Чарнобыль у мяне ў крыві
Ваша адзнака: Нет Сярэдні: 4.3 (9 галасоў)

У класе ідзе ўрок фізікі. Тэма ўрока: "Біялагічнае дзеянне радыеактыўных выпраменьванняў". Гучаць словы: "радыяцыя", "доза выпраменьвання", "ізатопы", "кюры", "цэзій", "стронцый", "радыяцыйная зона бяды", "Чарнобыль". Я чытаю радкі з падручніка: "Жывая клетка — гэта складаны механізм, не здольны працягваць нармальную дзейнасць нават пры малых пашкоджаннях асобных яго ўчасткаў. Між тым нават слабыя выпраменьванні здольныя нанесці клеткам істотныя пашкоджанні і выклікаць небяспечныя захворванні. Пры вялікай інтэнсіўнасці выпраменьвання жывыя арганізмы гінуць. Небяспека выпраменьванняў павялічваецца ад таго, што яны не выклікаюць ніякіх адчуванняў болю нават пры смяротных дозах".

Я засяроджваюся на тым, што ўсе гэтыя словы, паняцці мне ўжо вядомы. I даўно вядомы. Яшчэ з дзяцінства яны неасэнсавана ўвайшлі ў маю свядомасць, запалі ў памяць, закранулі кожную клетку маёй дзіцячай душы. Я ведаю, што радыяцыя, якую нельга бачыць, мае небяспечную, д'ябальскую сілу. Што яна — страшэнная і магутная сіла, здольная перакрэсліць усё адным махам у жыцці маёй Радзімы, маіх родных і блізкіх людзей.

Зараз на ўроку фізікі я яшчэ раз пераконваюся ў тым, што ўсё гэта так. А вось тады, у чэрвені тысяча дзевяцьсот восемдзесят шостага года, мне багата чаго было незразумелым. Ды і не мог я усё зразумець у свае сем гадоў. Але многае засталося ў памяці назаўжды. Тады я быў у сваёй бабулі з дзядулем у вёсцы Крывяліцк на Краснапольшчыне — радзіме маёй маці. Гэта прыгожае месца знаходзіцца непадалёку ад ракі Сож. Вёску акружае лес. Растуць тут высачэзныя стромкія сосны, бярозы, елкі. Мне асабліва падабаліся сосны, роўныя, высокія, з медна-чырвоным адлівам ствалоў. Я такія дрэвы бачыў толькі на палотнах вядомых мастакоў. Лес цягнецца на некалькі кіламетраў, а за ім рассцілаецца зялёны луг з густой травой, пахучымі кветкамі. Далей віднеецца рака Сож. Мы прыязджалі сюды з дзядулем на кані. Тут сушылі сена, лавілі рыбу. Дзядуля дазваляў мне купацца каля берага.

Вёска вялікая, галоўная вуліца цягнецца амаль на паўтара кіламетра. Шмат новых прыгожых дамоў. Каля школы — скверык, непадалёк расце вярба. Тут жывуць мае дзядуля з бабуляй. У іх вялікая хата, добраўпарадкаваны дворык. За хатай — сад: яблыні, грушы, слівы, кусты парэчак і агрэсту. Пад вокнамі растуць кветкі, якія вельмі любіць бабуля. А далей — садовыя суніцы. Гэты куток вабіць больш за ўсё. Але цяпер бабуля не пускае мяне на градку, кажа, нельга есці ягады. У іх — радыяцыя. Я гляджу праз акно на градку, каб убачыць тую радыяцыю. Дзе яна, якая яна?.. Не відаць. I калі бабуля займаецца сваімі справамі на кухні, я паціху вылажу праз акно і падыходжу да градкі. А вось і ягады. Зрываю адну, аглядваюся, ірву другую, трэцюю і з задавальненнем ем смачныя сунічкі. Бабуля забірае мяне з агарода і усё лаецца на нечыя выдумкі, на нейкі атам...

I вось я імчуся па вуліцы ад сябрука, каб хутчэй расказаць бабулі, што да Сашкавага дома прыехалі нейкія дзядзькі з косамі і скасілі ўсю градку з суніцамі. Прашу бабулю, каб не пускала іх у наш агарод. Бабуля суцяшае мяне. Дзядзькі скасілі, згрэблі і забралі на машыну і нашы сунічкі. Я плачу, са мною плача і бабуля.

Хутка прыязджаюць мае бацькі. Яны забіраюць мяне дадому. А я не магу зразумець, чаму павінен ехаць, калі у мяне канікулы і наперадзе столькі цікавага.

...Ужо тры гады я не быў у вёсцы. Дзядуля сам прыязджае да нас, расказвае пра свае жыццё. Няма ўжо ў дзядулі яго любімага каня Шэрага і каровы Зоркі. Няма і градак каля хаты. Там два разы рабілі дэзактывацыю, здымалі зямлю.

Неўзабаве бабуля з дзядулем вырашылі пераехаць жыць да нас у вёску Нясята, што на Клічаўшчыне. I вось настаў гэты дзень. Вёску Крывяліцк пакідаюць апошнія жыхары. Ужо сабраны невялікія рэчы штодзённага ўжытку, якія можна забраць з сабою. У хату прыйшлі сваякі. Яны ўсе паедуць у Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці.

Колькі гора, роспачы ў словах маіх родных, колькі слёз! Ходзіць і плача па апусцелай хаце бабуля. Здаецца, ніяк не можа зразумець усё да канца мой дзядуля, які ваяваў у час Вялікай Айчыннай вайны і мае ўзнагароды за мужнасць. Дзе ж той вораг, ад якога трэба ўцякаць?

— Навошта ж адсюль ехаць? — разгублена пытаецца ён.

Амаль у непрытомнасці саджаем у машыну бабулю. Развітваюцца родныя і знаёмыя. Наперадзе ў нас шлях па такіх жа апусцелых назаўсёды вёсках. Роўная асфальтаваная дарога бяжыць сярод палёў, паабапал застаюцца стромкія сосны, бярозы, кустоўе вербалоззя. Зусім няма стрэчных машын.

Вось мы пад'язджаем да вялікай вёскі Наваельня. Яшчэ нядаўна прыгожыя хаты глядзяць на нас пустымі вокнамі. Школа, гандлёвы цэнтр, аптэка, бальніца... Робіцца жудасна. Тут няма ніводнага жывога чалавека.

На вуліцах буяюць піжма, крапіва, палын. Мабыць, зямля аддала сваё багацце гэтай горкай траве. Аж да самых Чавусаў мы не сустрэлі на палетках і сенажацях ніводнага статка жывёлы, як раней. Ніхто не спяшаўся ў лес, хоць быў канец верасня. Жудасная цішыня, нават птушак і тых не чуваць. Відаць, і яны кудысьці перасяліліся.

...Вось ужо тры гады жывуць разам з намі бабуля з дзядулем. Самыя частыя словы ў іх гаворцы: "А вось у нас там..." Цяжка старым змірыцца з гэтакім лёсам.

Чарнобыль насоўваецца сваім крылом на кожнага з нас. На Магілёўшчыне ўжо няма кутка, які б не закранула гэта бяда. Клічаўшчына лічыцца адносна чыстай зонай, але толькі адносна. Тутэйшая зямля таксама з "чорнымі плямамі". Мне здаецца, што

Чарнобыль у мяне ў крыві
ў прамым і пераносным сэнсе.

У пачатку 1991 года ў нашай школе была брыгада ўрачоў з Міністэрства аховы здароўя рэспублікі. Яны праводзілі медыцынскі агляд дзяцей. У многіх вучняў павялічана шчытападобная залоза. Выявілі гэту хваробу і ў мяне. Я прайшоў лячэнне ў Клічаўскай паліклініцы. А летам праз фонд "Дзецям Чарнобыля" атрымаў пуцёўку ў піянерскі лагер "Арляня", каля курортнага горада Туапсе на беразе Чорнага мора. Сорак дзён разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з Клічаўскага раёна і іншых мясцін Беларусі я адпачываў у гэтым лагеры. Самаадчуванне і настрой былі добрымі. Але ж болем сціскаецца сэрца, калі думаю аб чарнобыльскай бядзе Радзімы, аб людзях, якія пакутуюць ад гэтай бяды. Што чакае нас у будучым? Нас, сягонняшніх пятнаццаці- шаснаццацігадовых? I душа мая крычыць, крычыць ад болю і роспачы. Трэба зрабіць усё для таго, каб не канчалася жыццё на гэтай зямлі, каб зноў ажылі гарады і вёскі ў радыяцыйнай зоне.

...Вось пра што думалася мне на ўроку фізікі.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-