Гудзе экалагічны звон
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Хто мог тады падумаць, што над нашай квітнеючай зямлёй навісне ядзерная смерць?! "Апошнім папярэджаннем чалавецтву" назваў чарнобыльскую аварыю амерыканскі вучоны Р. Гейл. Для тых жа, каго апаліла "зорка Палын", чые атруціла воды, землі і паветра, — гэта ўжо не папярэджанне, а рэальнасць, трагедыя. Здавалася б, як усякая бяда, і гэтая з цягам часу павінна калі не зусім забыцца, дык хаця б крыху памякчэць. "Час лечыць, час мірыць нават непрымірымых", — так кажуць людзі.

Калі б гэта заўсёды было так...

Несці чарнобыльскую ношу нам вельмі цяжка. Чым далей ад часу катастрофы, тым больш людзей пачынаюць пакутаваць ад яе вынікаў. "Няма таго, што раньш было..." Так, няма. Раней, памятаю, мы з маці хадзілі ў лес па грыбы, смажылі іх, марынавалі, салілі, сушылі. Нават цяпер яшчэ адчуваю іхні пах і смак. Але гэта толькі ўспаміны. Вучоныя — спецыялісты па радыяцыйнай бяспецы — папярэджваюць, што ў грыбах найболей радыенуклідеў. А дзе іх няма?! А што тады есці, піць?

Неяк мне на вочы трапіліся радкі паэта І. Шклярэўскага, які родам з Беларусі і неаднойчы вяртаўся на Прыпяць, у водах якой цяпер радыеактыўныя стронцый і цэзій:

Гулко яблоко стукнет в саду,
Я по атомным росам пойду,
Мимо яблок и белых грибов
Торопливо пройду без поклона.
Ненавидя цветы и траву.

Ад гэтых яго слоў аж мароз па скуры прабег... Аднак за "цветами и травой" ляжыць лад грамадскі, учынкі людзей, якія і прывялі да Чарнобыля. Няма ж кропелькі расы, якую можна выпіць з кветак, няма травы, на якой можна прысесці, знайсці спачын.

Аднойчы па тэлебачанні я пачула выступленне аднаго з кіраўнікоў атамнай энергетыкі, які сказаў, што навука патрабуе ахвяр, у тым ліку і чалавечых.

Але ж столькі ахвяр чалавечых?! Ці не занадта?! Мне думаецца, што гэта варвар, што мы сталі ахвярамі і заложнікамі не навукі, а невуцтва. Дбалі пра ўсё, толькі не пра чалавека.

Калі чалавеку ад ламаты ў скронях робіцца нямілым белы свет, калі яму не спіцца па начах, — гэта ўжо не настрой, а немач, хвароба.

Аптымізму ў мяне няма. Хутчэй наадварот — суцэльны чорны песімізм, асабліва ноччу, калі прачынаюся ад болю, калі сціскае горла тугі камяк, калі пачынае ісці з носа кроў, калі хочацца плакаць, калі... Нават цяжка пералічыць, а выцерпець яшчэ цяжэй. Але я навучылася цярпець, каб не расстройваць маці, якая вельмі пакутуе, гледзячы на мяне. А ўрачы нічым не могуць дапамагчы. Адзін адказ: няма добрых лекаў.

Паміраюць людзі. Толькі і чуваць — то ў адным доме, то ў другім. Сыплюцца людзі, як гарох. Ці вінаватая ў гэтым радыяцыя? Не ведаю пэўна. Але ўсё адно думаю, што вінавата, што гэта яна, праклятая, кладзе аднаго за адным сваякоў, знаёмых і незнаёмых у магілу...

Дзядуля мой кажа, што пасля вайны людзі напакутаваліся, а вам, унукам і дзецям, — умовы, страшней за акупацыйныя: не пабегаць па лузе, не выкупацца ў рэчцы, не пазагараць на сонцы. Яго самога радыяцыя ўжо не палохае:

— I дыхаем ёю, і ядзім яе. Усюды яна навокал нас. I пад намі, і над намі. Нам, старым, што? Мы пажылі, і дабра, і ліха пабачылі, а вось як будзе вам жыцца, дзеткі?

Гудзе экалагічны звон. Трывогаю і болем напоўнены яго гукі. Болем — за нашу зямлю, палітую кіслотнымі дажджамі, за атручаныя хімікатамі рэкі, за неба з азонавымі дзіркамі, за высечаныя лясы... Трывогаю — за будучыню дзяцей і ўнукаў. Гудзе, стогне звон. I самымі горкімі нотамі гучыць у ягоным гуле Чарнобыль. Гэта катастрофа ўзрушыла ўвесь свет. Урокі Чарнобыля павінны быць асэнсаваны і зразуметы. Толькі тады можна будзе спадзявацца, што падобнае ніколі не паўторыцца. "Зорка Палын" узышла ў 1986 годзе і працягвае гарэць над нашай зямлёй па сённяшні дзень; яна можа па-новаму ўспыхнуць у любы час над кожнай сядзібай, калі чалавек не спыніцца і не ўсвядоміць сябе часцінкаю свету прыроды, якая перайначыцца і загіне разам з ім. Шкада: многія яшчэ і сёння не разумеюць гэтага.

Маё запаветнае жаданне, нават як бы патрабаванне абставін; пакінуць свой родны горад і паехаць жыць у тыя мясціны, дзе няма радыяцыі. Мая старэйшая сястра Святлана заканчвае Брэсцкае музычнае вучылішча і, дзякуй Богу, не хварэе гэтак, як я.

Хочацца закончыць свае сачыненне словамі вялікага нацыянальнага паэта Янкі Купалы:

Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі ты цар і Неба і Зямлі!

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-