Чарнобыльская аскома
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 5 (1 голас)

Над полем узнялася рознакаляровая вясёлка, сонейка шчодра мые цёплым вясновым дожджыкам свае промні, а невялікі хлопчык, бегаючы басанож па цёплай зямлі і ўзнімаючы над галавой рукі, як бы ловячы крыштальныя кроплі дажджу, прыпявае: "Дожджык, дожджык, сыпані, я паеду на кані!" Амаль у той жа момант голас яго задрыжаў, захліпнуўся плачам. Наваколле пацямнела — на сонца чорным крылом насунулася хмара. Толькі бляклай плямай свяціўся твар хлопчыка. Сам ён неяк увачавідкі звяў, пачаў падаць. "Што з табою?" — паспела крыкнуць я і прачнулася. "Ой, які жудасны сон!"

Праз незавешанае акно ў спальню прабівалася святло. Панавала нейкая асабліва трывожная цішыня. Закідаўся неспакойна, застагнаў ува сне брат Руслан. Падышла, паправіла на ім коўдру. Адганяючы цяжкі сон, прысела ля акна. Неба, усыпанае мірыядамі зорак, набыло злавесна чорны колер. Млечны шлях прарэзала яркая стужка. "Зорка упала, — падумалася. — Нехта памёр у гэтую хвіліну..." Зоркі навялі мяне, перасяленку, на роздум...

Безабароннымі робяцца людзі. Асабліва — дзеці. Не ўяўляюць яны сабе небяспечнага ворага пад назвай "радыяцыя", і пра гэта ўжо некаторыя песні:

...Хлопчык бегаў шчаслівы,
Ён дажджынкі збіраў,
Срэбра кропляў маўклівых
На далонях трымаў.

I за хмараю сіняй
Хлопцу мроіўся май.
Мама клікала сына:
"Пад дажджом не гуляй!"

Нешта замармытаў праз сон Руслан. Падхапіўся, сеў на ложку. Вочы заплюшчаны. Неўзабаве ён зноў апусціўся на падушку. Спіць. У апошні час сон яго вельмі трывожны. Ён у сёмым класе, але яму з аднакласнікамі не ўдалося выехаць на адпачынак. Пуцёўкі перакінулі ў іншае месца. Хлопчык стаў нервовы, часта хварэе...

Стала балюча за блізкіх, за аднакласнікаў, за сябе. Малакроўе, павышаная стамляльнасць, прыгнечаны настрой, частыя хваробы.

Глядзяць дзеці праз шыбы вокан удалячынь з надзеяй, што ў хуткім часе да іх прыйдзе добрая фея і падаруе радасныя дні і светлую будучыню. Але ж спазняецца добрая фея. А смерць няўмольная...

Пабудзеш у санаторыі і адразу адчуеш прыліў сіл, становішся бадзёрым, свежым. З'яўляецца жаданне жыць і рабіць добрае.

Усё менш і менш бачыш людзей з дазіметрамі, часцей сустракаеш грыбнікоў і ягаднікаў. Вядома, нельга ўжываць забруджаныя прадукты. І дарослыя гэта разумеюць. А як засцерагчы малых дзяцей? Як утрымаць ад сустрэчы з бядой? Яны ж дзеці. Не паспееш азірнуцца, як ужо частуюцца ў агародзе чырвонымі клубніцамі альбо салодкім яблыкам, які пад уплывам радыяцыі вырас такім вялікім. А што далей?

...Адвучыўся смяяцца.
"Мама, толькі не плач!.."
Ад цяжкой радыяцыі
Лечыць хлопчыка ўрач,

Дачакацца б хвілінкі
Маме, людзям усім.
Як зайграюць крывінкі
Ў гэтым целе малым!..

...На вуліцы зарыпелі колы — жывёлаводы спяшаюцца на ферму. Людзям трэба жыць, і яны жывуць па раней заведзеным раскладзе. А тое, што я думаю і як мне думаецца, можна назваць чарнобыльскай аскомай, па вызначэнні паэткі В. Аколавай, "Чарнобыльская аскома — на гады!".

На небасхіле чырванаватым святлом заміргала новая зорка. Зорка Надзеі... Няхай свеціць яна ўсім і заўсёды...

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-