Куды нас выведзе лёс?
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Усім знаёма радасць з ледзь чутнай рысаю трывогі, якая так ласкава і лагодна агортвае сэрца з прыходам вясны. У гэты час усё абуджаецца ад доўгага сну. На залітых цяплом і святлом ускрайках лесу ўдыхаюць свежае вясновае паветра першыя кветкі. Колькі цяпла, прыгажосці і пяшчоты ў іх мігатлівых пялёстках! Усё навокал маладзее, пачынае жыць.

Хто знае, што будзе далей
I куды нас выведзе лёс?
На Беларусь — мой край,
што ўсіх мілей, —
Груган на крылах змрок прынёс.

Ці магла думаць маці, кладучы спаць свае дзіця, што гэта іх апошняя шчаслівая ноч, што назаўтра ад іхняй хаты не застанецца нічога, акрамя пустэчы, агароджы з калючага дроту ды ветру, які будзе радавацца таму, што ён застаўся гаспадаром тут? Скруха. Прадонне. Здаецца, час спыніўся.

Хто жыць застаўся.
Хай вам скажа.
Як цяжка замяніць вясну
На шэры колер сцен бальнічных
I на халатаў белізну.

Трагедыя Чарнобыля кранула і мяне. Я цяжка захварэла. Засталася адна надзея на ўрачоў.

Доктар уважліва праглядала запісы ў медыцынскай картцы. Паступова выраз яе твару пачаў мяняцца. Знікла лагодная усмешка. Вочы зрабіліся сумнымі, а погляд — пільным і ўважлівым.

Мне не трэба было нічога казаць. Сэрца разрывалася, слёзы напаўнялі вочы. Я не магла зразумець, як магу быць хворай, калі яшчэ ўчора гуляла, як усе дзеці, радавалася жыццю, блакітнаму небу за акном...

Тое, што перанеслі я і мая сям'я, нельга перадаць словамі. Безліч медаглядаў, дактароў, розныя медыкаменты. Пасля ўсяго перажытага, здаецца, аднак, што сонца свеціць яшчэ ярчэй, неба яшчэ вышэйшае, а кожная хмурынка на ім размаўляе са мною. I ўсё гэта дзякуючы уменню добрага, шчырага, адданага сваёй справе чалавека, які з годнасцю носіць імя доктара. Цяпер, як і раней, я магу бачыць, як красуе вішня каля майго акна. З захапленнем назіраю, як кожную вясну бярозка, быццам збіраючыся на баль, апранае сваю зялёную сукенку. Вясною я магу радавацца першым кветкам, птушыным спевам, а ўзімку, калі за акном спявае мяцеліца, успамінаць лета.

За час хваробы я шмат згубіла, але не менш і знайшла. Я навучылася спачуваць чужой бядзе. Успамінаюцца, напрыклад, маленькі хлапчук і яго маці. Дзіця было амаль беспрытомнае. Здавалася, для яго маці жыццё згубіла сэнс. У яе не было слёз, каб аблегчыць боль свайго сэрца. Яна іх выплакала. А вочы такія сумныя... Не трэба было добра ўглядацца, каб прачытаць пытанне: "За што пакутуе мой сынок?" I я часта думаю: за што?..

Як страшна бацькам класці ў магілу сваіх дзяцей!

Кожны з нас вырас і гадаваўся на сваёй маленькай радзіме. Мы ўсе любім свой родны кут. Чалавек без радзімы, што дрэва без каранёў. Людзям, пацярпелым ад аварыі, далі новае жылле. Але радзіму двойчы не знойдзеш, яна, як маці, — адна на ўсё жыццё.

Пасля катастрофы некаторыя замежныя бізнесмены наведваюць бальніцы. Гэта добрыя, міласэрныя людзі. Яны аддаюць цеплыню свайго сэрца хворым дзецям, прывозяць медыкаменты, ласункі, розныя цацкі. Чалавек павінен разумець і раздзяляць боль другога чалавека. Толькі тады яго можна назваць міласэрным і добрым у поўным сэнсе гэтага слова.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-