Кажуць, людзі падобныя на птушак...
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (2 галасоў)

Вось так і чарнобыльцы, быццам патрывожаныя птушкі, разляцеліся па ўсім белым свеце ад сваіх ужо наседжаных, але разбураных Чарнобылем гнёздаў.

Да чарнобыльскай бяды я жыў у вёсцы Сабалі Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Наша вёска невялікая, ды вельмі маляўнічая, — раскінулася на берагах ракі Покаць, якая нясе сваю вольную плынь да старога Сожа. Як добра было летам купацца тут, лавіць рыбу ў ціхіх затоках. А вясною наша такая спакойная на выгляд рэчка нібы "выходзіла з сябе": залівала ўсе бліжэйшыя лугі, агароды, гнала вялікія крыгі і нават некалькі разоў ламала мост. Але паводка праходзіла, і ўсё вярталася ў рэчышча. I так з году ў год нішто не мяняла звыклых законаў прыроды...

Навокал вёскі на многа кіламетраў прасціраюцца лясы. Шмат было ў іх, ды і зараз, мабыць, ёсць, ягад, грыбоў, розных жывёлін і птушак.

У кожнага чалавека, на маю думку, павінен быць любы сэрцу куточак, любімая мясцінка, да якой чалавек нібы прырастае душою, да якой яго цягне нейкая неадольная сіла з любога месца ў свеце. Такая мясцінка можа быць толькі на радзіме. Вось і ў мяне была такая мясцінка. Тут, на кургане па-за хатаю, рос вялізны дуплаваты трохсотгадовы дуб. З ім звязана шмат успамінаў. Пад дубам заўсёды збіраліся дзеці з добрае паловы вёскі, каб пагуляць у вайну або ў хованкі ці пагушкацца на арэлях. Усім было весела і добра.

Але прыйшоў трагічна вядомы тысяча дзевяцьсот восемдзесят шосты год. Красавік. Памятаю, мы былі ў школе, на ўроку праводзілася інфармацыя. Я гаварыў свае навіны і так, між іншым, сказаў, што ўзарваўся чацвёрты ядзерны блок Чарнобыльскай АЭС. Тады настаўніца паказала мне на новую вучаніцу, якая з'явілася ў класе і якую я нават адразу і не прыкмеціў. Гэта была першая ахвяра Чарнобыля, якую я бачыў і якую запомніў на ўсё жыццё. Відаць, дзяўчынка была аднекуль з-пад Чарнобыля, калі іх так хутка эвакуіравалі. Нам жа, ды і дарослым нічога не гаварылі аб выніках і наступствах для нас гэтай аварыі, таму спачатку ўсё ішло, як і да гэтага, быццам нічога не адбылося. Але паступова сталі прасочвацца трывожныя чуткі. I ўсё часцей прыязджалі і прыляталі на верталётах вайскоўцы і людзі цывільныя — усё мацалі, мералі, мералі...

Нам забаранілі хадзіць у лес, на рэчку, якая чамусьці абмялела, а галоўнае забаранілі гуляць у нашым любімым месцы — пад дубам, дзе так хораша было ў любую пару года. Са школы мы цяпер амаль не выходзілі. Знаходзіліся ў ёй па дзесяць — адзінаццаць гадзін у суткі. Харчаваліся ў школьнай сталовай тры разы.

У першы ж дзень летніх канікулаў усіх дзяцей раёна сабралі ў Краснаполлі, пасадзілі ў аўтобусы — набралася іх аж семнаццаць — і накіравалі ў летні лагер пад Мінскам. Паперадзе калоны ехалі міліцыя з уключанай сірэнай і "хуткая дапамога". Жанчыны галасілі, як у вайну. Гэта ж страшнае слова "эвакуацыя".

Дома мы былі толькі зімою і вясною. Летам і восенню часцей за ўсё знаходзіліся ў санаторыях на Чорным моры, і не толькі. Па два месяцы мы разам з такімі ж, як і самі, дзецьмі адпачывалі і вучыліся ў Анапе і Еўпаторыі. I ўсюды да чарнобыльскіх дзяцей адносіліся з жалем і дабрынёй. Пасля такога працяглага адпачынку мы нават пачалі забываць пра тое, што робіцца ў нас на Бацькаўшчыне. Але надыходзіў час вяртацца, і ўсё пачыналася спачатку.

Паступова людзі сталі знімацца сем'ямі, ехалі ў іншыя месцы, шукалі лепшай долі. Кідалі свае хаты, свой няхітры скарб і накіроўваліся далей ад Чарнобыля, ад нябачнай і нячутнай раней радыяцыі. Па ўсім свеце раскідаў Чарнобыль нашых людзей. Мая бабуля, што жыла з намі ў адной вёсцы, апынулася аж у Карэліі. Але і яна, хоць і пражыла там ужо амаль шэсць гадоў, кожную вясну на Радаўніцу стараецца патрапіць на Бацькаўшчыну і схадзіць на могілкі.

Аднак не ўсе людзі пагадзіліся кінуць абжытыя мясціны і паехаць невядома куды. Многія засталіся. А хто застаўся, той мяняў хаты, як пальчаткі. Балазе выбар быў вялікі. З'явіліся і марадзёры.

Вось так і жылі мы чатыры гады, якія здаліся нам стагоддзем.

Але ж заставацца на месцы не было як. Амаль усе людзі з вёскі выехалі, за выключэннем некалькіх сем'яў. У школе таксама вучылася, можа, вучняў трыццаць. I таму не дзіўна, што і мае бацькі сталі шукаць новае месца жыхарства. Аб'ездзілі яны ўсю Беларусь ад Гродна і Брэста да Віцебска. Пабылі ў розных і прыгожых, і добрых у матэрыяльных адносінах месцах, але спыніліся ўсё ж бліжэй да роднага кутка — у вёсцы Пагарэлае Асіповіцкага раёна. Тут я пайшоў у сёмы клас, бацька стаў дырэктарам школы, а маці настаўніцай. З'явіліся новыя сябры, новыя настаўнікі. Можна сказаць, пачалося новае жыццё, але ўсё ж засталася ў душы незагойная рана, нейкая журба па тым, што было на радзіме.

Я думаю, што тысячы людзей, чый лёс крута змяніў Чарнобыль і вымусіў пакінуць Бацькаўшчыну, будуць заўсёды памятаць родную вёску, свой дуб і сваё жыццё да гэтай вялікай скрухі. Не забудуць чарнобыльцы сардэчнага болю, не забывайце і вы, людзі, пра іх. Няхай вас абміне падобнае ліха!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь