Горка на чарнобыльскім Палессі...
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (2 галасоў)

Сонца такое яркае-яркае. Здаецца, яно ўсміхаецца кожнай травінцы, кожнаму дрэўцу. I я — маленькі хлапчук — сярод гэтай ідыліі забаўляюся з кветкамі. Кветкі — мае сябры. А іх навокал безліч. Я размаўляю то з гордымі рамонкамі, то з пяшчотнымі валошкамі. Залатыя пчолкі, цалуючы кожную кветачку, падміргваюць мне. Потым чую срэбны голас званочка. Я з усіх ног бягу да яго. Чым я хутчэй бягу, тым мацнейшым здаецца звон. Раптам сонца хаваецца за чорную хмару, якая распластала свае крылы над лугам у кветках, І яны раптам вянуць, нікнуць. Мне робіцца страшна. Вось-вось чорная хмара накрые і мяне. "А-а-а-а!" — крычу я з усей моцы і... прачынаюся.

Доўга ляжу нерухома. Мой позірк скіраваны ў адну кропку. "Чаму мне, семнаццацігадоваму хлапцу, прысніўся гэты сон? Чаму?" — круціцца ў галаве думка. На душы нейкая трывога. Выціраю з ілба халодныя кроплі поту, ускакваю з ложка, і позірк мой спыняецца на разгорнутым часопісе "Полымя", N10 за 1988 год. Вочы прабягаюць па радках:

Горка на чарнобыльскім Палессі,
Хоць збірай майно на Калыму.
Наступіць на горла ўласнай песні?
А за што, прабачце, і чаму?

З гэтых радкоў, якія я ўчора чытаў перад сном, прарываецца пякучы боль жаночага сэрца маёй зямлячкі Яўгеніі Янішчыц за лёс нацыянальнай песні, родную зямлю і чалавека. Цяпер разумею, што мой сон — гэта ўражанні ад прачытанага, пачутага, убачанага. Усё гэта збіралася патроху, па крупінцы, а завяршылася весткай, што ў нашай простай вясковай школе з шасцісот дзевяноста двух вучняў кожны чацвёрты мае сур'ёзныя адхіленні ў сваім здароўі. Гэтыя лічбы — вынікі медыцынскай праверкі, якая праводзілася ў нас у пачатку навучальнага года. Але самае жудаснае, што сёлета ўпершыню паставілі дыягназ "рак шчытападобнай залозы". I хворымі сталі не старшакласнікі, а двое вучняў малодшых класаў.

Каб выявіць, што мы жывём у забруджаным асяроддзі, не трэба ніякіх камісій і праверак. Дастаткова паглядзець на школьнікаў. Многія з іх сядзяць на занятках панурыя, няўважлівыя, як бы замыкаюцца ў сабе і не рэагуюць на словы настаўнікаў, а слабасць і апатыя сталі штодзённымі з'явамі.

За што беларусам у чарговы раз выпала столькі пакут? На чарнобыльскі алтар прыходзіцца аддаваць самае дарагое і непаўторнае: родную хату, калыску, матчыну песню, красу прыроды, душэўны спакой людзей... Каб адказаць, што значыць Чарнобыль у маім лёсе, нічога не трэба гаварыць, толькі паглядзець у вочы маіх бацькоў, аднавяскоўцаў, настаўнікаў. Паглядзець уважліва. Б'юцца ў пакутах сэрцы маіх землякоў, шчыміць на душы ў кожнага з іх, бо няма ім супакаення на хворай зямлі, бо страцілі яны веру ў заўтрашні дзень. А гэта страшна.

Няма таго шчасця ў людзей. што жывуць побач са мной. I хоць некаторыя скажуць, што Пінскі раён — гэта не Хойнікі і не Брагін, я не згаджуся з імі. Бо для ўсіх беларусаў Чарнобыль абярнуўся бядой.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-