Ёд па чайнай лыжцы...
Яшчэ не ацэнена

Я не памятаю дзень, калі ўсё гэта здарылася. Але для мяне канец красавіка быў радасным: апошні яго дзень — дзень майго нараджэння. I я лётала як на крылах, лічачы хвіліны.

Далейшыя дні былі цудоўныя: яркае сонца, цвіценне каштанаў і мы, апранутыя ў лёгкія сукенкі.

А потом, як абвал, — страшэнная навіна: эвакуацыя. Пачалася панка, Гомель быццам вымер: глядзіш на вуліцу, і здаецца, нібыта нікога няма, апрача цябе, тваёй бабулі, мамы, тэты і дзеда. Людзі не хадзілі, а беглі, стараючыся як мага менш быць на вуліцы. Нягледзячы на спякоту, усе форткі ў нашай кватэры і ў школе былі зачынены. Радыяцыя — гэта жах, смерць.

Потым пачулі, што трэба ўжываць ёд. Але які і як, ніхто не ведаў. Розныя "спецыялісты" давалі супярэчлівыя парады. Зараз гэта цяжка ўявіць, але ў аптэцы маім бацькам параілі даваць мне ёд па чайнай лыжцы тры разы на дзень. Замест некалькіх кропель! Мне пашанцавала: мой тата растварыў гэтую лыжку ў вадзе. Апёк майго страўніка быў не такім моцным, як у іншых, што апынуліся ў бальніцы.

Усе хацелі вырвацца з гэтага пекла. Натоўп на вакзале... Людзі сядзелі суткамі, чакаючы цягніка. Бралі яго штурмам. Бабуля казала: як у вайну. А гэта і было вайной — вайной за жыццё, за дзяцей, за здароўе.

У класе заставалася ўсё менш і менш вучняў. Адцуралася нас і наша настаўніца. Мы сталі хадзіць да другой.

Калі пачаліся канікулы, маці ўзяла адпачынак і мы паехалі ў Анапу, бо ўрачы раілі вывезці мяне на поўдзень. Маці ўладкавалася выхавальніцай у піянерскім лагеры, і я была з ёю два месяцы. Нам не дазвалялі загараць. Мы зайздросцілі дзецям, якія купаліся ў моры і ляжалі на мяккім жоўтым пясочку. Мне хацелася збіраць рознакаляровыя марскія каменьчыкі і будаваць казачныя замкі ля вады. Сказалі — нельга.

Пасля такога адпачынку я не адчула сябе паздаравелай — увесь час была нейкая слабасць. Стала прапускаць урокі. За другую чвэрць была ў школе толькі тыдзень. Дарослыя не маглі зразумець, што са мною здарылася. На зімнія канікулы бабуля павезла мяне да сваей сястры ў Маскву. Мы пайшлі ў нейкі медыцынскі інстытут. Там быў зроблены пашыраны аналіз крыві. Высветлілася, што я хворая, — у мяне зменена формула крыві. Урачы параілі на год выехаць з горада, есці чорную ікру і піць свежы сок граната. Адкуль мы маглі гэта ўзяць?

Калі вярнулася ў родны Гомель, мяне паставілі на ўлік у абласной бальніцы. Амаль кожны тыдзень рабілі аналізы. Божа мой, якое гэта цяжкое пакаранне ехаць у бальніцу, глядзець, як у цябе бяруць кроў! Якім болем адгукаліся мае паколатыя пальцы ў час заняткаў музыкай. Мне давялося нават пакінуць музычную школу. Праўда, ненадоўга. I цяпер, калі я ўспамінаю гэта, у мяне мурашкі бегаюць па скуры. Я прымала таблеткі, якія, як пазней высветлілася. прымаць мне было нельга. У мяне калоціцца сэрца ад крыўды: колькі дзяцей сканала з-за нядбайнасці, непрафесіяналізму і невуцтва ўрачоў, подласці тагачасных афіцыйных асоб, якія не ведалі, што робяць, ды і не жадалі задумвацца над гэтым.

Горка... Згасла жыццё многіх маіх знаёмых. Памерлі мая цётка, яшчэ маладая жанчына, і дзядзька. Пастаянна хварэе тата: ён ездзіў у розныя раёны, сачыў за забеспячэннем харчамі насельніцтва. Яму сорак, але ў яго хворае сэрца.

Людзі добрыя, што нам есці, што піць, як пазбавіцца ад жудаснага пачуцця бязвыхаднасці?..

Зараз прыйдзе матуля. Яна павінна атрымаць "трунавыя", як іх заве народ, грошы. Уваходзіць заплаканая і кажа, што памерла яе сяброўка, якой было толькі 35. Яна зноў апранаецца ў чорнае, каб ісці на могілкі, якія хутка збіраюцца закрыць, бо яны перапоўнены. I мне прыгадваюцца счарнелыя хаты, чорная зямля, сумныя твары, чорны, як перапалены вугаль, погляд, які западае ў душу, чорны боль...

Аўтары
Лічыльнікі

Вершы беларускiх паэтаў
Rating All.BY
Падымі угару сваё вока - Максим Богданович.


Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-