Крыўдна, як падсеклі карані
Яшчэ не ацэнена

Мы птушкі аднаго гнязда,
Ды нас па свеце раскідала...

Уладзімір Шаўкашытны

Уявіце сабе маленькую дзяўчынку, якая толькі-толькі пайшла ў школу.

Чаго я зусім не помню, дык тэта таго, як я даведалася пра аварыю. Была субота. Прайшлі адзін ці два ўрокі, а потым нам аб’явілі, што больш урокаў не будзе, і мы вельмі радаваліся, толькі не маглі зразумець, чаму ў настаўніцы такія заплаканыя вочы і чаму нам нельга быць на вуліцы.

А на наступны дзень з раніцы дома пачалося нешта неверагоднае. Тата не прыйшоў начаваць, толькі званіў увесь час і аб чымсьці доўга гаварыў з мамай, а мама плакала і складвала ў сумку ежу, нейкае адзенне... У 9 гадзін вечара ля пад'езда спыніўся аўтобус, мы выйшлі, мама пастаяла перад закрытымі дзвярыма пад'езда. Яна не плакала, а ўсё нешта расказвала мне, гаварыла, гаварыла... У аўтобусе ужо сядзелі нашы суседзі. Было незвычайна ціха. Каля іншых пад'ездаў таксама стаялі аўтобусы і сядзелі ў іх толькі жанчыны з дзецьмі. Потым прыбег тата, пабыў крышку, пацалаваў нас і зноў пабег кудысьці. Прыйшоў генерал з цэлай камісіяй (гэта мама іх так назвала), Ён нешта гаварыў, смяяўся, а адна жанчына чамусьці раззлавалася на яго і закрычала, што наш дух падымаць не трэба, мы не панікуем, лепш бы адпраўлялі хутчэй. Не помню, як мы ехалі: гэта доўгая, бясконцая начная дарога закалыхала мяне, і я заснула. Мама потым сказала, што прыехалі мы ў 3 гадзіны ночы. Зараз я ведаю, што нас прывезлі ў казармы Кіеўскага ваеннага вучылішча, а тады я ўбачыла доўгі-доўгі, пусты-пусты калідор, там былі ложкі ў два ярусы, але мала. Мама пайшла і прынесла для мяне матрац, падушку...

Зараз я разумею: тое, што адбылося з намі, — страшна. Але тады... Маленькая я была, усё нават цікавым здавалася. Няма цёплай вады — цікава! Прыехала аўтакрама, цягну матулю, а яна чамусьці не ідзе, гаворыць, няма з чым, бягу сама. Усё роўна цікава! Мама зараз расказвае, як кожны дзень чакала тату — нібы з вайны! Не было яго цэлых 5 дзён! I калі прыехалі машычы з салдатамі і афіцэрамі, мы пабеглі да іх, а нас прагналі. Крыўдна. Але ўсё роўна цікава, таму што мы здалёк усё бачылі: яны з нейкімі скрыначкамі і палкамі падыходзілі да кожнага чалавека. Гэта мы ўжо ведалі: вымяраюць радыяцыю. Нам сказалі, што яны ўсе "свецяцца", значыць, спачатку трэба ў лазню.

Я не магу меркаваць, як нам дапамагалі тады. Сапраўды, кампенсацыю выплацілі, на гэтыя грошы мы купілі мэблю, таму што вывозіць амаль нічога не дазвалялі: мы жылі ўсяго за 7 кіламетраў ад ЧАЭС, фон быў вельмі высокі. I я думаю, нам не патрэбна дапамога ў выглядзе падачак. Толькі б зараз не даводзілася ездзіць у радыелагічны цэнтр. Ды нішто не дапамагло тату пазбегнуць аперацыі на шчытападобнай залозе. Ды ці толькі яму! Мама лічыць, што і мае балячкі ад Чарнобыля. Я не хачу аб гэтым гаварыць. Проста хачу верыць, што ўсё пройдзе.

Я думаю пра іншае: як Чарнобыль перамяніў наша жыццё. Жыцці многіх і многіх людзей. Прайшла мяжа: да таго, як пачалося, і — пасля. Як пасля вайны!

Наша сям'я прывыкла пераязджаць з месца на месца, таму будзем лічыць, што тата атрымаў прызначэнне на новае месца службы. А іншыя? А тыя бабулькі з вёсак, якія здавалі сваіх кароў, курэй, пакідалі хаты, агароды, магілы родных і ехалі ў невядомасць? Ды ці зможа яна, сямідзесяцігадовая, старэнькая, пачаць новае жыццё? Ей жа падсеклі корань — сувязь з мінулым, з роднай зямлёй. А маладым? Ці для нас не мае значэння тая зямля, на якой мы нарадзіліся, сцены роднага дома, сябры, калыска дзяцінства? I нам падсеклі корань.

Я ўсё часцей і часцей разважаю: чаму гэта адбылося? Хто вінаваты? Ведаю, быў суд, той-сёй пакараны. Ды ўсё не так проста! I аварыя зусім не выпадковая, і ахвяры, такія шматлікія, таксама маюць сваю абумоўленасць. Чалавек перастаў быць вартасцю? Яго жыццё нішто ў параўнанні з амбіцыямі чыноўнікаў?

I зараз гэта цудоўная зямля знішчана, можа, назаўсёды. А людзі хварэюць, пакутуюць. Хто ім дапаможа? Ніхто! Кожны стаіць перад невырашальнымі праблемамі.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь