маіх родных і блізкіх па ўсёй Беларусі.

Душу кожнага з нас сціскае невыносная горыч, смутак па роднай зямлі і прыродзе.

Забруджаны воды Прыпяці, атручаны крыніцы, векавыя лясы, ураджайныя палі.

Ростань не ў сілах адарваць душу ад родных студняў, двароў, хат.

Чарнобыль па сваіх жудасных выніках раўназначны ядзернай вайне, якая няўмольна патрабуе ахвяр, не шкадуе ні дзяцей, ні дарослых. Расплачвацца ж за аварыю выпадае народу, плаціць па самым вялікім рахунку — людскімі жыццямі, калецтвамі ды ўсякай немаччу.

Многія людзі з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі развіталіся назаўсёды са сваімі мясцінамі. Як цяжка ў сталым узросце прырастаць на новым месцы! Я бачу гэта па сумных вачах бабулі, цёткі Надзі. Цяпер яны жывуць у розных мясцінах Беларусі. А іхняя вёска Рафалаў зараз зарастае дзядоўнікам у рост чалавека. I гэта замест прыгожых кветак, наліўных яблыкаў і крынічак з вербамі.

Балюча адчуваць, што больш не існуе і вёска Кругрудка, дзе жыла мая другая бабуля. Яна, бабуля Алена, памерла ўжо, так і не зведаўшы, якое жудаснае відовішча адбылося. У год яе смерці пахавалі і вёску, дзе яна пражыла ўсё жыццё. Ад гэтай вёскі толькі ржавая воданапорная вежа засталася. Можа, ператварыць яе ў крыж?

Сэрца заходзіцца ад жалю, слёзы коцяцца самі сабою, калі прыгадваю той дзень, у які паміналі вёскі, служылі малебен па вёсках, якія больш не існуюць на зямлі. А іх толькі ў нашым Брагінскім раёне восем. Хіба ж дзе ў свеце такое было? Няма сілы змірыцца з цяжкай рэчаіснасцю, з тым, што сцежкі майго басаногага дзяцінства адабраў Чарнобыль і парушыў Бацькаўшчыну.

Чарнобыль — адкрытая рана. Ахвяраў гэтай аварыі нельга злічыць.

Але на свеце ёсць добрыя людзі, якія ў цяжкую хвіліну падтрымліваюць і словам, і справай. Аб гэтым сведчаць паездкі нашых дзяцей за мяжу. Праўда, не ўсім шанцуе. I ўсё ж гэта добры знак.

Ёсць боль, але ёсць і гонар Чернобыля. Лепшыя людзі планеты падалі руку дапамогі. У бяды ж размытыя межы. Людзі адчулі, што не могуць быць абыякавымі да чужой бяды, якая незнарок можа і іх напаткаць.

Дык няхай наша бяда паслужыць набатам, які разбудзіць розум усіх людзей свету і не дасць магчымасці выкарыстаць энергію атама на бяду чалавецтва.

Няхай жа на ўсёй нашай планеце кожнаму чалавеку ўсміхнецца незамглёным днём шчаслівая будучыня!

Няхай чалавецтва, жывучы ў міры і дружбе, ніколі не зведае разбуральнай сілы наўмысна растрывожанага атама.

Няхай вечна жыве наша Зямля!

Нібы вугалёк цепліцца надзея, што не патухне жыццё і ў нашым палескім краі. Дай, Бог!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-