Будзем чакаць адраджэння
Яшчэ не ацэнена

Неабсяжная сінь высокага неба. Цёплыя, пяшчотныя хвалі Сожа лагодна падкатваюць да берага. Мы, хлапчукі, збіраемся і гуртам з крыкам і гаманой бяжым да ракі. Паветра такое чыстае, здаецца, ніколі яго не нап'ешся ўдосталь. А вось і белакрылай птушкай праплывае па Сожы цеплаход. Мы нешта крычым яму ўслед — і я прачынаюся...

Так, на жаль, гэта быў сон. Такія сны-ўспаміны мне сняцца часта, бо я зараз далёка і ад Сожа, і ад сваёй маленькай радзімы — пасёлка Карма на Гомельшчыне, дзе былі перажыты светлыя, радасныя хвіліны дзяцінства, яднання з прыродай. На жаль, прырода маёй радзімы выклікае зараз не светлыя і радасныя пачуцці, а горыч і боль. Крылом чарнобыльскай бяды накрыла маю Бацькаўшчыну і прымусіла многіх маіх землякоў ратавацца ад гэтай навалы. I мая сям'я вымушана была пакінуць родны дом і шукаць новае месца жыхарства.

Мы ў Вежах. Гэта пасёлак на Случчыне. Ля новых, спецыяльна для нас пабудаваных катэджаў падрастаюць маладзенькія яблынькі. Яны ўквечана сустракаюць кожную вясну. Прыйдзе час, і яблыкі з іхніх галін бязбоязна сарвуць чалавечыя рукі. А на маёй Кармяншчыне яблыкі горкія, бо здзічэла прастора, на якую ўпала "зорка Палын".

Тады, у красавіку 86-га, мне было дзевяць гадоў. I наўрад ці мог я ў такім узросце нешта сур'ёзна ўспрымаць. Але я памятаю трывогу і няўцямнасць, што навіслі над людзьмі. Я памятаю твар мамы, па якім было відаць, што здарылася нешта небяспечнае. Але дзяцей гэта нават радавала, бо нас неўзабаве павезлі на аздараўленне ў Барысаў, а потым — у Крым. I тыя бананы, апельсіны і розныя прысмакі перахапілі і выціснулі з душы ўвесь той страх. Толькі цяпер у свае 17 гадоў я магу ўжо нешта ацэньваць і аналізаваць, бачыць боль і адчуваць рэха тых страшных дзён у кожнай просьбе ў газету: "Людзі добрыя, дапамажыце ў лячэнні адзінага сына...", "Дапамажыце нашай матулі!"

I не толькі з газет даведваемся пра людскі боль, які прынесла чернобыльская катастрофа. Гэты боль тут, побач.

Разам з намі ў пасёлак Вежы пераехала шмат кармянцаў. Сярод іх і Зяньковы — суседзі ў Карме і тут. Гэта сям'я страціла год назад самага дарагога чалавека — маму. Шкада, што не стала такой добрай, жартаўлівай жанчыны. Заўсёды, калі заходзілі да іх, Таццяна Іванаўна пагаворыць, пажартуе з намі. I як горка сёння бачыць засмучаныя вочы майго сябра Сашы Зянькова, I як патрэбна мама Аленцы Зяньковай, якая ходзіць толькі ў шосты клас! Як гром з яснага неба прыйшла вестка, што памёр мой школьны сябар, мой аднафамілец Іван Несцярэнка.

Я думаю, ніякая экзатычная садавіна і гуманітарная дапамога не перакрыюць той боль і тыя слёзы, якія прынёс нам Чарнобыль:

У мутных дэбатах парламент
Топіць запал малады:
Прамоў разліваецца мора,
Ды мала і дзей, і надзей.
I чорнага каменю гора
Не можам спіхнуць мы з грудзей.
Хведар Жычка

Дарэчы, мне пашанцавала разам з іншымі дзецьмі-чарнобыльцамі пабываць за мяжой, у Германіі. Жылі мы недалёка ад Магдэбурга ў нямецкіх сем'ях. Нічога дрэннага, акрамя добразычлівых, цёплых адносін да нас, я ўспомніць не магу ў параўнанні з калючым словам "перасяленцы", якое чуеш тут, у Вежах. Удумаешся ў сэнс слова "перасяленец". Выгнаннік?

Калі нам, маладым, неяк лягчэй прывыкаць да новых мясцін, умоў жыцця, то, гледзячы на сваіх бацькоў і асабліва на бабулю, якая таксама пераехала з намі, я бачу, што жыццё іх як бы разламана на дзве палавіны. Адна — большая, каштоўнейшая — там, у зоне, а другая — тут, дзеля нас, дзяцей. I перад смерцю старыя просяць, каб іх завезлі і пахавалі ў родную зямельку.

Не, не... Часам мне таксама хочацца паехаць у Карму. Там засталіся яшчэ некаторыя сябры, там засталіся ўсе найлепшыя ўспаміны дзяцінства. Я наведваў секцыю па валейболу, любіў свайго трэнера Сяргея Валянцінавіча Малевіча, які зараз з сям'ёй жыве ў Гродне.

Што ж, мы будзем чакаць свайго адраджэння, свайго прасвятлення, бо калі я гляджу на радыяцыйную карту Беларусі, тое месца, дзе стаіць Карма, — чорнае-чорнае, як апёк. А ці пройдзе?

I хочацца верыць, што настане час, калі можна будзе смела працягнуць руку да яблыка, прабегчы па роснай траве, назбіраць спелых суніц.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Як нас знаходзяць
-