Хачу вырошчваць хлеб
Яшчэ не ацэнена

Бяда, як драпежная птушка, распасцерла крылы і глядзіць на нашу зямлю, цікуючы чарговую ахвяру. Да апошняга часу я толькі чытаў, глядзеў па тэлебачанні, слухаў сумныя аповеды маці, бабулі, настаўнікаў пра чарнобыльскую навалу.

Наша вёска Жылічы вельмі прыгожая. Тут знаходзіцца былы маёнтак пана Булгака — помнік архітэктуры XVII стагоддзя. Прыгожыя алеі магутных ліп, волатаў-дубоў, чарадзеяў-клёнаў акружаюць Жылічы. А далей шумяць сваёй трапяткой лістотай саўгасныя сады. Увесну бела-ружовая кіпень садоў разлівае свой асаблівы водар і дорыць асалоду людзям. Улетку тут яшчэ прыгажэй. У нас працякае маленькая рачулка Добасна. Вельмі люблю купацца ў яе халодных хвалях, загараць, гуляць з сябрамі. Асабліва хораша ў нас на свята Івана Купалы. На лузе паляць вялікія кастры, дзяўчаты пускаюць вянкі на ваду, граюць гармонікі, жанчыны спяваюць задушэўныя песні.

У мяне ёсць тата, мама, браты і сястрычкі. Я вельмі шкадую іх. Самая меншая сястрычка Лена нарадзілася улетку 1993 года. Яна была такая прыгожанькая, наша маленькая Леначка. Я гуляў з ёю, дапамагаў маці глядзець яе. Яна памерла, калі ёй было ўсяго пяць месяцаў.

Нас у бацькоў засталося пяцёра. Цяпер і ў нашай сям'і пасялілася гора. Яно застыла ў сур'ёзных вачах бацькі, старэйшых братоў. Мне так цяжка глядзець, як сумуе маці. Як хавае ад нас свае заплаканыя вочы. Мама ласкавая, добрая, працавітая. Раней яна была вясёлай, жартавала з намі, брала з сабой на працу — улетку палолі буракі, моркву.

Я ведаю, у гэтым нашым горы вінаваты Чарнобыль. У нашай Леначкі быў ацёк мозгу — так сказалі маме ў Бабруйскай бальніцы, куды малую забрала "хуткая дапамога".

Мы пасадзілі на яе магілцы маленькую елачку, часта ходзім да яе, расказваем, як вучымся, як сумуем па ёй.

А нядаўна ў нашай школе праводзілі медыцынскі агляд. Мяне абследавалі і сказалі, што хворая шчытападобная залоза. Накіравалі на далейшае абследаванне ў Магілёўскую бальніцу. Там пацвердзілася мая хвароба: захворванне 2-й ступені. А ў маіх сяброў ёсць і 3-й ступені.

У мяне часта баліць галава, пагоршыўся зрок, я стаў насіць акуляры. Нам сказалі, што ад радыяцыі трэба есці арэхі, апельсіны, патрэбна чыстае харчаванне. Два гады таму назад наш клас ездзіў у Крым. Мне вельмі там спадабалася. Цяпер нас не адпраўляюць, гавораць: няма пуцёвак.

Я разумею ўсе цяжкасці, але не магу зразумець адно: чаму болей за ўсіх пакутуем мы, дзеці. Я хачу жыць і мяркую пасля заканчэння дзевяці класаў паступіць у наш саўгас-тэхнікум, дзе паспяхова вучацца два мае старэйшыя браты. Хачу звязаць свой лёс з зямлёй: быць аграномам. Хачу лячыць яе, вырошчваць хлеб. Мару быць патрэбным людзям, жыць, працаваць на карысць сваёй шматпакутнай Айчыны.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-