Кукавала зязюля ў зялёным лесе...
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4.3 (3 галасоў)

У нашай хаце свята — маёй матулі споўнілася сорак. З'ехаліся госці з розных куткоў тады яшчэ адзінай магутнай дзяржавы: з Кіева, Ленінграда, Цалінаграда, Салігорска. Навезлі падарункаў не толькі маці, але і мне, малому дзесяцігадоваму хлапчуку.

Які гэта быў добры час! Павесяліліся на славу і дарослыя, і дзеці. Праўда, свята было трохі азмрочана. Калі гасцям заманулася ў двары патанцаваць, аднекуль раптам наляцела віхура, узняўся вецер, закруціў у паветры пыл. I ніхто не адчуў у гэтай віхуры злую прыкмету няшчасця, знак бяды.

Наперадзе зноў свята — 1 Мая.

Ясны, сонечны, цёплы дзянёк. Дружна выйшлі на плошчу настаўнікі і вучні. З крыкамі "ўра" праходзілі паўз трыбуну. А яшчэ я запомніў, як у паветры з'явіўся верталёт і пасыпаліся ружовыя і блакітныя паперкі. Можа, яны папярэджвалі пра бяду? Не. Гэта было віншаванне са святам. Мы радаваліся, насіліся па плошчы, лавілі паперкі, дыхалі радыяцыйным паветрам. Толькі ніхто гэтага не ведаў, акрамя начальства. Ды яно маўчала.

I толькі чацвёртага мая загаварылі пра тую бяду. Пачалося адсяленне людзей з вёсак. Апусцелі Бабчын, Чэрніва, Піркі. Дайшла чарга да Савіч. Жахлівы гэта быў час. Надрыўны рык жывёлы, плач і лямант людзей.

У Савічах жыла мая бабуля, да якой я ездзіў на адпачынак кожнае лета, — вудзіў на возеры рыбу, купаўся, збіраў у лесе ягады і грыбы.

Куды ж пераселіцца яна? Да нас яны з дзядулем адмовіліся пераязджаць. Адсялілі іх у вёску Сасновы Бор, што над Мінскам.

Пачаліся канікулы — самы радасны і вясёлы час для вучняў. Але я ўжо не мог паехаць да бабулі ў Савічы. Дзе няма людзей, там няма жыцця.

"Можна добра адпачыць і ў Добрушы", — падумаў я. Лес і рэчка побач з хатай. Сабраўся купацца, ды тата не пусціў, сказаў: нельга, забруджана вада. Я нічога не разумеў, калі мы з татам пайшлі на рэчку. Доўга ўзіраўся ў ваду, шукаў бруду і нічога не ўбачыў. Чыстая вада, крыштальная, так і вабіць да сябе. Па беразе ходзяць хлопцы, але ў ваду ніхто не лезе. Ва ўсіх сумныя твары. Так і вярнуліся мы дадому не пакупаўшыся. А 7 чэрвеня мяне адправілі ў лагер. Павезлі цягнікі чарнобыльскіх дзяцей у розныя канцы нашай былой неабсяжнай Радзімы — СССР.

Адны трапілі на Урал, другія — у Інгушэцію, а я — пад Казань. Віталі нас хлебам-соллю, як самых дарагіх гасцей. У лагеры адразу нейкім прыборам змералі нас з галавы да ног, забралі некаторыя рэчы: у каго — кашулю, у каго — куртку, у мяне — сандалі. Потым я даведаўся, што рэчы былі забруджаныя радыяцыяй. Іх закапалі ў лесе, а нам далі новыя.

Добра было адпачываць. Хадзілі на Волгу купацца, ездзілі на экскурсіі ў Казань. Аднойчы наведалі кафэ, купілі марожанае. Пакуль мы елі яго, у кафэ не пускалі мясцовых жыхароў, хоць месцаў хапала. Адказ быў адзін: "Тут зараз чарнобыльскія дзеці". Тады людзі зусім мала ведалі пра Чарнобыль, думалі, што мы заразныя, і баяліся нас.

Толькі ў канцы жніўня вярнуліся ў Добруш. Пачаліся заняткі ў школе. Час пайшоў хутчэй: урокі, сябры, дыскатэкі — няма калі сумаваць. Праз год вясной прыехала да нас у госці бабуля. Яна пабывала на роднай сядзібе. Расказвае пра гэта, а сама заліваецца горкімі слязьмі:

— Прыязджаю ў Савічы, заходжу ў двор, а мяне ўжо чакае на даху хаты сям'я буслоў. Не спалохала іх чарнобыльская бяда! А мы, людзі, пакінулі абжыты кут. Годзе! Няма супакою пад Мінскам. Трэба вяртацца назад!

Я вельмі ўзрадаваўся, што зноў буду ездзіць да бабулі ў госці.

Мінуў яшчэ год. Лета. Канікулы. Упрасіў матулю ўзяць мяне ў вёску. Раніцай бабуля прынесла збан з цёплым сырадоем. Кінуўся я, каб напіцца, а мне не далі: "Нельга піць, унучак, малако. Атручана яно". Крыўдна зрабілася. Выйшаў на вуліцу. Ціха тут, пустынна. Не звініць яна дзіцячымі галасамі. Калі выехалі за вёску, надарылася прыгода. Нас высадзілі. А тым часам аўтобус доўга-доўга мылі. Звонку і усярэдзіне. Казалі, радыяцыю змывалі.

Толькі праз тры гады на поўны голас загаварылі беларусы пра Чарнобыль. Хоць са спазненнем, але прыйшлі на родную зямлю словы Праўды, Болю, Трывогі. Многія дзяржавы адгукнуліся на пякучую споведзь пакутнікаў з атручаных радыяцыяй беларускіх зямель Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Трапіў і я на аздараўленне ў Германію. Размясцілі нас у лагеры пад Берлінам. Добрае харчаванне, прагулкі на свежым паветры, заморскія фрукты. Упершыню я не толькі бачыў, але і еў бананы, ананасы. Пабывалі мы на экскурсіі ў Берліне. Наведалі рэйхстаг. Глядзеў я на гэты будынак з утрапеннем. Калісьці ў 1945 годзе ля рэйхстага пабываў мой дзядуля. Толькі прыйшоў ён сюды пераможцам. А я — ахвярай Чарнобыля.

I завалодаў маім сэрцам трапяткі, балючы неспакой за жыццё на роднай зямлі. Рады быў вяртанню дадому, дзе раней дыхаў чыстым паветрам, хадзіў у лес, слухаў кукаванне зязюлі, збіраў грыбы і ягады!

Мінулым летам быў у лесе шмат разоў, а кукавання зязюлі не чуў. А то падлічыла б яна, колькі засталося мне жыць на гэтай зямлі. А яшчэ я заўважыў, што зніклі вераб'і, гэтыя шэрыя, бяскрыўдныя птушачкі. Іх заўсёды было шмат на чаромсе, што ў нас пад акном.

Сябе я адчуваю нядрэнна. Займаюся спортам. Вось толькі падае зрок. I вінавата ў гэтым, напэўна, радыяцыя. Буду спадзявацца на лепшае. Я — аптыміст. Скончу школу, паступлю ў сельскагаспадарчы інстытут — мару стаць аграномам.

Не буду жыць, як набяжыць,
Я буду жыць, як трэба,
I пастараюся любіць
Жыццё, людзей і неба.

Буду любіць зямлю, свой край, што Беларуссю так люба завецца.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-